Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цнота і распуста


У многіх культурах захаваньне цнатлівасьці да шлюбу зьяўляецца прадметам гонару, неаспрэчнай каштоўнасьцю. Хрысьціянства, іслам ды іншыя рэлігіі бласлаўляюць сэксуальны кантакт толькі ў шлюбе.

Страта цнатлівасьці ва ўсе часы была гендэрна афарбаванай: для мужчыны яна асацыявалася з гонарам і сталасьцю, для жанчыны — з сорамам. У наш час культурныя, рэлігійныя, маральныя і гендэрныя ўстаноўкі паступова адыходзяць на другі плян, і моладзь кідаецца ў вір сэксуальных стасункаў з аднолькавым імпэтам.

Першы сэксуальны досьвед — калі, дзе, як і з кім — пакідае выразны адбітак ў памяці і непасрэдна ўплывае на тое, як складзецца інтымнае жыцьцё чалавека ў будучыні.

Калі?

Паводле статыстычных дадзеных, страта цнатлівасьці прыходзіцца ў сярэднім на 18 гадоў. Прыкладна ва ўзросьце 15-19 гадоў арганізм сасьпявае да сэксуальнага кантакту. Аднак не фізыялягічная, а найперш псыхалягічная сталасьць павінна стаць сыгналам да пачатку палавога жыцьця.

Раньняя страта цнатлівасьці сярод дзяўчат можа суправаджацца псыхалягічнымі траўмамі (расчараваньне, крыўда, боль, страх), павышанай рызыкай разьвіцьця запаленчых захворваньняў палавой сфэры, непажаданай цяжарнасьцю, мэханічным пашкоджаньнем палавых органаў праз недастатковую любрыкацыю. Раньні старт можа прывесьці да распусты ў паводзінах, страты каштоўнасьцяў, прастытуцыі.

Аднак і позьняя цнатлівасьць можа мець некаторыя ўскладненьні. Паводле дадзеных унівэрсытэту Калюмбія, сярод асобаў, якія страцілі цнатлівасьць ва ўзросьце 21-23 гадоў, большая доля тых, хто пакутуе на праблемы ў сэксуальных стасунках. Жанчыны з зацягнутай цнатлівасьцю больш схільныя да дэпрэсіі, пэсымізму, рыгіднасьці, інтравэрсіі, трывожнасьці, нізкай самаацэнкі.

Сярод прычынаў позьняй цнатлівасьці, апрача пурытанскага выхаваньня, называецца таксама сэксуальны гвалт у дзіцячым ці падлеткавым узросьце (каля 15,5 % цнатлівак падлягалі гвалту ва ўзросьце 15-19 гадоў, а 9% цярпелі сэксуальны гвалт у больш раньнім узросьце). Прычына можа хавацца ў гомасэксуальных памкненьнях (18,5% цнатлівак маюць выразныя гомаэратычныя схільнасьці).

Такім чынам, позьняя цнатлівасьць не разглядаецца сучаснымі сэксолягамі як нармальная зьява, паколькі зьвязаная з рэгрэсіўнымі зьменамі палавых органаў, разьвіцьцём сэксуальнай дысфункцыі і псыхалягічнымі праблемамі на сэксуальнай глебе.

З кім?

Амэрыканскія сэксолягі на аснове шматлікіх тэстаў і апытаньняў склалі партрэт ідэальнага дэфляратара. Гэта мужчына 32 гадоў, спрактыкаваны і ўважлівы ў сэксе, выхаваны, самастойны, разумны, зграбны, з пачуцьцём гумару і такту, у пасьцелі сэксуальны альтруіст: для яго найважнейшая задача — даставіць асалоду жанчыне, і толькі потым адчуць задавальненьне самому.

Аднак найважнейшым крытэрам у выбары партнэра для першага інтыму ды ўсіх наступных стасункаў мусіць быць асабістая сымпатыя, давер, прыцягненьне і, урэшце, каханьне.

Увесь сакавік на сайце — вынікі апошніх навуковых досьледаў , высновы і парады на тэму «здароўе і сэкс».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG