Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісар Фюле сустрэнецца з грамадзянскай супольнасьцю


15 лістапада Беларусь наведае эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і эўрапейскай палітыцы суседзтва Штэфан Фюле, які плянуе сустрэцца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, зь міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым і кіраўніком місіі назіральнікаў АБСЭ Гертам Арэнсам. Таксама спадар Фюле правядзе прэсавую канфэрэнцыю ў гатэлі "Эўропа".

Штэфан Фюле працягвае сэрыю візытаў эўрапейскіх палітыкаў у Менск напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Дагэтуль тут пабывалі прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце, міністры замежных спраў Польшчы і Нямеччыны, а таксама кіраўнік ведамства фэдэральнага канцлера Нямеччыны, міністар па асаблівых даручэньнях Рональд Пафала. Прычым эўракамісар Фюле другі раз запар сёлета наведвае Менск.

У інтэрвію карэспандэнту "Свабоды" намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі распавёў пра мэты візыту:

"Мэта — абмеркаваньне пытаньняў супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, усяго комплексу пытаньняў: эканамічнае супрацоўніцтва, палітычны дыялёг, візавыя пытаньні ды іншыя. Гэта разьвіцьцё дыялёгу, і вельмі добра, што спадар Фюле праяўляе цікавасьць да Беларусі".

Ці магчыма падчас гэтага візыту падпісаньне канкрэтных дакумэнтаў? На гэта спадар Варанецкі сказаў:

"Я ня думаю, што цяпер будзе падпісаньне нейкіх дакумэнтаў. Будзе абмеркаваньне цэлага шэрагу актуальных пытаньняў. Але я ўпэўнены, што такі дыялёг прывядзе да падпісаньня многіх дакумэнтаў, у якіх мы маем патрэбу для разьвіцьця супрацоўніцтва з ЭЗ".

У ліпені спадар Фюле сустрэўся з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і прадстаўнікамі апазыцыі. Ён заявіў журналістам, што скарыстаўся першым афіцыйным візытам у Беларусь, каб нагадаць: павага фундамэнтальных правоў і свабодаў — аснова палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да суседзяў і ключавы фактар разьвіцьця двухбаковых стасункаў. Пра мэту цяперашняга кароткага візыту паведамілі ў прадстаўніцтве Эўракамісіі ў Менску:

"Камісар Фюле прыяжджае ў асноўным для таго, каб сустрэцца з грамадзянскай супольнасьцю. Будзе вялікая сустрэча з грамадзянскай супольнасьцю, зь яе прадстаўнікамі ў Менску".

Палітоляг Андрэй Фёдараў адзначае, што ў сытуацыі пагаршэньня стасункаў з Расеяй беларускія ўлады шукаюць падтрымкі на Захадзе. Але яны гатовы да эканамічнага супрацоўніцтва і ня хочуць рабіць саступак у сфэры дэмакратыі. Апошнія візыты эўрапейцаў у Менск зьвязаныя з выбарамі, адзначае спадар Фёдараў:

"Усё спрабуюць дамагчыся, каб выбары прайшлі хаця б больш-менш адпаведна міжнародным стандартам. Спрабуюць неяк пераканаць беларускае кіраўніцтва, з аднаго боку, а з другога — даведацца пункт гледзішча дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасьці, як гэта адбываецца насамрэч".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG