Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэчыца: бацькі і настаўнікі супраць узбуйненьня клясаў


У Рэчыцы з 1 верасьня раённы аддзел адукацыі запатрабаваў узбуйніць у школах клясы, каб эканоміць бюджэтныя сродкі. Супраць такога рэфармаваньня выступілі бацькі й настаўнікі.

У сярэдняй школе № 4 запатрабавалі скараціць клясы 31 жніўня — акурат напярэдадні Дня ведаў. Гэта сталася для бацькоў і настаўнікаў сапраўдным громам сярод яснага неба.

Маці аднаго з адзінаццаціклясьнікаў: «Разумееце, гэта — падступства, удар у сьпіну. 31 жніўня, я павінна рыхтавацца да сьвята — Дня ведаў. У майго дзіця сьвяточны настрой: апошні год, выпускная кляса. А раніцай я даведваюся, што ня будзе ні клясы, ні кляснага кіраўніка. Хацелі з трох клясаў зрабіць дзьве».

Бацькі сталі тэлефанаваць у Міністэрства адукацыі, напісалі й прынесьлі заяву ў раённы аддзел адукацыі, патрабуючы спыніць грубае парушэньне правоў дзяцей на нармальную адукацыю, прытрымлівацца існуючых санітарных правілаў пры камплектаваньні клясаў, якія не дазваляюць мець у адной клясе больш як 25 дзяцей.

Незадавальненьне сталі выказваць і настаўнікі: «Раённы аддзел адукацыі заявіў, што будзе эканоміць, таму й скарачае клясы. Будзе сядзець у клясе 27-28 чалавек, а з улікам дзяцей з сацыяльнага прытулку, які побач, — 30 і больш. А што ў клясах партаў бракуе — гэта нікога не цікавіць. А на тое, што ў настаўнікаў вучэбная нагрузка са стаўкі амаль на паўстаўкі ўпала, нам сказалі напісаць заявы, што мы згодны з такой нагрузкай».

Настаўніца матэматыкі дадае: «Такім шляхам вырашылі скараціць бюджэт школаў. Усе, дакладней, амаль усе настаўнікі засталіся без заробку — працы няма нават на стаўку. Уяўляеце, што гэта такое, калі ў чалавека трое дзяцей? Чым іх карміць? Аднаго, другога, трэцяга».

Аддзел адукацыі Рэчыцкага райвыканкаму змушаны быў рэагаваць на пратэсты бацькоў і настаўнікаў. І паколькі начальніца аддзелу Сьвятлана Бадзюля сышла на бальнічны, улагоджваць сытуацыю з райвыканкамам мусіў часовы выканаўца абавязкаў кіраўніка Міхаіл Астапенка: «Вось тут стаяць у мяне людзі, вырашаем гэтую праблему, і, я думаю, мы вырашым яе на карысьць бацькоў».
Яны думалі, што людзі ўсё гэта праглынуць

Увечары 31 жніўня ў школе № 4 сапраўды адбыўся бацькоўскі сход, на якім спадар Астапенка заявіў, што ў сёлетнім навучальным годзе скарачаць клясы ня будуць, хоць такія рэкамэндацыі й паступілі «зьверху».

Бацька аднаго з выпускнікоў школы, вядомы ў рэгіёне праваабаронца Віктар Адзіночанка: «Усё гэта абумоўлена інтарэсамі эканоміі. Яны спасылаюцца на нейкую абласную нараду, у якой браў удзел віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік і выступаў за аб’яднаньне клясаў. І тое, як гэта было зроблена, сьведчыць пра іх няўменьне працаваць — ну як гэта рабіць у апошні дзень? Па-другое, гэта непавага да людзей, у нейкім сэнсе нават нахабства. Яны думалі, што людзі ўсё гэта праглынуць».

У сёлетнім навучальным годзе ў Беларусі агулам зачынілі звыш сотні агульнаадукацыйных школаў. У іх ліку й базавая школка ў вёсцы Сьнядзін Петрыкаўскага раёну. Дзятву выправілі вучыцца на левабярэжжа Прыпяці — у вёску Галубіца, дзе няма інтэрнату, і ў райцэнтар. Настаўнікаў таксама раскідалі каго куды. А некаторыя, як, да прыкладу, Аляксандар Македонскі з дваццацігадовым досьведам пэдагагічнай працы, засталія бяз справы:

«Наўпрост засталіся за бортам. Калі пераяжджаць куды, патрэбна жытло. Школа не дае жыльля. Гэта толькі ў саўгас ісьці — там могуць даць жыльлё».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG