— Ці мае Саньнікаў шанцы на тое, каб вакол яго аб’ядналіся розныя апазыцыйныя сілы? Ці ёсьць імавернасьць таго, што ён стане адзіным прэтэндэнтам, які будзе прадстаўляць на выбарах апазыцыйныя дэмакратычныя сілы?
— Фігура спадара Саньнікава, бясспрэчна, аўтарытэтная ў дэмакратычных колах, аднак даволі шмат нэгатыўных канатацыяў у многіх апазыцыянэраў зьвязана зь дзейнасьцю «Хартыі». Таму я ня думаю, што Саньнікаву вельмі проста будзе дамовіцца зь іншымі палітычнымі сіламі наконт падтрымкі ягонага вылучэньня. Ня тая зараз атмасфэра ў апазыцыйным асяродку.
— Як вядома, «Хартыя» не зьяўляецца масавай арганізацыяй зь нейкім фіксаваным сяброўствам, у яе няма палітычных «штыхоў». Якую стратэгію ў гэтай сувязі можа выбраць Саньнікаў? Ці будзе ён імкнуцца ўзначаліць нейкую партыю, як Аляксандар Казулін на выбарах 2006, ці застанецца ўбаку ад канкрэтнай сілы, заклікаючы самыя розныя партыі падтрымаць яго?
— Сапраўды, «Хартыя» — гэта каардынуючая структура, яна дзейнічае ў рамках больш шырокай карціны. І ў 2001 і ў 2006 гадах «Хартыя» была часткай нейкага агульнага вялікага сцэнару. Цяпер такога сцэнару няма, і дзеля таго, каб захавацца ў якасьці палітычнай сілы, «Хартыі», Саньнікаву трэба ствараць такі сцэнар самому.
Атамізацыя беларускага палітычнага поля дасягнула такой ступені, што такія грамадзкія ініцыятывы, як «Хартыя», могуць прэтэндаваць на тое, каб размаўляць на роўных з прадстаўнікамі палітычных партыяў. Я ня думаю, што ў спадара Саньнікава будзе імпэт на тое, каб стаць непасрэдна на чале нейкай палітычнай партыі — здаецца, што час для гэтага ўжо сышоў. Але гэта не выключае ўдзелу Саньнікава ў выбарчай кампаніі, прынамсі, на этапе збору подпісаў, бо на тое, каб зарэгістраваць ініцыятыўную групу, структуры «Хартыі», напэўна, хопіць.
— Які характар набірае выбарчая кампанія на фоне ўсе новых вылучэньняў патэнцыйных кандыдатаў? Ці можна чакаць, што апазыцыйныя сілы прыйдуць да адзінага кандыдата?
— Сапраўды, падчас любой прэзыдэнцкай кампаніі ёсьць такі пэрыяд «кастынгу», вылучэньня кандыдатаў. Але на дадзены момант можна сказаць, што няма пакуль той ідэі, пад якую варта здымацца дзеля іншага кандыдата, пад якую варта вызначаць «адзінага». Верагодна, кампанія будзе падобная на 2001 год, калі адзіны кандыдат будзе вызначаны ня ў выніку нейкіх мэханізмаў узгадненьня (кангрэс, нарада, праймэрыз), а ў выніку рэальнай дзейнасьці на этапе збору подпісаў.