Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі пра люстрацыю, Лукашэнку, АЭС


5 сьнежня Горадню наведаў кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі, прадстаўнік Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адзін з гарадзенцаў пасьля сустрэчы сказаў яму: “Дзякуй за сьмеласьць і праўду”.

Асноўная сустрэча з выбаршчыкамі адбылася з 10 да 12 гадзінаў у глядзельнай залі абласной філярмоніі. Затым ён накіраваўся на рэчавы рынак Паўднёвы, каб паразмаўляць з прадпрымальнікамі. Была заплянавана яшчэ адна сустрэча. На ранішнюю прыйшлі дзесяткі людзей рознага ўзросту, іх вылучалі годныя твары, жаданьне зьменаў у Беларусі.

Віталь Рымашэўскі выступаў са сцэны, аформленай бел-чырвона-белымі сьцягамі БХД. “Паколькі гэтая ўлада разумее толькі сілу”, ён заклікаў прысутных быць разам, сказаў, што беларусам трэба вучыцца салідарнасьці, вучыцца бараніць адзін аднаго. Ён таксама заклікаў запісвацца ў незалежныя назіральнікі, каб атрымаць магчымасьць назіраць за дзеяньнямі выбарчых камісій. Віталь Рымашэўскі сказаў, што зьвяртаўся да Лукашэнкі, каб той сам дабраахвотна сышоў, папрасіўшы прабачэньня ў людзей…

Кандыдат на прэзыдэнта сказаў гарадзенцам: “Ні Рымашэўскі і ніхто іншы ня зробяць вас шчасьлівымі, пакуль вы ня скажаце: гэта мой горад, чаму ў выканкаме павінны сядзець прызначаныя людзі? Я перакананы, што сярод вас ёсьць шмат людзей, хто больш варты, хто можа бараніць свой родны горад, рабіць добрыя справы. Пакуль вы ня скажаце: гэта мой горад, я буду актыўна займацца палітыкай тут, я буду змагацца за справядлівасьць, я буду бараніць свой горад і тых людзей, якія тут жывуць, да тых часоў нічога ня зьменіцца. Нам трэба змагчы свой страх і сказаць, што гэтая краіна належыць мне, кожнаму з тых, хто сядзіць у гэтай зале. Вось тады мы пераможам і Горадня будзе нашай, і Беларусь”.



Віталь Рымашэўскі атрымаў ад гарадзенцаў мноства пытаньняў, задавалі іх былы палітвязень, пэнсыянэры, будаўнік прараб, настаўніца, мэнэджэр фірмы, студэнт, малады музыкант. З пытаньнямі прыйшлі таксама кіраўнік вэтэранскай арганізацыі, якія пахваліўся, што прадстаўляе дзевяць тысяч чалавек, і пару членаў БРСМ.

Прысутных цікавіла, у прыватнасьці: “Ці ня лічыце, што на плошчы ў Менску 19 сьнежня могуць быць правакацыі і як хочаце абараніцца ад іх?” Правакацыі могуць быць, пагадзіўся кандыдат на прэзыдэнта, іх арганізуюць супрацоўнікі спэцслужбаў, яны прыходзяць у цывільным нападпітку. Будзе створана дружына, каб забясьпечваць парадак, будзе размова з міліцыянтамі напярэдадні. Калі мітынгі людныя, правакацый звычайна мала, таму што правакатары баяцца, калі людзей шмат, зазначыў ён.

Іншае пытаньне — “Ці не зьбіраюцца кандыдаты на прэзыдэнта зрабіць спробу трапіць на лукашэнкаў усенародны сход?” Не, на гэты сход нікога ня пусьцяць, Віталь Рымашэўскі нагадаў, што на мінулых выбарах трапіць туды паспрабаваў Аляксандар Казулін, якога жорстка зьбілі за гэта. Кандыдат на прэзыдэнта нагадаў: “У час гэтага сходу ў сталіцы каля цэнтральнага вакзалу адбудзецца мітынг, на які прыйдуць выбаршчыкі на сустрэчу з кандыдатамі. Гэта будзе альтэрнатыўная сустрэча зь людзьмі, а прарывацца на “хурал” няма сэнсу”. Адзін з тых, хто будзе ўдзельнічаць у “хурале”, прыйшоў на суботнюю сустрэчу з В.Рымашэўскім у Менску і крычаў, што ў Курапатах трэба павырываць усе крыжы. Заля была абурана, зазначыў кандыдат на прэзыдэнта.

“Ці патрэбна ў Беларусі люстрацыя і якім можа быць далейшы лёс А.Лукашэнкі?” Віталь Рымашэўскі адказаў, што ён супраць люстрацыі. Але чыноўнікі, якія зьдзейсьнілі злачынствы, павінны стаць перад судом, зазначыў ён і дадаў: “Я думаю, што ня будзем рабіць для Лукашэнкі выключэньне. Вельмі шмат за гэтыя шаснаццаць год рабілі для яго выключэньняў. Перад законам будуць роўныя ўсе, у тым ліку і ён, як і звычайны грамадзянін за ўсе злачынствы будзе адказваць. А помсьціць? Я супраць помсты. А па закону судзіць будзем”.

Гарадзенцаў цікавіла вострае пытаньне — будаўніцтва АЭС на тэрыторыі вобласьці — у Астравецкім раёне. Адказ з вуснаў кандыдата на прэзыдэнта прагучаў наступны: “Пры сёньняшняй уладзе нам ні ў якім разе нельга будаваць другі Чарнобыль, таму што сёньняшняе будаўніцтва ніхто не кантралюе, і гэта тоіць у сабе небясьпеку другой аварыі. У беларусаў ніхто не спытаў. Ва ўсіх нармальных краінах праводзіцца рэфэрэндум або хаця б у мясцовага насельніцтва пытаюцца: вы згодны ці не? А ў нас па-хамску: ні ў кога не спыталі, у таямніцы ўсё робіцца, без кантролю. Нельга будаваць атамную станцыю пры сёньняшнім рэжыме. У будучыні трэба вельмі добра падумаць — наколькі гэта мэтазгодна?”

Віталь Рымашэўскі і былы палітвязень Аляксандар Васільеў (зьлева)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG