Як Эўразьвяз павінен адрэагаваць на перасьлед апазыцыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня? Маргарыта Бальмасэда, прафэсар Хэльсінскага і Гарвардзкага ўнівэрсытэтаў, экспэрт у пытаньнях энэргетычнай палітыкі і карупцыі на постсавецкай прасторы ды ў пытаньнях замежнай і ўнутранай палітыкі Украіны, Беларусі і Расеі лічыць, што эканамічныя санкцыі не зьяўляюцца выйсьцем.
Спадарыня Бальмасэда зьяўляецца аўтарам шматлікіх кніжак і артыкулаў, у тым ліку пра Беларусь: "Independent Belarus: Domestic Determinants, Regional Dynamics and Implications for the West" (2002),"Belarus: oil, gas, transit pipelines and Russian foreign policy" (2006). Цяпер яна рыхтуе да выданьня кніжку "The Politics of Energy Dependency: Ukraine, Belarus and Lithuania Between Domestic Oligarchs and Russian Pressure, 1992-2010".
Maксімюк: Сёньня шмат гаворыцца пра тое, як Эўразьвяз павінен адрэагаваць на перасьлед апазыцыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня. Спадарыня Бальмасэда, калі б вы былі дарадцам спадарыні Кэтрын Эштан, вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ у пытаньнях замежнай палітыкі і палітыкі бясьпекі, што б вы ёй параілі зрабіць адносна Беларусі?
Бальмасэда: Пытаньне санкцый у адносінах Эўразьвязу зь Беларусьсю ўжо мае доўгую гісторыю. Прыгадайма, што гэтыя санкцыі, у той або іншай форме, пачаліся ўжо ў 1996 годзе, пасьля канстытуцыйнага крызісу ў Беларусі. На жаль, няма лёгкага адказу на гэтае пытаньне. І на жаль, я не магу сказаць, што эканамічныя санкцыі былі б ці будуць выхадам з гэтай сытуацыі.
Калі паглядзець на гісторыю гэтых дачыненьняў цьвярозым вокам, дык трэба сказаць, што магчымасьці Эўразьвязу навязаць зьмены ў Беларусі пры дапамозе карных санкцый – абмежаваныя. Гэта датычыць канкрэтна і эканамічных санкцый, якія зьяўляюцца значна больш складаным пытаньнем. Як вы ведаеце, я дасьледую энэргетычныя пытаньні. І вы, відаць, таксама ведаеце, што экспарт нафты і нафтавых прадуктаў складае 25%-35% ад усяго беларускага экспарту.
Эканамічныя санкцыі нанесьлі б вялікую шкоду ўсяму насельніцтву.
Асноўная прычына ў тым, што такія эканамічныя санкцыі нанесьлі б вялікую шкоду ўсяму насельніцтву. Далей, дзяржаўныя СМІ ў Беларусі маглі б падаваць гэтыя санкцыі як аблогу краіны Эўразьвязам, такім чынам паварочваючы грамадзкую думку супраць Эўразьвязу. Ну і яшчэ існуе пагроза, што такія санкцыі толькі падштурхнулі б Беларусь бліжэй да Расеі.
Чаму я кажу ўсё гэта? Я кажу гэта, каб падкрэсьліць, што ў тэорыі эканамічныя санкцыі маглі б аказацца вельмі моцным і эфэктыўным сродкам узьдзеяньня. Але я ня думаю, што з палітычнага гледзішча гэта была б добрая ідэя. На жаль, я лічу, што адзіным шляхам такога ўзьдзеяньня зьяўляецца працяг ціску на Беларусь разам з прапановамі пернікаў, то бок, са спробамі ангажаваць беларускі рэжым. Гэта вельмі сумнае прызнаньне і гэта вельмі змрочная сытуацыя, але я ня думаю, што Эўразьвяз мае магчымасьці зьмяніць сытуацыю ў Беларусі выключна праз санкцыі. Павінны быць санкцыі, павінен быць ціск, трэба вярнуць візавую забарону, але таксама павінна быць пакінутая нейкая магчымасьць для рэжыму працягваць дыялёг з Эўразьвязам.
Я кажу гэта зь цяжкім сэрцам, бо я ж ведаю, што гэткага роду палітыка не дала добрых вынікаў. Гэта значыць, яна прыносіла добрыя вынікі да 8 гадзіны вечара 19 сьнежня, а потым усё рассыпалася.
Я думаю, што ціск на рэжым будзе найбольш эфэктыўны толькі тады, калі беларускаму кіраўніцтву выразна даць зразумець, што, напрыклад, працяг інвэставаньня ў Беларусі і працяг крэдытаў будзе выразна залежаць ад яго паводзін. Але зноў жа падкрэсьлю, што я ня веру, што гэта можна зрабіць толькі аднабаковымі санкцыямі. Тут павінен быць нейкі дыялёг, таму што ў іншым выпадку, на маю думку, рэжым толькі далей адсунецца ад Эўразьвязу.
Maксімюк: Давайце на момант дапусьцім такую тэарэтычную сытуацыю, у якой Эўразьвяз вырашыў увесьці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі. Якія канкрэтна захады Брусэль мог бы зрабіць супраць Менску?
Бальмасэда: Я не экспэрт у заканадаўстве Эўразьвязу, а таму я не магу паручыцца, што ўсё, пра што я скажу, магчыма з заканадаўчага ці нават палітычнага гледзішча. Але Брусэль мог бы паспрабаваць пераканаць сябраў Эўразьвязу, каб яны на нацыянальным
Адзіны шлях - працяг ціску на Беларусь разам з прапановамі пернікаў.
Так што існуе шмат захадаў, якія магчымыя, прынамсі тэарэтычна. Абмінаючы пытаньне эфэктыўнасьці санкцый, пра якую я ўжо гаварыла, трэба таксама паставіць пытаньне іх палітычнай мэтазгоднасьці. На жаль, на маю думку, Эўразьвяз далёкі ад поўнай згоды, як яму паступаць зь Беларусьсю. Так што нават з палітычнага гледзішча было б вельмі цяжка выпрацаваць агульнае становішча адносна эканамічных санкцый супраць Беларусі.
Maксімюк: Мне хочацца паставіць вам яшчэ адно тэарэтычнае пытаньне, у сувязі з экспартам беларускіх нафтавых прадуктаў. На вашу думку, калі б Эўразьвяз увёў забарону на экспарт гэтых прадуктаў Беларусьсю, ці гэта магло б паралізаваць беларускую эканоміку або і ўвогуле яе разваліць?
Бальмасэда: Я не сказала б, што гэта магло б разваліць, але гэта мела б вельмі вялікія наступствы для беларускай эканомікі. Экспарт нафтапрадукатаў – адна з найважнейшых крыніцаў замежнай валюты для беларускай дзяржавы ў апошнія гады. Так што наступствы былі б велізарныя. Але яны таксама залежалі б ад стану беларуска-расейскіх дачыненьняў, ад таго, як яны разьвіваліся б далей. Здольнасьць Беларусі атрымліваць такія велізарныя даходы ад экспарту нафтавых прадуктаў у 2004-2009 гг. была камбінацыяй некалькіх спрыяльных акалічнасьцяў – часткова высокага эўрапейскага попыту на нафтапрадукты, часткова высокіх сусьветных цэнаў на нафту і часткова вельмі асаблівых гандлёвых умоваў з боку Расеі, якія дазвалялі Беларусі мець такі даходны бізнэс. У 2010 годзе мы назіралі іншую карціну, таму што прыбытковасьць гэтага бізнэсу, з увагі на новыя правілы, была абмежаваная. Цяпер мы маем новую сытуацыю, з увагі на дамовы паміж Беларусьсю і Расеяй ад 10 сьнежня, але мы ўсё яшчэ ня ведаем, якая прыбытковасьць будзе ў гэтым бізнэсе ў 2011.
Maксімюк: А ці вы верыце ў існаваньне эканамічных санкцый, якія б'юць па кіраўніцтве краіны і не закранаюць звычайных грамадзянаў? Асабіста для мяне – гэта лягічная супярэчнасьць. Я прыгадваю амэрыканскія эканамічныя
Я спадзяюся, што нейкі дыялёг будзе ўсё ж адноўлены.
Бальмасэда: Гэта зусім магчыма. Гэта адна з прычынаў, чаму эканамічныя санкцыі – такі вельмі праблематычны захад. Гэта адзін з захадаў, якога Эўразьвяз ня хоча выкарыстоўваць у поўнай меры. Я думаю, вы маеце рацыю. Папярэднія захады, якія былі нацэленыя на кіроўную эліту, мелі вельмі абмежаванае ўзьдзеяньне.
Карацей, Эўразьвяз і Захад наагул цяпер аказаліся перад вельмі цяжкім пытаньнем – як цяпер паводзіць сябе ў адносінах да Беларусі. Я спадзяюся, што нейкі дыялёг будзе ўсё ж адноўлены. Гэта выснова, якая даецца вельмі цяжка, бо мы ўсе ведаем, што адбываецца пасьля 19 сьнежня. Але я ня бачу магчымасьці, каб адны санкцыі займелі нейкі моцны ўплыў на Менск.
Не забывайма, аднак, што і Беларусь патрабуе Эўразьвяз, бо, па першае, Эўразьвяз стаў вельмі важным рынкам для беларускага экспарту. Па другое, Беларусь патрабуе Эўразьвяз як процівагу для Расеі. Нягледзячы на дамовы ад 10 сьнежня, беларуска-расейскія адносіны застаюцца вельмі праблематычнымі. Так што мне здаецца, што пасьля пэрыяду моцных заяваў, якія мы чулі цягам апошніх трох тыдняў, мы ўбачым нешта накшталт невялікай гнуткасьці з боку беларускага рэжыму, і я спадзяюся, што Эўразьвяз зможа пакарыстацца ёю.