Першыя паведамленьні аб прэсавай канфэрэнцыі Курманбека Бакіева зьявіліся літаральна за гадзіну да яе пачатку, і толькі ў апошнія хвіліны стала дакладна вядома месца правядзеньня — Выканаўчы камітэт СНД. Некалькі дзясяткаў журналістаў дзяржаўных і апазыцыйных СМІ, якія зьявіліся на ўваходзе ў будынак у прызначаны час, у канфэрэнц-залю прапускалі паводле сьпісу і жывой чаргі, нават без папярэдняй акрэдытацыі. Абавязковы праход праз рамку-мэталашукальнік і кантроль відэа- і фотаапаратуры гэтым разам быў узмоцнены прысутнасьцю ахоўніка з сабакам. У канфэрэнц-залі супрацоўнікаў амбасады Кіргізстану не было, а прадстаўнік аховы заявіў журналістам наступнае:
ні ў якім разе не правакаваць супрацоўнікаў службы бясьпекі на адэкватныя меры ў адказ ...
"У адпаведнасьці зь міжнароднымі пагадненьнямі і законамі Рэспублікі Беларусь, спадар Бакіеў знаходзіцца на беларускай зямлі пад абаронай службы бясьпекі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Калі вызначаны фармат мерапрыемства, то давайце яго выконваць. Я вас папрашу: ні ў якім разе не правакаваць супрацоўнікаў службы бясьпекі на адэкватныя меры ў адказ".
Пра патрэбу "захоўваць фармат мерапрыемства" ахоўнікі папярэдзілі журналістаў некалькі разоў, аж пакуль не ўсталявалася дзьвюххвілінная цішыня. І толькі тады да прысутных выйшаў адхілены ад улады прэзыдэнт Кіргізстану. Арганізатары сустрэчы ад Нацыянальнага прэс-цэнтру заявілі, што Курманбек Бакіеў выступіць з заявай, якая не прадугледжвае пытаньняў журналістаў. Курманбек Бакіеў агучыў наступнае:
Няма сілы, якая прымусіць адмовіцца мяне ад клятвы прэзыдэнта. Толькі сьмерць спыніць мяне ...
"Я заяўляю наступнае: я не прызнаю сваю адстаўку. Няма сілы, якая прымусіць адмовіцца мяне ад клятвы прэзыдэнта. Толькі сьмерць спыніць мяне. Усе павінны ведаць, што бандыты, якія спрабуюць захапіць уладу, ня маюць ніякай легітымнасьці. Я хачу, каб кожны грамадзянін Кіргізстану разумеў, што, выконваючы загады банды, ён ставіць сябе па-за законам. Пакараньне за злачынствы будзе немінучым. Я заклікаю лідэраў міжнароднай супольнасьці: не прызнавайце банду легітымнай уладай".
Пасьля таго як Курманбек Бакіеў пакінуў залю, супрацоўнікі аховы загадалі журналістам яшчэ некалькі хвілінаў заставацца на месцах.
Заяву Курманбека Бакіева ў Менску палітоляг Аляксандар Класкоўскі пракамэнтаваў гэтак:
"Сёньняшнія заявы Бакіева пасьля таго, як раней ён нібыта адрокся ад улады, — яны падліваюць алею ў агонь супрацьстаяньня ў Кіргізстане і ўсім гэтым выбухованебясьпечным рэгіёне. І натуральна, калі Лукашэнка заявіў, што ён не баіцца нейкай рэакцыі часовага ўраду ў Кіргізстане, то рэакцыя Масквы тут можа быць вельмі хваравітая. Бо Крэмль адразу і недвухсэнсоўна даў зразумець, што ён падтрымлівае часовы ўрад, і раптам высьвятляецца, што тут такія "завіхрэньні" неспадзяваныя. Таму, я думаю, зараз будзе даволі напружанае высьвятленьне адносінаў паміж Масквой і Менскам".