Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацьку вылічаюць перад нараджэньнем дзіцяці


У ЗША зьявіліся тэсты, якія дазваляюць пацьвердзіць або выключыць бацькоўства яшчэ да нараджэньня дзіцяці. Правядзеньне такога тэсту не патрабуе гэтак званай інвазійнай працэдуры, гэта значыць, досьледу тканкі дзіцячага эмбрыёна ў матчыным улоньні.

Тэсты, якія пакуль што ў абмежаваным абсягу прадаюцца дзьвюма амэрыканскімі кампаніямі, аналізуюць фрагмэнты ДНК эмбрыёна, якія знаходзяцца ў крыві маці. Каб пацьвердзіць або выключыць бацькоўства, трэба, зразумела, правесьці яшчэ тэст крыві магчымага бацькі.

Чаму пытаньне пацьвярджэньня або выключэньня бацькоўства на восьмым або дзявятым тыдні цяжарнасьці жанчыны можа мець вялікае значэньне?

У ЗША больш чым палова дзяцей у жанчын да 30 гадоў нараджаецца па-за шлюбам. Далёка не ва ўсіх такіх выпадках жанчыны ўпэўненыя, хто насамрэч зьяўляецца бацькам дзіцяці. Такі тэст, як аргумэнтуе аўтар артыкулу ў International Herald Tribune, мог бы дазволіць жанчыне зрабіць аборт, калі б аказалася, што яна можа мець дзіця ад непажаданага і выпадковага сэксуальнага партнэра.

З другога боку, кажуць юрысты, пацьвярджэньне бацькоўства яшчэ падчас цяжарнасьці магло б зьмяніць юрыдычную сытуацыю цяжарнай жанчыны. У сьвятле амэрыканскага закону незамужняя жанчына, якая чакае дзіця, абавязана сама несьці ўсе кошты і выдаткі, зьвязаныя з народзінамі дзіцяці. Юрыдычнае прызнаньне тэстаў на бацькоўства перад нараджэньнем дзіцяці магло б гэтую сытуацыю зьмяніць радыкальным чынам, разьдзяліўшы фінансавую і маральную адказнасьць за ненароджанае дзіця паміж маці і бацькам.

Пацьвярджэньне або выключэньне бацькоўства ненароджанага дзіцяці пакуль што даволі дарагое — у межах 1000-1500 даляраў за адзін тэст.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG