Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расею ўцякаюць брыгадамі


Больш як 400 працаўнікоў вытворчага аб’яднаньня «Граніт» у Мікашэвічах спрабуюць звольніцца, каб ехаць на заробкі ў Расею. Але кіраўніцтва не падпісвае заявы.

З падобнымі праблемамі сутыкнуліся і многія іншыя прадпрыемствы — асабліва будаўнічай галіны.

Між тым сёньня, выступаючы з пасланьнем, Аляксандар Лукашэнка зноў заявіў, што не баіцца адтоку зь Беларусі кваліфікаваных кадраў. Маўляў, «людзі кінуліся зарабляць за мяжу, калі ў Беларусі былі фінансавыя непаладкі». А цяпер, як мяркуе Лукашэнка, сытуацыя нармалізуецца. Але ці так гэта?


Гомельшчына


Будаўнічыя арганізацыі Гомеля адчуваюць востры недахоп працаўнікоў. Бракуе муляраў, бэтоншчыкаў, арматуршчыкаў, машыністаў малых сродкаў мэханізацыі. Людзі масава звальняюцца з будаўнічых арганізацыяў і зьяжджаюць на працу ў суседнія краіны.

Апавядае прадстаўнік адміністрацыі будаўнічага трэсту № 14:

«На 1 траўня прынята на працу 94 чалавекі, а звольнена — 226. Розьніца — мінус 132. Гэта ўсіх агулам. Па рабочых спэцыяльнасьцях: прынята на 1 траўня 71, звольнена — 175. Атрымліваецца — мінус 104».

Цягам мінулага году будаўнічыя арганізацыі трэсту, якія займаюцца ўзьвядзеньнем жытла й сацыяльных аб’ектаў, недалічыліся блізу 700 рабочых, інжынэраў і тэхнікаў. Большасьць зь іх зьехалі ў Расею.

У трэсьце разумеюць, што зьменшыць адток людзей з будоўляў можна, толькі забясьпечыўшы іх годным заробкам:

«Рабочых людзей мы можам утрымаць пераважна толькі заробкамі. У такіх спэцыялістаў, як муляр, бэтоншчык, тынкар, у прынцыпе нармальны заробак — 4,1–4,3 мільёна. У астатніх, на жаль, горш».

Будаўнічая ўправа № 47, запрашаючы на працу маляроў, тынкароў, мазаічнікаў, прапануе заробак ад двух з паловай да трох мільёнаў рублёў. Два з паловай мільёны ўправа прапануе й галоўнаму энэргетыку.

Падобная сытуацыя і ў будаўнічым трэсьце № 27. Штомесяц тут, паводле зьвестак аддзелу кадраў, страчваюць каля 60 рабочых і інжынэрна-тэхнічных працаўнікоў. Яны звальняюцца і едуць на працу ў Расею:
500 чалавек у Расею зьехалі. У асноўным, канечне, рабочыя. Але вось ужо ў красавіку й траўні і лінейныя інжынэры звальняюцца.

«500 чалавек у Расею зьехалі. У асноўным, канечне, рабочыя. Але вось ужо ў красавіку й траўні і лінейныя інжынэры звальняюцца. У Расеі вялікія заробкі. Там ён атрымае нават за пятнаццаць дзён каля 2 тысяч даляраў».

У трэсьце мяркуюць: спыніць уцёкі будаўнікоў на працу ў суседнія краіны можна, толькі падняўшы заробак прыкладна да 6 мільёнаў рублёў. Але бязь зьмены цяперашняй палітыкі ў будаўнічай галіне гэта немагчыма:

«Уся наша бяда, я вам адкрыта кажу, у палітыцы дзяржавы, якую яна вядзе ў будаўнічай галіне. Кій мае два канцы. Яны ня хочуць, каб будаўніцтва даражэла, і не падымаюць расцэнкі нават на асноўныя працы. Мы на ранейшых расцэнках працуем ужо дзесяць гадоў. Кошт будаўнічых матэрыялаў вырас у разы. Заробак падняць мы ня можам са сваіх рэзэрваў. Будаўніцтва стратнае. Усё залежыць ад заробкаў. Нават калі б мы выйшлі на ўзровень 6 мільёнаў, ніхто б нікуды не паехаў».

Магілёўшчына


На Магілёўшчыне найвастрэй праблема адтоку кадраў стаіць у будаўнічай галіне. Фінансаваньне скарачаецца, разам зь ім — і аб’ёмы будаўніцтва.

Асноўная прычына, якая змушае будаўнікоў зьяжджаць за мяжу, — мізэрныя заробкі на радзіме. У суседнюю Расею едуць цэлымі брыгадамі.

«Сярод маіх знаёмых бальшыня зьехала за мяжу. Усё тут залежыць ад узроўню даходу. Адток скончыцца тады, калі будзе нармальны ўзровень аплаты. Калі чалавек, працуючы на будоўлі — няважна кім, зможа атрымліваць такую колькасьць грошай, каб забясьпечыць сябе і сям’ю — каб сьціпла, але жыць», — зазначае будаўнік Ігар.

Праблему адтоку кадраў прызнаюць і кіраўнікі будаўнічых арганізацыяў. Вось адно з характэрных меркаваньняў:
Дзяржава кожнаму зь іх дала магчымасьць пабудаваць сабе жытло, а калі іх павабілі вялікім кавалкам хлеба, то яны адразу пачалі ўцякаць.

«Існуе сур’ёзны адток кадраў. У Расею, аднак, зьяжджаюць ненадоўга. Хутка вернуцца. Там жа ня дужа добры й лёгкі хлеб. Я лічу, што працаўнікі кепска робяць, што зьяжджаюць. На сёньняшні дзень дзяржава кожнаму зь іх дала магчымасьць пабудаваць сабе жытло, а калі іх павабілі вялікім кавалкам хлеба, то яны адразу пачалі ўцякаць. Яны — слабыя людзі».

А хто становіцца на месца тых, хто зьехаў? — пацікавіўся ў суразмоўцы:

«На дадзены момант ідзе выпуск з вучэльняў, таму замену мы заўжды знойдзем. Але ж вы самі разумееце, што кваліфікацыі выпускнікі ня дужа вялікай. Ну, а што рабіць — даводзіцца вучыць».

Адток высокакваліфікаваных спэцыялістаў адбіваецца на якасьці будаўніцтва. Скаргаў ад уладальнікаў новых кватэраў год ад году становіцца ўсё болей. Гэта прызнаў старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка:

«Будуем кожны год на дваццаць-трыццаць працэнтаў менш жытла, але скаргаў атрымліваем у два разы болей. Дзе ж лёгіка, паважаныя будаўнікі? Крэдытаваньня стала меней. Цэны трымалі, і эканоміка стала горш, і вы пад гэтым агульным прыкрыцьцём, выбачайце мяне, творыце поўную сваволю на сваіх аб’ектах».

Віцебшчына


Гісторыю працоўнай міграцыі з полацкага прадпрыемства «Шкловалакно» апавёў кіраўнік тамтэйшай суполкі Свабоднага прафсаюзу Віктар Стукаў.

«Некалькі гадоў таму прадпрыемства падобнага профілю адчынілася ў Маскоўскай вобласьці. І многія полацкія рабочыя паехалі туды на працу — хто ўладкаваўся стала, а хто езьдзіў падзаробіць, сышоўшы на „родным“ прадпрыемстве ў адпачынак».

Пазалетась расейскае прадпрыемства падкасіў эканамічны крызіс, але завядзёнка езьдзіць у Расею на працу засталася. У пошуках вышэйшых заробкаў за мінулы год «Шкловалакно» пакінулі каля 600 чалавек — гэта сёмая частка ад агульнай колькасьці працаўнікоў, кажа Віктар Стукаў:
Жанчыны ў Маскву едуць прыглядаць за дзецьмі, там па 2 тысячы даляраў атрымліваюць.

«Людзі звальняюцца, і ў нас ужо не хапае людзей! Жанчыны ў Маскву едуць прыглядаць за дзецьмі, там па 2 тысячы даляраў атрымліваюць. А нядаўна ў нас хлопец звольніўся, паехаў у Санкт-Пецярбург. Дык тэлефанаваў і казаў, што там лепей. Хоць бывае, як кажуць, і халодна, і галодна, а ўсё адно — свабода!»

Сярэдні заробак на прадпрыемстве «Шкловалакно» складае каля 350 даляраў і лічыцца па мерках Полацку дастаткова высокім. Але ў Расеі такія грошы можна зарабіць за тыдзень. Таму адміністрацыя больш не шантажуе сваіх работнікаў: маўляў, звольнім, бо на вашае месца стаіць чарга ахвотных. Ахвотных асабліва няма, а тыя, хто застаўся, мусяць рабіць звыш нормы і ў выходныя дні, бо адмыслоўцаў на прадпрыемстве цяпер бракуе.

На прадпрыемстве «Тэхніка сувязі» засталіся працаваць пераважна жанчыны. Мужчыны — у Расеі.

У Барані на прадпрыемстве «Тэхніка сувязі» ўвогуле засталіся працаваць пераважна жанчыны, зазначае кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Васіль Леўчанкаў:

«З Барані шмат хто езьдзіць у Маскву, у Піцер — на будоўлі, ці ў Смаленскую вобласьць — на лесапавал. А жанчыны іх тут чакаюць з грашыма. Скажу нават так: каб наша прадпрыемства было загружана заказамі, каб у нас была праца, то вось і не было б каму да станкоў станавіцца! Каб далі такія заробкі, як у Расеі, дык людзі і пайшлі б за станкі, а калі такая розьніца — хто ж пойдзе!»

