Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі зноў прыйшлі на малітоўную акцыю на Кастрычніцкай


Каля дзесяці вернікаў прыйшлі 17 лістапада на Кастрычніцкую плошчу ў Менску, каб памаліцца за Беларусь і палітвязьняў. Аднак супрацоўнікі міліцыі дазволілі знаходзіцца на плошчы некалькі хвілінаў.

Удзельніца малітоўнай акцыі Ганна Шапуцька: «Да нас падышлі людзі ў цывільным і сказалі, каб мы тут не маліліся. Яны нам забаранілі маліцца. Мы сказалі, што пачакаем людзей і будзем маліцца падчас хаджэньня па праспэкце. Яны адышлі, сярод іх быў начальнік Цэнтральнага РУУС Радзевіч. Звычайна мы маліліся на плошчы каля сарака хвілінаў. А сёньня толькі хвілінаў дзесяць, а потым маліліся, калі ішлі па праспэкце. Потым наша малітва працягвалася каля Чырвонага касьцёла».

Больш за тыдзень актывісты і вернікі а 19-й зьбіраюцца на Кастрычніцкай плошчы і моляцца на ружанцы за Беларусь і вызваленьне палітвязьняў, а затым ідуць на традыцыйную малітву да Чырвонага касьцёла.

16 лістапада малітоўнікам не далі правесьці малітву. На выхадзе з плошчы затрымалі сем удзельнікаў малітоўнай акцыі. Жанчыны былі адпушчаныя позна ўвечары без складаньня пратаколаў, а прадпрымальніка Алеся Макаева і выпадковага мінака Аляксандра Кальянава адвезьлі ў турму на Акрэсьціна. Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы ўдзельнікаў малітвы за палітзьняволеных Аляксандра Макаева і Аляксандра Кальянава. Абодвух асудзілі на 5 сутак адміністрацыйнага арышту і 5 базавых велічыняў штрафу адпаведна.

Вернікі зьбіраюцца, нягледзячы на гэтыя затрыманьні, штодня ладзіць малітвы за Беларусь і палітвязьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG