З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне прыбытак віцебскага радыёзаводу «Маналіт» вырас амаль у шэсьць разоў. Як паказала расьсьледаваньне Свабоды, прадпрыемства, якое з 2011 году належыць расейскім уладальнікам, стала санкцыйным вакном для расейскай «абаронкі» яшчэ з 2014-га. Не патрапіўшы пад заходнія санкцыі, «Маналіт» працягвае пастаўляць абсалютную большасьць сваёй прадукцыі ў Расею.
Расьсьледаваньне зробленае пры дапамозе інфармацыі ад ўкраінскага праекта «Слідство.Info», а таксама «Беларускага расьсьледніцкага цэнтру» .
Вясной гэтага года указам Аляксандра Лукашэнкі за дасягненьні высокіх вынікаў эканамічнага разьвіцьця завод «Маналіт» ужо другі раз запар занесьлі на беларускую Рэспубліканскую дошку гонару. І сапраўды, калі паглядзець справаздачнасьць прадпрыемства, пачынаючы з 2022 года яно паказвае надзвычайныя паказьнікі прыбытку. Як высьветліла Свабода, такі эканамічны цуд можа быць наўпрост зьвязаны з павелічэньнем паставак у Расею.
Дырэктар прадпрыемства Аляксандар Шумахер публічна не хавае таго факта, што абсалютную большасьць сваёй прадукцыі завод «Маналіт» адпраўляў і адпраўляе дагэтуль для расейскай вайсковай прамысловасьці. Нават пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны.
Так, у кастрычніку 2020 года дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «Белта» цытавала Аляксандра Шумахера:
«97% прадукцыі [заводу „Маналіт“ — РС] ідзе на экспарт у Расею. Яе спажывец — вайсковая прамысловасьць.»
У сакавіку 2024 года, пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, газэта Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэта «Віцьбічы» пісала са словаў Шумахера так:
«„Маналіт“ фактычна цалкам завязаны на абслугоўваньні абарона-прамысловага комплексу Расеі, удзельная вага экспарту ў які перавышае 99%».
Старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Субоцін тады ж, у 2024 годзе, адзначаў, што завод працуе «сыстэмна, і ў апошнія два гады паказвае вынік, які «ня можа не задавальняць».
Расейскія ўладальнікі і буйнейшы ў СНД вытворца кандэнсатараў
Віцебскі завод радыёдэталяў «Маналіт» (за часы існаваньня ён некалькі разоў мяняў назву) працуе ў Беларусі з савецкага часу. Асноўная прадукцыя — шматслойныя керамічныя кандэнсатары высокай надзейнасьці.
Кандэнсатар — базавы электронны кампанэнт, які можна сустрэць у розных выглядах амаль на кожнай электронай плаце. Яго асноўная функцыя — захаваньне і перадача за кароткія прамежкі часу электрычнай энэргіі. Часта яго прымяняюць, напрыклад, для згладжваньня перападаў напружаньня, фільтрацыі сыгналаў. Залежна ад тыпу канструкцыі ці матэрыялу, зь якіх яны зробленыя, кандэнсатары маюць розныя электрычныя ёмістасьці і памеры, а таксама ступені надзейнасьці. Сфэра прымяненьня — ад электрачайнікаў да касьмічных караблёў.
Паколькі «Маналіт» вырабляе прадукцыю для вайсковай прамысловасьці, патрабаваньне да іх кандэнсатараў — выключна высокая надзейнасьць і тэрмін службы, які можа дасягаць некалькіх дзесяцігодьдзяў. Гэта становіцца магчымым у тым ліку дзякуючы выкарыстаньню каштоўных мэталічных сплаваў. Такія дэталі вельмі запатрабаваныя ў вайсковай і спэцыяльнай тэхніцы — асабліва цяпер, калі з рынку Расеі і Беларусі з прычыны санкцый сышлі прадукты вядучых заходніх вытворцаў.
Кандэнсатары падзяляюцца па ступені надзейнасьці. На постсавецкай прасторы яскаснымі лічацца дэталі з пазнакамі «ВП» (вайсковая прыёмка), «ОС» (асаблівая сэрыя) і «ОСМ» (асаблівая сэрыя малая). Іх выкарыстоўваюць у тэхніцы, дзе няспраўнасць такога кампанэнта можа прывесьці да крытычных або нават катастрафічных наступстваў. Гэта можа быць ракетная, касмічная, атамная, вайсковая тэхніка. У звычайнай бытавой тэхніцы такія кандэнсатары не прымяняюцца — гэта проста эканамічна немэтазгодна.
У 1970-я–1980-я гады, у часы росквіту савецкай радыэлеткроннай прамысловасьці, віцебскі завод «Маналіт» быў адным з найбуйнейшых вытворцаў керамічных кандэнсатараў у СССР, у тым ліку для вайсковых патрэбаў. Але з распадам Савецкага Саюза і падзеньнем попыту прадпрыемства апынулася ў глыбокім крызісе.
У 1990-я гады «Маналіт» спрабаваў «выцягнуць» за кошт выпуску цывільнай прадукцыі, напрыклад, цеплавэнтылятараў і сушылак для абутку. Але гэта не дало плёну і ў 2009 годзе прадпрыемства было амаль на стадыі ліквідацыі. Улады пераўтварылі яго ў акцыянэрная таварыства. Але інвэстары не знаходзіліся.
У 2011 годзе тагачасны кіраўнік «Маналіта» зьвярнуўся да сваіх наўпроставых канкурэнтаў — расейскага завода «Кулон» з Санкт-Пецярбургу, які таксама займаўся выпускам кандэнсатараў і іншых электронных кампанэнтаў, з «запытам аб дапамозе». У выніку ўладальнікі «Кулону» набылі ў беларускіх уладаў кантрольны пакет акцый «Маналіта» — 51%. Фактычна віцебскі завод стаў расейскім прадрыемствам на тэрыторыі Беларусі.
«Залатыя жыла» імпартазамяшчэньня пры адсутнасьці канкурэнтаў
Расейцы ўклалі грошы і мадэрнізавалі вытворчасьць. Аддачу прадпрыемства пачало прыносіць з ўвядзеньнем санкцыяў супраць Расеі ў 2014 годзе за анэксію Крыму і разьвязаную вайну на Данбасе. Эўразьвяз і ЗША абмежавалі пастаўкі электронных кампанентаў і тэхналёгіяў вайсковага ці двайнога прызначэньня ў Расею, але пры гэтым на Беларусь такія санкцыі не распаўсюджваліся амаль да 2022 года.
У гэты час «Маналіт» фактычна меў доступ да высокатэхналягічнага абсталяваньня і кампанэнтаў з усяго сьвету. І пры гэтым пастаўляў у Расею прадукцыю наўзамен заходняй. «Даведнікі па імпартазамяшчэньні» заходніх кандэнсатараў на віцебскія можна лёгка знайсьці на сайце «Маналіта».
У 2016 годзе ўсе кандэнсатары катэгорыяў «ВП», «ОС» і «ОСМ», што вырабляе «Маналіт», прайшлі расейскую атэстацыю і былі ўключаныя ў перлік «ЭКБ 22.01.2016». Гэта дазволіла іх наўпроставае выкарыстаньне ў Расеі «пры распрацоўцы, мадэрнізацыі, вытворчасьці і эксплюатацыі ўзбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі».
«Па-ранейшаму асноўнымі спажыўцамі прадукцыі „Маналіт“ зьяўляюцца прадпрыемствы абарона-прамысловага комплексу — пераважна з Расеі. Вырабы нашага прадпрыемства выкарыстоўваюцца ў радыёэлектроннай апаратуры для вайсковай, авіяцыйнай, касьмічнай, атамнай і іншай спэцыльныай тэхнікі», – казаў дырэктар завода Акіф Гасымаў ў 2018 годзе.
Больш за тое, расейкія ўладальнікі завода выкарыстоўвалі разьмешчаньне ў Беларусі і адсутнасьць уведзеных супраць Расеі санкцый для здачы часткі тэрыторыі прадпрыемства ў арэнду расейскім кампаніям, якія хацелі такім чынам займець «вакно ў Эўропу».
«Пляцоўка ў Беларусі дае перавагі расейскім прадпрыемствам ня толькі пры экспарце прадукцыі з далёкага замежжа, але і пры закупках з гэтых краінаў, калі кампанія выкарыстоўвае ў сваіх вырабах камплектуючыя і матэрыялы, якія не вырабляюцца ў Расеі», – тлумачыў у 2020 годзе дырэктар завода Аляксандар Шумахер у інтэрвію часопісу «Электроніка». Паводле яго, пад «далёкім замежжам» ён меў на ўвазе пераважна краіны Эўропы.
У тым жа інтэрвію Шумахер прызнаў, што на прадпрыемстве выкарыстоўваюць парашкі з каштоўных мэталаў амэрыканскай вытворчасьці. Гэта кавалак прамовы дырэктара «Маналіта» выразалі з відэа-вэрсіі інтэрвію, але ён застаўся ў яго тэкставым варыянце:
«У вытворчасьці мы прымяняем парашкі на аснове каштоўных мэталаў амэрыканскай кампаніі, аднаго вытворцы з Зеленаграда, а таксама камбіната, разьмешчанага ў Стаўрапалі. Расейскія вытворцы актыўна працуюць над тым, каб іх парашкі не ўступалі па сваіх парамэтрам амэрыканскаму аналагу, але пакуль ім гэтага дасягнуць не ўдалося. Гэта няпростая праца. Спадзяюся, яна скончыцца посьпехам.»
Дырэктар «Маналіта» таксама адзначаў: «У Беларусі іншая сытуацыя, чым у Расеі: на нас не распаўсюджваюцца санкцыі з боку заходніх краін, і мы ня маем праблем з закупкай матэрыялаў у эўрапейскіх і амэрыканскіх кампаній».
Паводле дзяржаўнага агенцтва «БелТА», у 2023 годзе «Маналіт» стаў найбуйнейшым вытворцам кандэнсатараў у краінах СНД, заняўшы палову іх рынку керамічных кандэнсатараў. У навіне падкрэсьлена, што прадукцыя прадпрыемства выкарыстоўваецца ў вайсковай, авіяцынай, касьмічнай і атамнай прамысловасьці Расеі. За свае посьпехі завод ужо другі раз запар трапіў на беларускую рэспубліканскую дошку гонару.
У 2025 годзе «Маналіт» прайшоў расейскую вайсковую сэртыфікацыю па стандарце ГОСТ РВ 0015-002-2020 — абавязковую для арганізацый, што «выканваюць дзяржаўную абаронную замову» ў Расеі.
Кандэнсатары «Маналіта» у ракетах, што абстрэльваюць Украіну
Для таго, каб высьветліць, ці сапраўды прадукцыя віцебскага завода «Маналіт» выкарыстоўваецца для вытворчасьці зброі, якую Расея ўжывае ў вайне супраць Украіны, журналісты ўкраінскага расьсьледніцкага праекту «Слідство.Інфо» зьвярнуліся з афіцыйным запытам у Службу бясьпекі Ўкраіны. Там адказалі, што ведамства ў цяперашні момант вядзе сьледзтва па «спыненьні супрацьпраўнай дзейнасьці, зьвязанай з расейскай вайсковай агрэсіяй»: адкрытыя крымінальныя справы і экспэрты даследуюць кампанэнты знойдзенага ўзбраеньня, дэталі на гэтым этапе не разгалошваюць.
Журналісты праекту «Сьлідство.Інфо» зьвярнуліся таксама да спэцыяліста Галоўнага ўпраўленьня разьведкі Ўкраіны. Ён адказаў, што сьлед «Маналіта» у расейскім узбраеньні можна амаль дакладна апазнаць па кандэнсатары К10-84, які пакуль ня робяць іншыя расейскія прадпрыемствы, такія як «Кулон» і «Гірыконд».
І сапраўды, пры пошуку на расейскіх сайтах па продажы электронных кампанэнтаў у большасьці выпадкаў прапануецца кандэнсатар К10-84 менавіта вытворчасьці заводу «Маналіт».
Паводле спэцыяліста ГУР, такія кандэнсатары шырока выкарыстоўваюцца ў вайсковай радыёэлектроніцы, СВЧ-тэхніцы. Іх можна сустрэць у прадукцыі расейскіх заводаў: «НПП Искра», «ИМЗ», «ОКБ-Планета», «НПП Исток». Напрыклад, у сыстэмах радыёэлектроннай барацьбы і радыёлякацыі такіх, як расейскі комплекс «Зоопарк», а таксама ў радыёлякацыйных галоўках саманавядзеньня ракет тыпу «Камета» (да апошняга часу там знаходзілі пераважна кандэнсатары замежнай вытворчасьці). Той жа спэцыяліст Галоўнага ўпраўленьня разьведкі Украіны адзначыў, што кандэнсатары К10-84, верагодна, менавіта вытворчасьці «Маналіта», знаходзілі ў ракетах С-200 і С-300.
Выкарыстаньне кандэнсатараў вытворчасьці «Маналіта» у расейскім узбраеньні Свабодзе пацьвердзіў украінскі экспэрт у электроніцы — вайсковец Узброеных сілаў Украіны, які пажадаў застацца ананімным.
Ён працуе з рознымі тыпамі электронікі, у тым ліку аналізуе электрычныя платы, знойдзеныя ў аскепках расейскай зброі. Па словах экспэрта, кандэнсатары «Маналіта» ён неаднаразова сустракаў у рознага тыпу ўзбраеньні, у тым ліку ракетах «Іскандэр», «Калібар» і X‑101.
«Сыстэма зьмяненьня паветранага ціску, што выкарыстоўваецца ў ракетах Х-101 — усе кандэнсатары і 80% мікрасхем — беларускай вытворчасьці. Другасная крыніца сілкаваньня, гіраскапічная плятформа, платы блёкаў кіраваньня ракеты „Іскандэр“ 2024 года выпуску — амаль усе кандэнсатары завода „Маналіт“», — кажа суразмоўца.
Экспэрт адзначае, што паводле яго назіраньняў, «Маналіт» вельмі шмат працуе на вайскова-прамысловы комплекс Расеі. Характэрная рыса іх прадукцыі — нізкае ўтрыманьне каштоўных мэталаў. Ён падкрэсьлівае, што якасны кандэнсатар зрабіць няпроста, але ён зьяўляецца асновай любой электроннай схемы.
«У Беларусі засталіся вытворчыя магутнасьці і спэцыялісты. Расея ведае, што мы не можам крануць беларускія заводы», — кажа ўкраінскі экпэрт.
Пастаўшчык Міністэрства абароны Расеі
Як мы ўзгадалі вышэй, сукупны прыбытак віцебскага заводу «Маналіт» за апошнія 8 год значна вырас, а з пачаткам поўнамаштабанай вайны Расеі супраць Украіны ў 2022 павялічыўся амаль у 5,6 разы. Прадпрыемства атрымала за 2024 год каля 20 мільёнаў беларусках рублёў сукупнага прабытку, гэта амаль 6,2 мільёны даляраў. Пры гэтым да 2021 года сукупны прыбытак прадпрыемства скаладаў ня больш за 1,4 мільёны за год.
Сваю прадукцыю завод «Маналіт» пастаўляе ў Расею праз адзінага афіцыйнага дылера — кампанію «Спецэлектронкамплект» ці «СпецЭк», якая ўжо далей наўпрост супрацоўнічае з расейскімі заводамі. Гэты ж дылер супрацоўнічае і з некаторымі іншымі беларускімі прадпрыемствамі: холдынгам «Інтэграл», мінскім прыборабудаўнічым заводам AAТ «МНІПІ» і віцебскім «ВЗЭП-Віцебск», берасьцейскім «Цветатрон», гомельскім ААТ «Электраапаратура».
«Спецэлектронкамплект» — адна з буйнешых у Расеі кампаній па продажы электронных кампанэнтаў для патрэбаў Міністэрства абароны. Яна заключае кантракты з асноўнымі прадпрыемтсвамі расейскага вайскова-прамысловага комплексу і з 1998 года мае сэртыфікат «Другога пастаўшчыка» Міністэрства абароны Расеі.
У 2025 годзе расейскі расьсьледніцкі цэнтр «Дасье» апублікаваў поўны сьпіс прадпрыемстваў, уключаных у закрыты рэестр вайскова-прамысловага комплексу Расеі. Як удакладняюць журналісты, інфармацыя з рэестра не зьяўляецца сакрэтнай, але праходзіць з грыфам «для службовага карыстаньня» і «канфідэнцыйна». У пераліку — і «Спецэлектронкамплект».
З дапамогай журналістаў Беларускага расьсьледніцкага цэнтру Свабода атрымала мытныя дадзеныя па пастаўках віцебскага завода радыёдэталяў «Маналіт» на адрас кампаніі «Спецэлектронкамплект» з кастрычніка 2022 года па сакавік 2025 года. Зь іх вынікае, што за гэты час «Маналіт» адправіў у Расею тавараў на 43 мільёны даляраў.
Асартымент паставак уключае керамічныя шматслаёвыя кандэнсатары, танталавыя кандэнсатары, рэзыстары, награвальныя элемэнты, а таксама шырокі спэктар матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца ў электроннай вытворчасьці: керамічныя ізалятары, тэхналягічныя фарбы, эмалі, глазуры і парашкі. Асноўную частку паставак — прыкладна 96 % ад агульнай сумы — складаюць менавіта керамічныя шматслаёвыя кандэнсатары.
Больш за тое, акрамя продажу праз «Спецэлектронкамплект» «Маналіт» пастаўляе сыравіну для свайго асноўнага ўладальніка — расейскага заводу «Кулон». Паводле інтэрвію камэрцыйнага дырэктара «Кулона» Аляксея Сізікава, апублікаванага ў часопісе «Электроника НТБ» у сакавіку 2023 года, менавіта беларуская кераміка з «Маналіта» зьяўляецца ключавым матэрыялам для вытворчасьці кандэнсатараў на расейскім прадпрыемстве.
Такім чынам, «Маналіт» удзельнічае ня толькі ў пастаўках гатовай прадукцыі, але і забясьпечвае крытычна важную частку ланцужка вытворчасьці кандэнсатараў у Расеі. «Кулон» — адзін з найбуйнейшых вытворцаў пасіўных электронных кампанэнтаў у гэтай краіне. Яго партнэры — ключавыя вытворцы расейскага ўзбраеньня:
- Дзяржкарпарацыя «Ростех» — аб’ядноўвае каля 350 прадпрыемстваў, якія выкончаюць 40% дзяржабаронзаказу Расеі;
- Канцэрн «Алмаз-Антей» — вытворчасьць радыёлакацыйных сыстэм і зэнітна-ракетных комплексаў, такіх як С‑300, С‑400, «Бук‑M2/M3», «Тор» і інш;
- Холдынг «КРЭТ» — сістэмы радэёэлектронай барацьбы і радыёабсталяваньне для авіяцыі;
- «Аб’яднаная авіябудаўнічая кампанія» — выраб асноўных тыпаў вайсковых і грамядзянскіх самалётаў Расеі: Су, Міг, Як, Іл, а таксама стратэгічная авіяцыі;
- Карпарыцыя «Тактычнае ракетнае ўзбраеньне» — вытворчасць тактычных высокадакладных ракет і авіяцыйнага ўзбраення, у тым ліку X101;
- «УралВагонЗавод» — асноўны вытворца расейскіх танкаў;
- «Верталёты Расеі» — вытворца вайсковых расейскіх верталётаў Мі‑8, Мі‑28, Ка‑52, Мі‑35.
Усе гэтыя прадпрыемствы наўпрост удзельнічаюць у вайне Расеі супраць Украіны і робяць асноўныя тыпы ўзбраеньня і ракет.
Заходняе абсталяваньне для расейскай вайны
У сюжэтах і артыкулах дзяржаўных СМІ пра віцебскі завод «Маналіт» можна заўважыць, што на вытворчасьці выкарыстоўваюцца машыны і станкі вядомых заходніх брэндаў.
Значная частка — славенскай кампаніі Keko Equipment. Гэта рознага тыпу ліцьцёвыя ўстаноўкі, машыны для вытворчасьці плёнак, аўтаматы зборачных і кантрольных апэрацый.
На фатаздымках з цэху можна распазнаць індустрыяльныя печы для тэрмаапрацоўкі, зробленыя нямецкай кампаніяй Nabertherm GmbH.
Акрамя таго, на заводзе выкарыстоўваюцца панэлі кіраваньня і маніторынгу ад японскай Pro-face, якая ўваходзіць у склад французскай карпарацыі Schneider Electric. Імі абсталяваныя аўтаматызаваныя лініі, што дазваляе дакладна кантраляваць вытворчы працэс.
У сакавіку 2024 года дырэктар «Маналіта» Аляксандар Шумахер у інтэрвію газэце «Віцьбічы» адзначыў: «Сёньня „Маналіт” падышоў да чарговага этапу маштабных пераўтварэньняў. Замену састарэлага абсталяваньня і тэхналёгій на больш сучасныя завод мае намер выканаць з апорай на падтрымку заснавальнікаў».
І такую мадэрнізацыю ўжо пачаў рэалізоўваць асноўны ўладальнік прадпрыемства — расейскі завод «Кулон».
Адкрытае «санкцыйнае вакно» расейскага ВПК
27 траўня 2023 года, паводле прапановы Службы бясьпекі Ўкраіны, указам прэзыдэнта Ўкраіны №307/2023 супраць віцебскага заводу радыёдэталяў «Маналіт» былі ўведзеныя жорсткія санкцыі.
Паводле рашэньня Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Ўкраіны, прадпрыемства непасрэдна спрыяе ваеннай агрэсіі Расеі і зьяўляецца часткай ланцужка паставак «для абслугоўваньня вайны».
Аднак да гэтага часу «Маналіт» застаецца па-за за санкцыямі з боку Эўразьвязу і ЗША. Завод усё яшчэ патэнцыйна можа мець доступ да заходніх тэхналёгіяў, абсталяваньня і імпартных матэрыялаў, у тым ліку каштоўных амэрыканскіх парашкоў. А ягоная прадукцыя можа трапляць у расейскую зброю, якая амаль штодзённа выкарыстоўваецца для новых атак на Ўкраіну.
З моманту фактычнага пераходу «Маналіта» пад расейскі кантроль у 2011 годзе прадпрыемства стала своеасаблівым «санкцыйным вакном» для расейскага вайскова-прамысловага комплексу. Пры поўнай падтрымцы беларускіх уладаў, на фоне сыходу з расейскага рынку сусьветных вытворцаў электронікі і адсутнасьці паўнавартаснай канкурэнцыі, завод дэманструе рэкордны фінансавы рост. У той самы час, калі ўкраінскія гарады зноў і зноў апынаюцца пад абстрэламі ракет, у якіх знаходзяць электронныя кампанэнты, вырабленыя ў Віцебску.
а
Форум