Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як “зьесьці” Кіргізстан?



Крэмль у Кіргізстане, мабыць, адкусіў больш, чым цяпер можа пражаваць — піша сёньня брытанская газэта “Guardian”. Зьмена ўлады ў Кіргізстане і далейшы лёс гэтай сярэднеазіяцкай рэспублікі застаюцца ў цэнтры ўвагі СМІ.

Расея можа пашкадаваць аб кіргіскім перавароце


Паводле “Guardian”, сёньня ўжо ніхто ня мае сумневу, што Масква адыграла ключавую ролю ў адхіленьні прэзыдэнта Бакіева ад улады ў Бішкеку. Выданьне прыгадвае, што за некалькі месяцаў перад пераваротам Крэмль спыніў фінансавую падтрымку Бакіеву, расейскамоўныя тэлевізійныя каналы і сайты пачалі публікаваць матэрыялы пра меркаваныя злачынствы прэзыдэнта Кіргізіі, Расея павысіла цэны на энэрганосьбіты, а кіргіскіх апанэнтаў Бакіева сталі прымаць у афіцыйных колах у Маскве.

Але цяпер, падкрэсьлівае газэта, у Крамлі пачынаюць чухаць галаву над тым, што рабіць далей з Кіргізстанам. Краіне пагражае анархія, якую прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў нядаўна акрэсьліў назвай “другога Аўганістану”. Мала таго, у Кіргізстане можа наступіць абвастрэньне міжэтнічнай сытуацыі і выбух гвалтоўных міжэтнічных канфліктаў, падаграваных ісламскім радыкалізмам. І пакуль невядома, піша газэта, ці кіраўнік часовай улады ў Кіргізстане Роза Атунбаева, якую Крэмль афіцыйна падтрымлівае, пагодзіцца выконваць усе пажаданьні Масквы і “выкіне амэрыканцаў з базы ў Манасе”.

“Хутчэй за ўсё, ня дойдзе да наўпроставага вайсковага ўмяшаньня Расеі. Але адваротны, непрывабны бок вельмі ўжо хітрага кіргіскага перавароту становіцца ўсё больш відавочны для Крамля”, – робіць выснову “Guardian”.

Ці Кіргізстан не перастане існаваць?

Над такім пытаньнем разважае амэрыканскі аналітык Пол Гобл у сёньняшнім выданьні “Moscow Times”.

Гобл у сваім артыкуле прыводзіць меркаваньні тых расейскіх назіральнікаў і палітычных экспэртаў, якія падкрэсьліваюць, што часовы ўрад Розы Атунбаевай поўнасьцю не кантралюе сытуацыі ў Кіргізстане і, больш за тое, пачынае паволі страчваць кантроль над той часткай краіны, якая яму дагэтуль падпарадкоўвалася.

“Зусім магчыма, што наступіць дзень, калі тэрыторыя Кіргізстану ператворыцца ў крыніцу нестабільнасьці ў рэгіёне, і міжнародная супольнасьць разгледзіць пытаньне расчляненьня краіны”, — Гобл цытуе аналітыка Аляксандра Князева з расейскага Інстытуту краін СНД.

Князеў не сказаў, якім чынам можна было б “расчляніць” Кіргізстан, але дадаў, што ў гэтым у першую чаргу былі б зацікаўленыя суседзі Кіргізстану — Расея, Казахстан, Таджыкістан, Узбэкістан і Кітай, якія ня хочуць “новага Аўганістану” ў сваім суседзтве.

Гобл таксама прыгадвае, што “Комсомольская правда” нядаўна апублікавала матэрыял з аргумэнтамі “за” і “супраць” далучэньня Кіргізстану да Расеі.

Адным з наймацнейшых аргумэнтаў на карысьць такога сцэнару, паводле Гобла, зьяўляецца боязь Масквы, што падобнае далучэньне раней мог бы зьдзейсьніць Кітай, насельніцтва якога й не заўважыць дадатку зь “пяці мільёнаў кіргізаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG