Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэмія для крытыкаў нялюдзкіх рэжымаў


Вацлаў Гавэл, 1989 год
Вацлаў Гавэл, 1989 год
Паводле афіцыйнага прэс-рэлізу, першая прэмія Вацлава Гаўла «для нязгодных творцаў» будзе ўручаная кітайскаму мастаку Ай Вэйвэю, змагарцы за правы жанчынаў з Савудаўскай Арабіі Мане аль-Шарыф і бірманскай дысыдэнтцы Аун Сан Су Чжы. Сьвяточнае ўганараваньне адбудзецца 9 траўня ў Осла (Нарвэгія) падчас Сусьветнага Форуму Свабоды.

Ініцыятыва належыць Нью-Ёрскаму Фонду правоў чалавека, ідэю падтрымала Дагмар Гаўлава, удава былога прэзыдэнта Чэхіі.

Ай Вэйвэй, мастак з Кітаю, стаў адным з самых вядомых крытыкаў палітыкі кітайскага ўраду. Не жадаючы прымаць палітычнай сыстэмы, якая парушае правы чалавека, ён працягвае дзейнічаць праз сродкі масавай інфармацыі, нягледзячы на затрыманьні, штрафы, перасьлед, і ўвесь час знаходзіцца пад наглядам.

Мана аль-Шарыф, маці і спэцыялістка ў кампутарнай бясьпецы, крытыкавала абмежаваньні для жанчынаў, у прыватнасьці – забарону кіраваць машынай. Яна была арыштаваная, і пасьля магутнай хвалі салідарнасьці яе вызвалілі.

Аун Сан Су Чжы, адна з гераіняў Вацлава Гаўла, вядомая ва ўсім сьвеце, амаль трыццаць гадоў вядзе барацьбу за дэмакратыю ў Бірме. Нядаўна яе выпусьцілі з-пад хатняга арышту і дазволілі правесьці выбарчую кампанію. Яна была абраная ў парлямэнт у Бірме.

Ляўрэаты атрымаюць статуэткі «Багіня дэмакратыі» і падзеляць прэмію 350000 нарвэскіх кронаў.

Цырымонія будзе адбывацца ў межах Сусьветнага форуму свабоды. Беларусь на форуме прадставіць Франак Вячорка, першы стыпэндыят Вацлава Гаўла. Ён будзе весьці рэпартаж зь мерапрыемства для Радыё Свабода.

Стыпэндыя Вацлава Гаўла для журналістаў – гэта сумесны праект Міністэрства замежных спраў Чэскай Рэспублікі і Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG