Дазвол на жыхарства ў Латвіі ў мужчыны забралі пасьля высновы Службы дзяржаўнай бясьпекі (СДБ) аб тым, што ён можа несьці пагрозу нацыянальнай бясьпецы дзяржавы. Беларус абскардзіў рашэньне ў адміністрацыйным судзе, зазначыўшы, што яно неадпаведнае і што ён ужо доўгі час пастаянна жыве ў Латвіі, стварыў тут сям’ю з грамадзянкай Латвіі і выхоўвае дваіх непаўналетніх дзяцей — грамадзянаў Латвіі, піша Delfi.
І суд першай інстанцыі, і апэляцыйны суд задаволілі заяву, абавязаўшы ўстанову захаваць у сіле і зарэгістраваць дазвол на жыхарства заяўніка, калі выкананыя астатнія ўмовы для ягонай рэгістрацыі.
Пры разглядзе справы сэнат Вярхоўнага суду вызначыў, што апэляцыйны суд слушна прызнаў аспрэчанае рашэньне неадпаведным. Хоць закон аб іміграцыі прадугледжвае, што ў такім выпадку ануляваньне дазволу на жыхарства было абавязковым, сэнат нагадаў, што нават у выпадку абавязковых адміністрацыйных актаў неабходна ацэньваць іх адпаведнасьць, калі выданьне такога акту закранае асноўныя правы чалавека.
Насуперак довадам у касацыйных скаргах, для прызнаньня рашэньня неадпаведным суд не абавязаны быў перш вызначаць, што рашэньне ўстановы было самавольным, бо гэта не абавязковая ўмова для прызнаньня выкліканых ім праўных наступстваў неадпаведнымі — гэтыя абставіны падлягаюць праверцы незалежна адна ад адной.
Акруговы суд належным чынам праверыў, ці прынята рашэньне з выкананьнем прынцыпу адпаведнасьці.
Пасьля праверкі і вывучэньня абставінаў прыняцьця аспрэчанага рашэньня суд не знайшоў дастатковых падставаў лічыць, што грамадзкая выгада ад накладзенага на заяўніка абмежаваньня перавышае шкоду, прычыненую ягонаму праву на асабістае і сямейнае жыцьцё ў выніку ануляваньня дазволу на жыхарства.
У зьвязку з гэтым суд абгрунтавана прыйшоў да высновы, што рашэньне трэба скасаваць. Таму сэнат прызнаў, што няма падставаў зьмяняць рашэньне акруговага суду.
Форум