Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікаў АБСЭ дапусьцяць у памежную зону. А да падліку галасоў?


Місію назіральнікаў АБСЭ на выбарах у Беларусі ў трэці раз узначальвае нямецкі дыплямат Герт Арэнс.
Місію назіральнікаў АБСЭ на выбарах у Беларусі ў трэці раз узначальвае нямецкі дыплямат Герт Арэнс.
Сёньня ў Менск прыбылі сябры місіі доўгатэрміновых назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ на чале з паслом Гертам Арэнсам (Нямеччына). Місія АБСЭ на прэзыдэнцкіх выбарах будзе складацца з 40 доўгатэрміновых і 400 кароткатэрміновых назіральнікаў.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік паведаміў, што ніводная кандыдатура не была адхіленая беларускім бокам і доўгатэрміновым назіральнікам АБСЭ ўжо выпісаныя пасьведчаньні, якія будуць уручаныя падчас сустрэчы са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай 15 лістапада. Сярод першай групы з 13-ці чалавек — прадстаўнікі Грэцыі, Таджыкістану, Баўгарыі, Расеі, Кіргізстану, Ўкраіны, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Вугоршчыны, Польшчы, Грузіі і Малдовы. Таксама няма праблемаў і з рэгістрацыяй 40 назіральнікаў АБСЭ. Чацьвёра зь іх — грамадзяне Расеі. Паводле спадара Лазавіка, у ЦВК ставяцца індыфэрэнтна да складу місіі, бо «галоўнае, як будуць праходзіць выбары»:

+«Задоўга да прыбыцьця місіі АБСЭ мы вырашылі пытаньне з памежным камітэтам аб допуску міжнародных назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі ў памежнай зоне, куды нават беларускім грамадзянам допуск дазваляецца па адмысловым рэглямэнце. Мы ўсе гэтыя рэглямэнтныя працэдуры прыбралі, і міжнародныя назіральнікі могуць дапускацца на ўчасткі для галасаваньня ў памежныя зоны на падставе пасьведчаньня, выдадзенага ў ЦВК».

Місію назіральнікаў АБСЭ на выбарах у Беларусі ў трэці раз узначальвае нямецкі дыплямат Герт Арэнс. Раней ён кіраваў місіямі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году і на парлямэнцкіх — 2008 году. Абодва разы ён заяўляў, што ня можа даць станоўчай ацэнкі мінулым выбарам. Пасьля парлямэнцкіх выбараў ён адзначыў, што «праблема празрыстасьці выбарчай кампаніі» не была вырашаная. Назіральнікі адзначалі, што ў значнай колькасьці выпадкаў ім адмаўлялі ці перашкаджалі ў маніторынгу за падлікам галасоў. Спадар Лазавік адзначыў, што беларускі бок «у пэўнай ступені ставіцца станоўча» да кандыдатуры спадара Арэнса:
Ва ўсялякім разе ён ведае рэальную сытуацыю ў Беларусі і можа ацаніць, што было раней, і як праходзяць выбары цяпер.

«Ён ведае нашу краіну, наша заканадаўства і практыку яго прымяненьня. Ва ўсялякім разе ён можа больш аб’ектыўна ацаніць тыя станоўчыя зьмены, якія ўнесены ў наша заканадаўства і ў практыку прымяненьня гэтага заканадаўства. Так што нас не бянтэжыць, што раней ён быў суаўтарам нэгатыўнай ацэнкі, якую давала місія БДІПЧ АБСЭ. Ва ўсялякім разе ён ведае рэальную сытуацыю ў Беларусі і можа ацаніць, што было раней, і як праходзяць выбары цяпер».

Прадстаўнік Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Енс-Хаген Эшэнбэхер сказаў карэспандэнту «Свабоды», што афіцыйна місія адкрыецца 15 лістапада, і яе прадстаўнікі дадуць прэс-канфэрэнцыю. Таксама ў Менску ў спадара Арэнса адбудзецца сустрэча з эўракамісарам Штэфанам Фюле. Напачатку яны правядуць сустрэчы як з прадстаўнікамі ўладаў, так і апазыцыі.

«Гэта частка нашай працы, што мы сустракаемся з усімі ўдзельнікамі выбарчага працэсу. З тымі, хто арганізуе выбары, але і з прадстаўнікамі палітычных сілаў краіны, мэдыяў, якія вядуць маніторынг выбараў, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці. Яны выслухаюць меркаваньні ўсіх, і гэта будзе часткай аналізу, які будзе скарыстаны спачатку ў прамежкавым дакладзе да дня галасаваньня і потым у выніковым дакладзе пасьля выбараў».

Спадар Эшэнбэхер сказаў, што Бюро АБСЭ загадзя атрымала запрашэньне ад беларускіх уладаў, і місія мела дастаткова часу для падрыхтоўкі. У АБСЭ чакаюць, што з боку беларускіх уладаў ня будзе ніякіх абмежаваньняў для назіраньня за выбарамі. 400 кароткатэрміновых назіральнікаў плянуюць прыехаць у Беларусь для маніторынгу ў дзень галасаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG