Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хашчавацкі: “Увесь калючы дрот можна завесьці пад лобныя долі мозгу”


Юры Хашчавацкі
Юры Хашчавацкі

Сёньня ў сядзібе партыі БНФ прайшоў інфармацыйны паказ новага дакумэнтьальнага фільма «Лабатамія» Юрыя Хашчавацкага. Хашчавацкі — аўтар трох дзесяткаў дакумэнтальных стужак, ляўрэат міжнародных фэстываляў, у тым ліку фэстываляў праваабарончага кіно. Новая стужка вядомага рэжысэра прысьвечана дзейнасьці расейскіх сродкаў масавай інфармацыі падчас і пасьля ваеннага канфлікту вакол Паўднёвай Асэтыі.


Лабатамія — тэрмін мэдычны. Гэта выдаленьне долей мозгу, адказных за самаасэнсаваньне і прыняцьце рашэньняў. Гэта форма псыхахірургіі. Працэдуры часьцяком прыводзяць да велізарных зьменаў асобы і, магчыма, разумовай непаўнавартаснасьці. Аўтар сцэнару і рэжысэр Юры Хашчавацкі кажа:

«Ужо ня трэба будаваць канцлягеры, ня трэба разматваць калючы дрот кілямэтрамі. Увесь калючы дрот можна завесьці сюды, пад лобныя долі мозгу людзей. Але ім можна так прамыць мазгі, што яны ўжо ня будуць уяўляць, што ёсьць праўда, а што — мана, цалкам іх заблытаць».

Палутарагадзінная карціна «Лабатамія» прысьвечана дзейнасьці расейскіх сродкаў масавай інфармацыі падчас і пасьля ваеннага канфлікту вакол Паўднёвай Асэтыі. Але фільм больш масштабны: тут і дакумэнтальныя кадры зь Вільні — танкі каля тэлецэнтру 13 студзеня 1991году, і першы разгон шэсьця на Дзяды ў Менску 30 кастрычніка 1988 году, і крывавыя падзеі ў Тбілісі 8 красавіка 1989-га, калі супраць мірнага насельніцтва былі ўжытыя сапёрныя рыдлёўкі.

Сярод герояў фільму — і расейская эліта: Уладзімер Пуцін, Мядзьведзеў, Лужкоў з жонкай-мільярдэркай Аленай Батурынай, Ігар Сечын, Уладзіслаў Суркоў, і ахвяры: палітвязянь Міхаіл Хадаркоўскі, забітыя журналісты Ганна Паліткоўская, Пол Хлебнікаў.

Фармаваньне нацыянальнай ідэі Расеі аўтар фільму трактуе як трыяду: патрыярхальнае «крадуць», пра якое казаў яшчэ Карамзін, зь вечна савецкім «ухваляем» і пуцінскім «мачыць у сарціры». Надзвычай сьмелыя і цікавыя камэнтары расейскай журналісткі Юліі Латынінай, ваеннага аналітыка Паўла Фэльгенгаўэра, Барыса Нямцова. Пранікнёныя дакумэнтальныя кадры з Цхінвалу, Горы, Тбілісі.


Кінакрытык Андрэй Расінскі такім чынам ахарактарызаваў фільм:

«Каштоўны дакумэнт, вельмі каштоўны дакумэнт эпохі. Тут прыходзілася выбіраць паміж дакумэнтальнасьцю і мастацтвам. Быў зроблены акцэнт, каб у фільме была максымальная колькасьць дакумэнтальных сьведчаньняў, якіх мы раней ня бачылі, абсалютна ўнікальных. І дакумэнт дзейнічае мацней за іншыя рэчы.

А вось меркаваньне звычайнага гледача, Яўгена Гучка:

«Фільм, безумоўна, цікавы, але, мне здаецца, сёньня трэба ісьці ўжо глыбей у праблему. Тут праблема стаіць: рускія і Грузія, рускія і свабода. Я лічу, што тут праблему трэба ставіць у антрапалягічным, так бы мовіць, ключы. Я тут хачу пацытаваць расейскага паэта Ясеніна, які сказаў пра Русь: „Нет! таких не подмять, не рассеять. Бесшабашность им гнилью дана. Ты, Рассея моя... Рас... сея...Азиатская сторона!“ Вось гэта азіяччына ў іх выпірае...»


Сам аўтар Юры Хашчавацкі лічыць, што фільм гэты ўсё ж не пра вайну, а менавіта пра прапаганду, пра людзей, якія ажыцьцяўляюць гэтую прапаганду, пра тое, як падаюцца ў расейскіх СМІ падзеі. Парадаксальны факт: за асьвятленьне грузіна-асэтынскага канфлікту ў жніўні 2008 года было ўзнагароджана баявымі мэдалямі, граматамі і каштоўнымі падарункамі больш журналістаў, чым ўдзельнікаў баявых дзеяньняў, прычым праходзіла гэта ў Крамлі, урачыста і пампэзна.

Юры Хашчавацкі пасьля паказу фільму адказаў на шмат пытаньняў. І падкрэсьліў, што ні ў якім разе ня лічыць гэты фільм антырасейскім. Гэта пратэст супраць бяздарнай, несумленнай, крымінальнай вярхушкі, улады, якая робіць, што хоча. На шырокі паказ у вялікіх залях аўтар не разьлічвае. Але яго хутка можна будзе спампаваць у сеціве. І ў самы бліжэйшы час яго пакажуць на канале «Белсат».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG