МАГІЛЁЎШЧЫНА
Чыноўнікі не даюць пакуль зьвестак пра склад участковых камісіяў
На Магілёўшчыне, паводле афіцыйнай інфармацыі, участковыя камісіі ўжо сфармаваныя.
На гэты час дакладна вядома, што ў 830 камісіях будуць працаваць 9 258 чалавек. Колькі зь іх апазыцыянэраў — невядома. У райвыканкамах заяўляюць, што пратаколы пасяджэньняў, на якіх зацьвярджаліся камісіі, яшчэ не апрацаваныя.
Увесь сёньняшні дзень у Магілёве высьвятляў, ці патрапілі ва ўчастковыя камісіі сябры абласной арганізацыі руху БНФ “Адраджэньне”, яе старшыня Зьміцер Салаўёў. Ён сьцьвярджае, што азнаёміцца з пастановай аб фармаваньні камісіяў у адміністрацыях раёнаў абласнога цэнтру яму не далі:
“Адзінае, што мне ўдалося высьветліць, — што ніводнага прадстаўніка ад грамадзкага аб’яднаньня “БНФ “Адраджэньне” ў камісіі не прайшло”.
Рух “БНФ “Адраджэньне” ў Магілёве вылучаў у камісіі 21 свайго прадстаўніка. Пра іншых апазыцыянэраў, якія маюць ахвоту папрацаваць на ўчастках, чыноўнікі зьвестак не даюць. Кажуць, што апублікуюць у афіцыйнай прэсе.
У Бабруйску ў склад камісіяў не патрапіў ніводзін прадстаўнік апазыцыі
З Бабруйску толькі што паведамілі, што ў склад участковых камісіяў не патрапіў ніводзін прадстаўнік апазыцыі. Чыноўнікі патлумачылі, што яны нібыта аддавалі перавагу тым кандыдатурам, якія мелі досьвед працы ў камісіях раней.
Адрапартаваў старшыня абласной выбарчай камісіі Валеры Берастаў:
“Высокую актыўнасьць праявілі палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні. 27,4 працэнты ад усіх вылучэнцаў у склад участковых камісіяў — гэта прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў”.
ПІНСК
Вылучэнец Партыі БНФ апынуўся без падтрымкі
Да гэтага часу ў Пінску таксама адбылося паседжаньне гарвыканкаму дзеля вызначэньня складу ўчастковых камісіяў. На сувязь са “Свабодай” выйшаў прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў ад Партыі БНФ Аляксандар Рамановіч.
“Паседжаньне прайшло вельмі хуценька, цягам 5—7 хвілінаў. Зачыталі загадзя напісанае рашэньне. На жаль, нікога з нашых вылучэнцаў, на якіх мы падавалі дакумэнты, не ўключылі менавіта ў тыя дзьве ўчастковыя камісіі, прэтэндэнтаў у якія мы рыхтавалі ад Партыі БНФ”.
ГАРАДЗЕНШЧЫНА
У Сьвіслачы найлепшыя вынікі ў БСДГ
На Гарадзеншчыне фармаваньне ўчастковых камісіяў мае ў кожным рэгіёне свае асаблівасьці.
У Астраўцы з чатырох вылучаных сябраў АГП ва ўчастковыя камісіі нікога не ўключылі. Прычым, са слоў актывіста Івана Крука, нават не сказалі, у які час будзе адбывацца фармаваньне камісіяў.
Сёньня высьветлілася, што ўлады ўжо правялі паседжаньне, а з раніцы сказалі Івану Круку, што яго і Міколу Ўласевіча не ўключылі, бо, маўляў, “вы зьбіраецеся балятавацца ў кандыдаты”.
Крук: “Крыўдна, вядома. Абяцалі лібэралізацыю, што і ад партый людзі змогуць удзельнічаць, а насамрэч атрымліваецца, што гэта звычайны падман”.
Сьпіс участковых камісіяў надрукуюць толькі празь сем дзён
У Сьвіслачы, наадварот, прадстаўнікі БСДГ задаволеныя фармаваньнем участковых камісіяў, бо зь сямі іхніх вылучэнцаў уключаныя ўсе.
Кажа мясцовы актывіст Віктар Дзясяцік, які прысутнічаў на паседжаньні выканкаму.
Дзясяцік: “Ва ўчастковыя камісіі ўключылі ўсе 7 кандыдатур, якія мы падавалі. Чатыры ў нас былі як вылучэнцы БСДГ, і траіх вылучалі шляхам збору подпісаў. Выдатна ўсё прайшло”.
Іван Шэга, кіраўнік Слонімскай арганізацыі БНФ, з паседжаньня камісіі выйшаў незадаволены: маўляў, не назвалі нікога, каго ўключылі ў камісіі, а толькі зачыталі колькасьць па кожным участку і дзе ён будзе месьціцца.
Паабяцалі, што прозьвішчы сябраў камісіі можна будзе прачытаць у раённай газэце праз 7 дзён. Аднак, са слоў Шэгі, яго насьцярожыла адно выступленьне, у якім рабіліся нэгатыўныя закіды менавіта да вылучэнцаў ад ягонай партыі. А іх усяго 25.
Шэга: “Карацей, я зразумеў, што нашых людзей яны ўключаць ня будуць — можа, толькі некалькі чалавек. Закідалі, што некаторыя з нашых вылучэнцаў былі пад адміністрацыйнымі справамі. Але ў нас амаль кожны апазыцыянэр пад імі быў, бо інакш які гэта апазыцыянэр? Вось такія пакуль справы”.
Нагадаю, што кіраўнік слонімскай структуры БНФ Іван Шэга ўжо неаднойчы заяўляў: калі іх сябраў ня ўключаць ва ўчастковыя камісіі, яны будуць байкатаваць выбары.
ВІЦЕБШЧЫНА
Чыноўнікі чыняць незразумелыя апазыцыі перашкоды
Кіраўнік віцебскай грамадзкай арганізацыі “Самакіраваньне і грамадзтва” Хрыстафор Жаляпаў атрымаў лісты з наваполацкага гарадзкога і гарадоцкага раённага выканкамаў. Чыноўнікі запатрабавалі пацьвярджэньня, ці зьяўляюцца чацьвёра прэтэндэнтаў, вылучаных у склад участковых камісій, сябрамі гэтай арганізацыі.
Спадар Жаляпаў лічыць патрабаваньне нонсэнсам: дакумэнт пра вылучэньне сябраў “Самакіраваньня і грамадзтва” завераны пячаткай, дый проста дзіўна было б, каб арганізацыя стала вылучаць нейкіх пабочных асобаў. Таму актывіст адкамэнтаваў гэты інцыдэнт такім чынам:
“Я ня ведаю, як гэта ацэньваць. Прынамсі, заканадаўства такога не патрабуе. Ці то ў выканкамах хочуць нешта ўдакладніць, ці то шукаюць нейкіх хібаў. Ну, паглядзім, ці ўключаць нашых людзей у камісіі, ці ня ўключаць. І зможам ацаніць стаўленьне гэтых выканкамаў да выбараў і да грамадзкіх арганізацый — у камісіях жа павінна быць ня менш як 30% прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый! Вось і паглядзім”.
Леаніду Гаравому адмовілі, бо ён нібыта “дужа баламуціў пракуратуру заявамі пра парушэньні”
Адзін з тых, чыё сяброўства ў арганізацыі “Самакіраваньне і грамадзтва” запатрабавалі ўдакладніць, — Леанід Гаравы, актывіст з Гарадку. Ён сябар Рады руху “За свабоду” і сябар БСДП (Грамада). Безвынікова ён ужо спрабаваў трапіць у камісію вышэйшага ўзроўню — у Гарадоцкую раённую. Старшыня райсавету Ўладзімер Бяляеў тады заявіў, што Леанід Гаравы дужа “баламуціў” пракуратуру заявамі пра парушэньні падчас мінулых выбарчых кампаній і супрацоўнічаць зь ім ня варта.