Храму-крэпасьці, царкве Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы, што ў Мураванцы, пашанцавала значна больш. Хоць храм ня мае анічога супольнага са сваім паштовачным выглядам. У царкву ўпіраецца маленькая вясковая вуліца, дзе палова дамоў ужо нежылыя. Вежы-байніцы ўзвышаюцца па-над шыфэрнымі дахамі паміраючай вёскі. Я прыехаў, калі ў царкве толькі што скончылася служба. Некалькі старэнькіх сялянак нясьпешна выходзілі на двор.
Старыя: «Усё, што хацелі, рабілі. І склад. І лён захоўвалі. Развалілі былі ўвогуле. Пасьля яшчэ і маланка ўдарыла. І гарэла наша царква. Але нямножка падгарэла. Хутка патушылі. Цяпер ходзім, молімся. Як стала ўсё магчыма».
Карэспандэнт: «А сюды, у Мураванку, прыяжджаюць якія турысты?»
Старыя: «Прыяжджаюць. Многа бывае. І далёкія, і блізкія. І вялікія аўтобусы. Часта прыяжджаюць».
Вось з чым сапраўды пашанцавала мураванскай царкве, дык гэта зь неафіцыйным экскурсаводам. Былая настаўніца, жыхарка Мураванкі Алена Рудзінская проста закаханая ў гэтыя муры. Пра храм яна можа распавядаць гадзінамі. І з радасьцю гэта робіць для ўсіх гасьцей Мураванкі. Яна ведае, здаецца, кожную драбніцу гісторыі і кожную цагліну.
Алена: «У нас у храме ёсьць такая цаглінка, якой былі выкладзеныя скляпеньні храма. І нават бачна, адкуль яны былі дастаныя. Цэгла, якая называецца „царская лілея“. Якая сымбалізуе чысьціню і цнатлівасьць Маці Божай. І храм наш асьвечаны ў гонар Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы. Пакажу цаглінку з адбіткам кацінай лапкі. Пакажу вам дахоўкі кавалак, якім быў храм пакрыты. Страха не была раней такой. Пэўна, вы захочаце і на вежы падняцца, каб паглядзець гэта ўсё. У гэтых вежах захаваліся лесьвіцы».
Мне аказалі гонар — далі ўзьняцца на храмавыя вежы. Вузкая вінтавая лесьвіца, складзеная з адшліфаваных за паўтысячагодзьдзя цаглін, прывяла мяне на маленькую пляцоўку, адкуль адкрыўся фантастычны від на навакольныя пагоркі. Самы ляпідарны пэйзаж, калі на яго глядзець скрозь старажытныя байніцы, адразу набывае гістарычны шарм. Асабліва калі ўлічыць, колькі крыві было праліта на гэтых самых прыступках.
Алена: «Многа, што можна расказваць. І пра казакоў, якія ў 1656-м годзе тут былі. Атрад казакоў уварваўся ў храм. У той час храм быў уніяцкі. Толькі таму храм быў разрабаваны казакамі. Нават быў забіты адзін са сьвятароў, Феадосій Баратынскі. У той злашчасны час храм быў абрабаваны два разы. Уніят-базыльянін Раман Рожыца заехаў у Мураванку, напалохаў мясцовых жыхароў тым, што калі казакі зьявяцца, то ўсё могуць забраць. І шмат чаго забраў на сховішча. Да лепшых часоў. Недзе ў базыльян пакінуў. Там і засталося. Лета 1915-га году. Храм ператвораны ў сховішча для палонных. І ўсё найлепшае, і іконы, і пяць званоў, і царкоўныя рэчы былі вывезеныя ў маскоўскую епархіяльную кантору. Як вывезьлі, так і вывезьлі. А алтарную частку пераўтварылі ў зернясховішча. Ікона „Тайная вячэра“ была прастрэленая. Пяць дзірак ад рэвальвэрных стрэлаў».
Настаяцель храма, малады сьвятар Міхаіл Лойка, бачыць галоўную праблему царквы ў яе занядбанасьці. Дарэчы, ня першы раз з прыемнасьцю заўважаю, што ў маладых сьвятароў някепская беларуская мова.
Міхал: «На самой справе існуе такая праблема. Усе гавораць, што трэба нешта рабіць. Што Міністэрства культуры павінна дапамагаць такому помніку. А насамрэч, каб дапамагчы матэрыяльна, такога пакуль няма. На вялікі жаль. Усё толькі на словах. Хоць столькі можна знайсьці інфармацыі пра гэтую царкву ў інтэрнэце і ў даведніках».
Колькі я ні ўглядаўся ў царкоўныя муры, а вялікага заняпаду так і не знайшоў няўзброеным вокам.
Міхал: «Тут сьцены патрабуюць рамонту. Дах. Мы б хацелі, каб царква выглядала гістарычна. Зрабіць дах з дахоўкі. Але каб правесьці дасьледаваньні і гэтак далей, на ўсё гэта патрэбны грошы. А паколькі царква знаходзіцца ў сельскай мясцовасьці, сельскі прыход ня мае такой магчымасьці — зарабіць грошы. Можна многа было б зрабіць, каб ня сорамна было перад турыстамі з Эўропы».
Карэспандэнт: «А з чаго вы выжываеце?»
Міхал: «З малітваў да Бога».
Зрэшты, пасьля шматлікіх скандалаў, зьвязаных з антынавуковай рэстаўрацыяй, пасьля якой беларускія храмы абрастаюць сайдынгамі і залатымі цыбулінамі, такая занядбанасьць мяне зусім не спалохала. Гэтыя сьцены прастаяць яшчэ не адно стагодзьдзе. А дахоўка можа пачакаць свайго навуковага абгрунтаваньня. Зьдзівіла іншае. На менскім бальшаку няма ніводнага турыстычнага ўказальніка, які б прывёў турыста да гэтага шэдэўра. Слова сьвятаровай жонцы Алене, мілавіднай маладой жанчыне.
Алена: «Раней стаяў маленькі ўказальнік. Але ў сувязі з тым, што пашыраюць дарогу, яго зьнялі. І бігборд павінны былі паставіць зьлева ад запраўкі».
Карэспандэнт: «Вы хацелі паставіць бігборд сваімі сіламі?»
Алена: «Нам абяцалі праспансіраваць. Выява храму, фатаздымак. Як дабрацца. Бо шмат хто пятляе. Едуць на адно Мажэйкава. Але дзе нам узяць пяць мільёнаў?»
Карэспандэнт: «Колькі тут адбываецца абрадаў хрышчэньня і адпяваньня?»
Алена: «Тры-чатыры хрышчэньні за год. Раз у месяц адпяваньне».
Маю ўвагу прыцягнула песьня «Касіў Ясь канюшыну», якая разносілася з аднаго з двароў. Сьпявала песьню ва ўсё горла кабета — чуваць было, што крыху пад чаркаю. Я пайшоў на голас і засьпеў дзіўную кампанію з шасьці чалавек рознага полу і ўзросту. Але аб’яднаных шляхетнай ідэяй правесьці гэты вечар не дарэмна. Мяркуючы па некалькі пустых бутэльках, вечар толькі пачынаўся. Барматуха ўжо дадала душэўнага спакою і яшчэ не прышчапіла агрэсіўнасьці. Зайшоў я недарэмна. Бо мне распавялі дзіўную і таямнічую гісторыю, якая днямі здарылася ў навакольлі.
Дзяўчына: «Вы ведаеце, што ў Лідзе дажынкі будуць?»
Кабета: «Кажуць, што Лукашэнку заб’юць на …»
Карэспандэнт: «Хто сказаў?»
Кабета: «Дзедушка стары».
Карэспандэнт: «Усявідзяшчы?»
Дзяўчына: «Ведаеце што, калі чэсна? Як было. Дзяўчаты ехалі прадаваць у Менск машыну. Стаяў дзядуля на папуткі. Спыніліся. Сеў гэты дзядуля. І сам, яны нічога зь яго не выпытвалі — сам сказаў: „Дзевачкі. Машыну ў вас сёньня ніхто ня купіць. Дамоў будзеце ехаць, будзе вялікая бяда. А „Дажынкі“ будуць апошнія ў жыцьці. І будзе многа загінулых у Лідзе“. Яны ехалі, гэтыя дзевачкі, дамоў, у іх машыну ніхто не купіў. Стаіць мужчына на папуткі. Яны пасадзілі яго да сябе. Толькі азірнуліся, куды яго везьці, а ён ужо нежывы».
Кабета: «Людзі ў Лідзе. Я веру і ня веру. Уся Ліда гаворыць. Апошнія дажынкі і апошняя яго дарога. А за што яго ўбіраць? Нейкія гады могуць. Можа, гэта прыдумана? Хто знае…»
Я паабяцаў бяседнікам, што абавязкова перадам прэзыдэнту пра тую небясьпеку, якая чакае яго на «Дажынках». Што, зрэшты, зараз і раблю. Але вернемся пад скляпеньні храму. Дзе Алена Рудзінская знайшла для мяне асабліва дарагі ёй экспанат.
Рудзінская: «Вось цэгла-пальчатка. Уручную рабілася. На паветры сушылася, і вось кошачка прайшлася. А на алтарнай частцы ёсьць шмат адбіткаў чалавечых пальцаў. Прывітаньне зь мінулых стагодзьдзяў. Нас віталі нашы продкі. У ногі трэба кланяцца, што такі храм збудавалі. А мы вось думаем, як яго зьберагчы».
Храм, якія выстаяў падчас казацкага рабунку, храм, які перажыў гарматны абстрэл Карла 12-га, храм, які захаваўся падчас савецкай барацьбы з Богам, мае ўсе шанцы дачакацца навуковай, пісьменнай і зь любоўю зробленай рэстаўрацыі. Сёньня пра яго ёсьць каму клапаціцца.