Гарадзеншчына


Ад’яжджаючы з Гарадзеншчыны на заробкі, людзі кідаюць ня толькі працоўныя месцы на заводах і ў калгасах, але нават уласны бізнэс.

За апошнія гады на шклозаводзе ў Бярозаўцы, што ў Лідзкім раёне, паводле рабочага, спадара Сяргея, колькасьць рабочых з прычыны нізкіх заробкаў скарацілася амаль удвая. Практычна ўсе зьехалі зарабляць ці ў Расею, ці ў Польшчу:

«Тут на заводзе не было такіх ужо скарачэньняў альбо звальненьняў. Але стварылі такія ўмовы працы, што людзі самі пачалі звальняцца і ад’яжджаць. Людзей стала меней, і яны пачалі зачыняць печы. Вось на дадзены момант засталася меншая палова заводу. І кажуць, што нібыта зьбіраюцца зачыняць яшчэ адну печ, бо нестае працоўных».

Спадар распавядае, што зьяжджаюць ня толькі мужчыны, але і жанчыны, прычым цэлымі кампаніямі. Уладкоўваюцца ў Расеі на самыя розныя прадпрыемствы:
Вось прыедзеш, уладкуесься, выходзіш на працу — і тое самае, што тут: усе знаёмыя.

«Езьдзяць вахтамі, і шмат. На некаторых прадпрыемствах пад Масквой адны бярозаўскія людзі працуюць. Вось прыедзеш, уладкуесься, выходзіш на працу — і тое самае, што тут: усе знаёмыя».

Спадар Васіль з Наваградку распавядае, што ўжо даўно кінуў надзею зарабіць у родным горадзе, робіць вахтавым мэтадам на будоўлі ў Расеі. Кажа, што працаваць там ня соладка, але каля дзьвюх тысяч даляраў за месяц зарабляе. І ўсе ягоныя сябры з заводу працуюць там таксама:

«Мы ў асноўным, беларусы, разам там трымаемся. Праўда, некаторыя там сядзяць гадамі. Вядома, грошы дамоў адсылаюць, часам самі езьдзяць. Але гэта нармальна, бо ў нас такіх грошай нідзе не заробіш, нават каб і хацеў. Таму людзі і едуць туды. Усё ж проста і зразумела».

Прадпрымальнік Сяргей з Наваградку днямі зачыніў сваю прадпрымальніцкую дзейнасьць і сёньня ад’яжджае аж на Камчатку. Едзе адразу 20 чалавек, яны будуць працаваць на заводзе. Вось што ён сказаў з гэтае нагоды:
На заробленыя тут грошы дом не пабудуеш і асабліва не размахнесься. А я яшчэ вучыцца хачу ехаць.

«На заробленыя тут грошы дом не пабудуеш і асабліва не размахнесься. А я яшчэ вучыцца хачу ехаць, на гэта патрэбныя грошы. Трэба канкрэтна падзарабіць, каб плаціць за вучобу і спакойна жыць. А з гэтым ІП трэба пастаянна быць тут і нічога ня мець».

Паводле афіцыйнага ўліку, на беларускім рынку працы ўстойлівым попытам карыстаюцца кіроўцы, сьлесары, швачкі. Сярод спэцыялістаў запатрабаваныя прарабы, інжынэры, лекары. У сельскай мясцовасьці ў дэфіцыце мэханізатары, даяркі, жывёлаводы, вэтэрынары, заатэхнікі. Найменш запатрабаваныя на рынку працы бухгальтары, настаўнікі, эканамісты, юрысты.


Леанід Заіка
Леанід Заіка
Эканаміст Леанід Заіка: «Я і раней прагназаваў, што 2012 год будзе годам пачатку масавай працоўнай міграцыі беларусаў. І гэтая зьява — якраз і адказ на пытаньні, што робіць урад краіны, чаму не атрымліваюцца справы ў апазыцыі? Прычына гэтага агульная — беларуская эліта, як праўладная, так і апазыцыйная, губляе краіну. Эліта не апраўдала спадзяваньняў. І таму народ надалей будзе «галасаваць нагамі» дзеля ўласнага кашалька.

Карэспандэнт: «Вы сказалі, што своеасаблівы дэвіз 2012 году — „Паехалі!“ А што будзе далей?»

Заіка: «Паглядзіце на твары! 2013-ты й 2014-ты — гэта час надыходу пэнсійнага ўзросту Аляксандра Лукашэнкі й ягоных паплечнікаў. Гэта будзе год «вялікіх пэнсіянэраў». Яны будуць забясьпечваць сабе тылы. Аэрадромы. «Залатыя парашуты». У 2013-м будзе ўрэшце заканчвацца ўвесь гэты «рамантычны спэктакль».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG