Прыкладна праз паўгадзіны пасьля іх пачатку шэраг удзельнікаў слуханьняў заявілі, што пераклад рускамоўных дакладаў на літоўскую мову адбываецца надзвычай марудна і няякасна, і запатрабавалі спыніць мерапрыемства.
Перакладчыца паспрабавала апраўдацца, што яна не спэцыяліст у гэтай сфэры. "Але мы ж усё можам разумець па-руску", — сказала яна. Не перакладаць рускамоўныя даклады на літоўскую мову прапанавала і беларуская дэлегацыя. Аднак калі ўдзельнікаў слуханьняў спыталі, ці ўсе разумеюць па-руску, прыблізна траціна, у асноўным маладыя людзі, адказалі, што не.
Літоўскае Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя і беларуская дэлегацыя пачалі абвінавачваць адзін аднаго ў правале арганізацыі слуханьняў.
Пакуль ішлі дыскусіі аб перакладзе, прадстаўнікі пасольства Беларусі ў Літве выклікалі іншую перакладчыцу. Але яна сказала, што таксама не гатова перакладаць.
Удзельнікі запатрабавалі перанесьці слуханьні на іншы час. Аднак прадстаўнік Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя Літвы настояў на працягу заслухоўваньня дакладаў з ранейшым узроўнем перакладу. Гэта выклікала абурэньне часткі слухачоў, якія пакінулі залю, сярод іх і старшыня камітэту па ахове навакольнага асяродзьдзя літоўскага парлямэнту Ёнас Шыменас. "Гэта гутаркі глухога зь нямым. Нельга сёньня гаварыць, а пераклад атрымліваць пісьмова заўтра. Мы будзем патрабаваць палітычнай адказнасьці Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя за правал мерапрыемства", — заявіў ён.
Пасля таго як частка ўдзельнікаў пакінула залю, слуханьні працягнуліся з перакладам на літоўскую мову.
Раніцай слуханьням папярэднічала акцыя пратэсту "Спыні небясьпечныя планы — скажы "Не!" Астравецкай АЭС".
Некалькі грамадзкіх актывістаў у "касьцюмах" работнікаў АЭС з адгазьнікамі і мэдычнымі павязкамі раздавалі ўлёткі. У іх сьцьвярджалася, што ў выніку будаўніцтва АЭС у раку Вілія/Нерыс трапяць тэхнічныя сьцёкі атамнай станцыі, што разбурыць яе экасыстэму. Апрача таго, паводле праціўнікаў будаўніцтва, "зусім побач з тэрыторыяй Літвы будуць захоўвацца небясьпечныя адкіды".
Справаздачу аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе беларускай АЭС у Вільні прадстаўляюць спэцыялісты дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі і дэпартамэнту разьвіцьця ядзернай энэргетыкі Міністэрства энэргетыкі.
У адпаведнасьці з Канвэнцыяй аб ацэнцы ўздзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансгранічным кантэксьце, удзельніцай якой зьяўляецца Беларусь, справаздача была накіраваная ў сумежныя краіны, якія выказалі зацікаўленасьць у яе абмеркаваньні.
Кансультацыі і грамадзкія слуханьні з удзелам зацікаўленай грамадзкасьці для абмеркаваннья патэнцыйнага трансгранічнага ўзьдзеяньня пры будаўніцтве і эксплёатацыі беларускай АЭС таксама пройдуць у Латвіі, Польшчы, Украіне і Аўстрыі, паведамляе прэс-служба Мінэнэрга.
Пасьля завяршэньня кансультацый і слуханьняў справаздача аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе беларускай АЭС будзе дапрацавана спэцыялістамі з улікам заўваг і прапаноў і разам зь іншымі матэрыяламі, прадугледжанымі заканадаўствам, накіравана для правядзеньня дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы.
На грамадзкія слуханьні ў Астраўцы, якія прайшлі летась, не пусьцілі прадстаўнікоў многіх грамадзкіх арганізацый, а расейскага эколяга, сябра расейскай арганізацыі "Экозащита" Андрэя Ажароўскага за спробу пранесьці на пасяджэньне крытычныя заўвагі да ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе беларускай АЭС, арыштавалі на 7 сутак.