Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Турава галадае за права на працу


14 студзеня распачаў галадоўку Міхаіл Козел, жыхар Турава (Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласьці), былы рэдактар мясцовай незалежнай газэты "Вольныя навiны". Такім чынам ён дабіваецца зьняцьця негалоснай забароны на працаўладкаваньне па месцы жыхарства, якое, як ён сьцьвярджае, увялі ўлады.

Пад уціскам КДБ і службовых асоб Жыткавіцкага райвыканкаму яшчэ ў 2008 годзе Козел вымушаны быў адмовіцца ад палітычнай і грамадзкай дзейнасьці. Як паведаміў Міхаіл Козел агенцтву БелаПАН, з 2007 году ён неаднаразова спрабуе ўладкавацца на працу, але пастаянна атрымлівае адмову. Апошняя няўдалая спроба ўладкавацца жывёлаводам на фэрму была зроблена 13 студзеня гэтага году.

Кіраўнікі прадпрыемстваў матывуюць адмову ў працаўладкаваньні немагчымасьцю ўзгадніць кандыдатуру Міхаіла Козела ў ідэалягічным аддзеле Жыткавіцкага райвыканкаму. "20 студзеня летась я таксама спрабаваў уладкавацца, але мяне не ўзялі. У нас усе адзін аднаго ведаюць, наймальнікі глядзяць на мае пашпартныя дадзеныя, вайсковы білет і кажуць: а, гэта той самы бэнээфавец — і адмаўляюць мне", — паведаміў Козел БелаПАНу.

17 студзеня ён зьвярнуўся з просьбай дапамагчы ў працаўладкаваньні да старшыні гарсавету Ігара Міцюрыча. "У адказ на тое, што мне няма за што купіць хлеба, старшыня сказаў, што гэта мае праблемы і што вясной ён сазвоніцца са службай занятасьці", — паведаміў беспрацоўны.

Каля тыдня таму Козел напісаў скаргу ў пракуратуру на негалосную забарону на працаўладкаваньне. Ён мае намер працягваць галадоўку.

Міхаіл Козел – госьць «Начной Свабоды».

Козел: Ведаеце, я ўжо цэлы год не магу працаўладкавацца. Справа ў тым, што я калісьці ўдзельнічаў у выбарах 2006 году на баку Аб'яднаных дэмакратычных сілаў, і ўлады, мабыць, унесьлі мяне ў нейкія сьпісы людзей, якіх непажадана браць на працу. У нас тут таксама ў Тураве беспрацоўная Зеніна Інэса Міхайлаўна. Яна ў адрозьненьне ад мяне мае вышэйшую адукацыю і таксама ня можа працаўладкавацца. А падштурхоўвае мяне тое, што 13 студзеня сёлета я апошні раз спрабаваў працаўладкавацца жывёлаводам у СУП "Каленскае", але мяне туды не ўзялі.

Знаткевіч: Я прачытаў, што вам адмовілі з-за таго, што ваша кандыдатура не прайшла ў ідэалягічным аддзеле Жыткавіцкага райвыканкаму. Гэта праўда?

Козел: Сказалі, але ня гэтым разам, а значна раней. Я тады спрабаваў працаўладкавацца фатографам - мясцоваму відэацэнтру быў патрэбны фатограф, яны далі аб'яву, і я па аб'яве зьвярнуўся да кіраўніка гэтай установы. Ён мне сказаў, што мусіць узгадніць маю кандыдатуру менавіта з ідэалягічным аддзелам Жыткавіцкага райвыканкаму. Ну й зразумела, ён тады яе не ўзгадніў.

Знаткевіч: Дык фатограф - гэта ідэалягічная пасада?

Козел: Ну, кшталту таго...

Знаткевіч: Ці была ўжо нейкая рэакцыя мясцовых уладаў на вашу галадоўку?

Козел: Так, я цяпер знаходжуся ў кантакце з старшынём Тураўскага гарадзкога савету, ён абяцае мне дапамогу, хоць на працягу тыдня ён мне нічога канкрэтнага прапанаваць ня можа. А з другога боку - мне прыйшла позва ў суд за тое, што я не сплаціў падатак на нерухомасьць за мінулы год. А не сплаціў якраз таму, што няма грошай.

Знаткевіч: Вы галадаеце ўжо тыдзень, які стан вашага здароўя? Як вы сябе адчуваеце?

Козел: Даволі нармальна. Я п'ю ваду. Пакуль ніякіх праблемаў не адчуваю.

Знаткевіч: А вы робіце галадоўку пад назіраньнем доктара? Вы кансультаваліся з доктарам перад тым, як пачаць галадоўку?

Козел: Не, спэцыяльна не кансультаваўся, але ў мяне знаёмая доктарка з Жыткавіч, і яна цікавіцца маім станам.

Знаткевіч: Вас аглядалі апошнімі днямі?

Козел: Не.

Знаткевіч: А калі сытуацыя пагоршыцца - вы зьбіраецеся зьвяртацца па мэдычную дапамогу?

Козел: Думаю, што так.

Знаткевіч: А вы сапраўды разьлічваеце на нейкую ўвагу з боку мясцовых уладаў, на нейкую рэальную дапамогу? Ці можна галадоўкай прыцягнуць іх увагу і прымусіць іх штосьці зрабіць, зьмяніць сваю пазыцыю?

Козел: Ведаеце, калі ў вас няма грошай на тое, каб набыць хлеба, вы проста вымушаныя рабіць галадоўку.

Знаткевіч: І ў раёне ў вас няма ніякай магчымасьці працаўладкавацца, бо практычна ўсе працадаўцы будуць вам казаць тое самае?

Козел: Думаю, што так. Я зьвяртаўся па дапамогу ў цэнтар занятасьці пры Жыткавіцкім райвыканкаме, і мне сказалі, што вакансіяў у Тураве няма, ёсьць толькі недзе на раёне. Ну я пагадзіўся і паехаў у тое Кольна.

Знаткевіч: А зь якой фармулёўкай вам там 13 студзеня адмовілі?

Козел: Яны сказалі, што пакуль што браць ня будуць - яны хочуць пачакаць да вясны, а пасьля я магу да іх зьвярнуцца.

Знаткевіч: А перад тым вам казалі, што там вакансія ёсьць?

Козел: Так, мне ў цэнтры занятасьці далі тэлефоны - дырэктара і кіраўніка аддзелу кадраў, і я туды паехаў. Пазычыў грошы і паехаў. І дарэмна...

Знаткевіч: Значыць, да таго, як яны даведаліся, што гэта вы - вакансія была? Вам неяк адкрытым тэкстам сказалі, што гэта зьвязана зь нейкімі вашымі палітычнымі перакананьнямі, з палітычнай дзейнасьцю?

Козел: Не. Яны паглядзелі мае дакумэнты і сказалі, што пакуль яны ўстрымаюцца ад таго, каб мяне ўзяць. І нічога больш не тлумачылі.

Знаткевіч: Вы ў свой час былі рэдактарам незалежнай газэты "Вольныя навіны" ў Тураве. Як атрымалася так, што гэтая газэта больш не выдаецца?

Козел: Пад жорсткім ціскам з боку ідэалягічнага аддзелу Жыткавіцкага райвыканкаму і супрацоўнікаў Петрыкаўскага КДБ. Яны прыяжджалі да мяне дадому і патрабавалі, каб я выдаваў газэту непасрэдна ўзгадняючы кожны нумар зь імі - яны мне будуць даваць тэмы, паказваць што і як рабіць. Я ад гэтага адмовіўся, бо лічу, што ніхто ня можа ціснуць на чалавека, які выдае газэту, на рэдактара.

Знаткевіч: У цяперашняй вашай сытуацыі - калі ад улады ня будзе ніякай рэакцыі, вы плянуеце працягваць галадоўку?

Козел: Думаю, што я ўсё ж буду вымушаны яе спыніць, калі здароўе істотна пагоршыцца. Бо і дактары, і знаёмыя ня раюць мне гэтага рабіць, і раней ня раілі. Думаю, што я проста буду вымушаны зьехаць з гэтай краіны.

Знаткевіч: А ці ведаюць пра вашу галадоўку ня толькі вашы знаёмыя, а наагул людзі ў Тураве?

Козел: Па-рознаму. Ёсьць такія, якія мне казалі, што работы вельмі шмат, што я як апазыцыянэр мушу ня жыць на амэрыканскія даляры, а зьвярнуцца хоць бы ў мясцовы калгас або на якую будоўлю. Я ім кажу, што мяне не бяруць на працу з-за палітычна матываваных прычынаў. Яны паціскаюць плячыма - яны ня вераць. Увогуле ня вераць, што такое можа быць. Здаецца, што тое, што яны бачаць па тэлевізары ці чытаюць у газэтах - і ёсьць той, сьвет, дзе яны жывуць.

Знаткевіч: Ці адчуваеце вы падтрымку з б оку сваіх родных, сяброў?

Козел: Так, вядома. Інэса Міхайлаўна мне вельмі дапамагае і сябры таксама - тэлефануюць і падтрымліваюць сябры зь Менску і мясцовыя жыхары, і з Жыткавіч. У прынцыпе гэта галоўнае ў маёй сытуацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG