Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кожную камісію — вылучэнец АДС


26 студзеня ў Беларусі завяршаецца вылучэньне кандыдатаў у сябры тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Гэты першы этап кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы — асабліва важны для палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Цяпер ім гарантуецца ня менш за траціну месцаў у складзе камісіяў, чаго раней не было.


Пра ўдзел апазыцыі ў пачатку выбарчай кампаніі даведваліся карэспандэнты “Свабоды”.

МЕНСК

Праца ў камісіях — гэта магчымасьць кантраляваць, ці адбываюцца насамрэч зьмены ў выбарчай кампаніі

Дэмакратычныя партыі і арганізацыі ў Беларусі самастойна вырашаюць, каго вылучаць у тэрытарыяльныя камісіі. Пра гэта кажа сакратар ЦК Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет” Валеры Ўхналёў:

Валеры Ўхналёў
“Сёньня нашы арганізацыі ў Менску і ў Гомелі праводзяць паседжаньні камітэтаў і вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Мы вылучаем людзей у Менскую гарадзкую і абласную, а таксама яшчэ 50—60 — у раённыя і гарадзкія”.

А першымі ў менскую тэрытарыяльную камісію накіраваныя пратаколы аб вылучэньні праваабаронцы Ўладзімера Лабковіча і палітоляга Юры Чавусава.

Са слоў Юры Чавусава, паводле новай рэдакцыі Выбарчага кодэксу ў камісіях не павінна быць старшыняў выканкамаў, пракурорскіх работнікаў, судзьдзяў. На пасадзе старшыні камісіі ня могуць апынуцца жонкі ці блізкія сваякі кандыдатаў. У гэтых умовах, як лічыць Юры Чавусаў, праца апазыцыі ў тэрытарыяльнай камісіі можа мець сэнс.

Юры Чавусаў
“Праца ў тэрытарыяльнай камісіі дае магчымасьць кантролю за тым, як адбываецца выбарчы працэс. Гэта зручная пазыцыя, каб выносіць ацэнкі адносна таго, ці паўплываюць зьмены ў Выбарчы кодэкс на рэальны ход электаральнага працэсу”.


ГОМЕЛЬШЧЫНА

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы рэгіёну вызначылі 100 сваіх кандыдатаў у склад гэтых камісіяў”.

На Гомельшчыне аб’яднаныя дэмакратычныя сілы вылучаюць сваіх прадстаўнікоў ва ўсе тэрытарыяльныя й акруговыя камісіі.

Апавядае сябра каардынацыйнай рады АДС, старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

Васіль Палякоў
“Сёньня мы перадаем пратаколы ў органы, якія фармуюць тэрытарыяльныя камісіі. Мы вызначылі прыярытэты. У першую чаргу — гэта вылучэньне ў абласную, гарадзкую камісіі й вылучэньне ў акруговыя камісіі. Ад аб’яднаных дэмакратычныя сілаў гэта будзе каля 100 вылучэнцаў у склад гэтых камісіяў”.

Апрача таго, рэгіянальныя партыйныя структуры пазначаюць у пратаколах імёны сваіх прадстаўнікоў, якіх накіроўваюць на паседжаньні мясцовых органаў улады, каб непасрэдна назіраць за фармаваньнем камісіяў.

АДС гатовыя дапамагчы ўладам сфармаваць усе выбарчыя камісіі

Паводле Палякова, дэмакратычныя сілы гатовыя дапамагчы ўладам сфармаваць выбарчыя камісіі, у якіх, у адпаведнасьці са зьменамі ў выбарчым заканадаўстве, павінна быць траціна прадстаўнікоў палітычных партыяў. Па выніках фармаваньня камісіяў і будзе вызначана, ці браць удзел у выбарах дэмакратычным кандыдатам, ці, наадварот, байкатаваць выбары:

“Мы гатовыя да супрацоўніцтва, гатовыя дапамагчы ўладам закрыць вось гэтую частку камісіяў прадстаўнікамі палітычных партыяў. Але мы, безумоўна, будзем рабіць маніторынг і адсочваць, дзе неабгрунтавана не ўключылі нашых прадстаўнікоў у склад камісіяў з тае прычыны, што яны будуць перашкаджаць рабіць нейкія фальшаваньні й неабходны для ўладаў вынік”.

Гомельская актывістка Зінаіда Шуміліна мае досьвед працы ў выбарчых камісіях розных узроўняў. Але ў апошнія гады ўлады адмаўляліся ўвесьці яе нават у склад участковай камісіі:

Зінаіда Шуміліна
“Калі мяне ўключаць у камісію, абяцаю працаваць сумленна. Буду адкрыта распавядаць наконт працы камісіі — што там робіцца, як яна выконвае заканадаўства. Пастараюся ўплываць на ўсіх чальцоў камісіі, каб іхняя праца была празрыстай”.

Праваабаронца й юрыст Леанід Судаленка мае намер працаваць у акруговай камісіі па выбарах дэпутата абласнога савету:

Леанід Судаленка
“Я зьбіраюся сабраць неабходную колькасьць подпісаў выбарцаў, каб вылучыцца ў акруговую камісію. Працаваць і адначасова сачыць, як яна працуе. Я думаю, калі ў складзе камісіі будзе прадстаўнік дэмакратычных сілаў, камісіі будуць менш займацца рознымі глупствамі й фальшаваньнем вынікаў выбараў”.

МАГІЛЁЎШЧЫНА

У камісіі вылучаны Пётар Мігурскі й Валер Беразенка, якія маюць досьвед выкрыцьця парушэньняў, учыненых прадстаўнікамі ўлады

У Магілёўскую абласную тэрытарыяльную камісію вылучаныя двое прадстаўнікоў апазыцыі. Гэта Пётар Мігурскі ад руху БНФ “Адраджэньне” і старшыня абласной арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет” Валер Беразенка. Абодва сумняваюцца ў тым, што кандыдатуры будуць зацьверджаныя. Працягвае Андрэй Белагубаў.

Пётар Мігурскі ў 2008 годзе, у час выбараў у Палату прадстаўнікоў, працаваў у складзе Шклоўскай раённай выбарчай камісіі. Тады ён выявіў спробы сфальшаваць выніковыя пратаколы з дзьвюх участковых камісіяў. На знак пратэсту ён выйшаў са складу раённай камісіі й паскардзіўся ў пракуратуру й Цэнтральную выбарчую камісію. Тыя падзеі, на думку Мігурскага, і стануць перашкодай для яго абраньня ў склад абласной камісіі. Тым ня менш спадзеў патрапіць туды ён ня страчвае:

Пётар Мігурскі
“Калі прадстаўнікі дэмакратыі ня будуць уключаныя ў выбарчыя камісіі, то я лічу, што няма сэнсу ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Рэальна ўлады намалявалі для сябе правілы, то няхай і жывуць па гэтых правілах. З аднаго боку — дэклярацыя дэмакратызацыі, а з другога боку — рэальнае яе ўвасабленьне. Мне хацелася б для сябе зрабіць выснову, што зьмянілася за гэты час на мясцовым узроўні пры арганізацыі выбарчага працэсу”.

Актывіст цьвердзіць, што ўлада набярэ ў камісіі чальцоў зь “Белай Русі”, КПБ і “правільных” вэтэранаў

Валер Беразенка таксама мае досьвед працы ў раённых выбарчых камісіях. На мінулых выбарах і ён пісаў скаргі. Ці дадуць сёлета апазыцыянэрам папрацаваць у камісіях?

“Яны набяруць туды людзей зь “Белай Русі”, вэтэранаў, КПБ, аўганцаў. лібэральных дэмакратаў. А што да апазыцыйных партыяў, то, можа, каго й прапусьцяць, але я дужа ў гэтым сумняваюся”.

Калі спадара Беразенку зацьвердзяць у абласной выбарчай камісіі, асноўную ўвагу ён зьверне менавіта на фармаваньне ўчастковых камісіяў, каб там была траціна прадстаўнікоў грамадзкасьці і апазыцыйных арганізацыяў.

ВІЦЕБШЧЫНА

У камісіі вылучаюць найбольш дасьведчаных дэмакратычных актывістаў

У віцебскай кааліцыі АДС пытаньнямі мясцовых выбараў займаецца Мікалай Селівашка, старшыня абласной арганізацыі партыі “Справядлівы сьвет”. Ён жа вылучаецца і ў абласную выбарчую камісію:

Мікалай Селівашка
“Ну, досьвед у мяне вялікі, яшчэ з савецкіх часоў. Некалькі разоў быў у гарадзкой камісіі, а ў абласной яшчэ ня быў. Вось падалі дакумэнты. Але паглядзім — ня ведаю, як будуць выконвацца зьмены ў выбарчым заканадаўстве. Думаю, усё ж адмовіць ня змогуць”.

Ад партыйнай структуры ў абласную выбарчую камісію падаў дакумэнты і старшыня абласной суполкі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў. Ён таксама мае значны досьвед працы на выбарах — і прэзыдэнцкіх, і парлямэнцкіх, і ў мясцовыя саветы, — праўда, толькі ў якасьці назіральніка. Тым ня менш і ён вырашыў выпрабаваць на сабе гатоўнасьць органаў улады на траціну скласьці выбарчыя камісіі з прадстаўнікоў палітычных партый і грамадзкіх арганізацый.

Якраз сёньня спадар Смолікаў падаў дакумэнты ў аблвыканкам:

Кастусь Смолікаў
“Вось сёньня я занёс дакумэнты на вылучэньне ў абласную выбарчую камісію, зарэгістравалі 11-м. Думаю, каб выбары насамрэч былі свабоднымі, дэмакратычнымі і празрыстымі, нашу партыю мусілі б дапусьціць у камісію. Але паглядзім, што атрымаецца”.

Былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч: “Мне падаецца, што гэта зноў бутафорыя”

Былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч таксама вырашыў паспрабаваць трапіць у абласную выбарчую камісію — шляхам збору подпісаў. Але, як ён кажа, мала спадзяваньняў на тое, што гэта атрымаецца — нават з улікам нядаўна прынятых зьменаў у выбарчым заканадаўстве:

Сяргей Парсюкевіч
“Раней пра гэта і гаворкі не было, дый цяпер, мне здаецца, малаверагодна трапіць у выбарчую камісію, нягледзячы на пэўныя зрухі ў выбарчым заканадаўстве. Мне здаецца, гэта адна бутафорыя. Але паспрабаваць, думаю, можна — раптам атрымаецца. Тады ўсю карціну выбараў можна будзе паглядзець знутры. Раз я зьбіраюся ў абласную выбарчую камісію, то ў мяне будзе мажлівасьць паглядзець на ўвесь працэс ад самай нізавой, участковай камісіі, і да абласной”.

Сяргей Парсюкевіч удакладняе: сябар абласной камісіі мае права назіраць выбарчы працэс і праз працу камісій ніжэйшага ўзроўню — да прыкладу, прыйсьці на пасяджэньне гарадзкой ці іншай выбарчай структуры. Але ён ня пэўны, што прадстаўнікам апазыцыі дадуць такую мажлівасьць.

ГАРАДЗЕШЧЫНА

“Фармаваньне тэрытарыяльных камісій пакажа, ці патрапяць апазыцыянэры ва ўчастковыя камісіі”

Каардынатар выбарчага працэсу ад АГП у рэгіёне Юры Істомін перакананы, што нельга ігнараваць тэрытарыяльныя камісіі, бо ўжо зь іх складу будзе відаць, як настроена ўлада на выбары.

Юры Істомін
Істомін: “Мы зараз пабачым, як словы суадносяцца са справамі ў нашых уладаў. Яны абяцалі правесьці дэмакратычныя выбары, і склад тэрытарыяльных камісій — гэта першая лякмусавая паперка, па якой мы будзе меркаваць пра далейшыя выбары. Калі ў іх ня ўвойдуць нашы сябры, гэта будзе першым сыгналам, што іх ня будзе і ва ўчастковых камісіях”.

У Мастоўскім раёне лідэр руху “За свабоду” Алесь Зарэмбюк кажа, што яны заўтра зьбіраюцца падаць на вылучэньне ў тэрытарыяльную камісію дакумэнты на 10 сваіх сябраў, улічваючы мінулы досьвед.

Алесь Зарэмбюк
Зарэмбюк: “Мы зараз вырашылі вылучыць розных людзей: з досьведам, рознага веку — старэйшых і маладзейшых, і людзей розных прафэсій”.

У Слоніме, са слоў каардынатара Івана Шэгі, у камісію вылучылі Мікалая Барысіка і ўжо падалі дакументы на яго. Зараз Мікалай Барысік на пэнсіі, быў дырэктарам школы, неаднойчы ўзначальваў участковыя выбарчыя камісіі, удзельнічаў у назіраньні за выбарамі.

“Мяркую, што ад майго ўдзелу ў камісіі чыноўнікі будуць адбівацца”

Праўда, сам спадар Барысік кажа, што ня вельмі верыць у тое, што яго ўключаць у камісію, бо ён ужо некалькі дзён тэлефануе ў райвыканкам, каб даведацца, у які час будзе фармавацца склад камісіі, а там дагэтуль ніхто нічога ня ведае.

Барысік: “На апошніх выбарах я быў назіральнікам, і ад мяне ў пракуратуру пайшло 8 пратаколаў, а таксама 5 ці 6 — у акруговую камісію. То яны ўжо адчуваюць, з кім могуць мець справу, і думаю, што будуць ад гэтага адбівацца”.

Чаму БНФ не вылучае свайго прадстаўніка ў тэрытарыяльную камісію ў Смаргоні?

Каардынатар партыі БНФ у Смаргоні Алесь Дзергачоў кажа, што яны вырашылі нікога не вылучаць у склад тэрытарыяльнай камісіі.

Алесь Дзергачоў
Дзергачоў: “Мы лічым, што ўсе фальсыфікацыі адбываюцца на ўзроўні ўчастковых камісій, а ў тэрытарыяльных практычна нічога не адбываецца, яны падлічваюць толькі тое, што ім прыносяць з участковых камісій”.

Пра важнасьць тэрытарыяльных камісій кажа кіраўнік абласной арганізацыі БНФ Сяргей Мальчык:

Мальчык: “Тэрытарыяльная камісія падводзіць вынікі раённых, прымае скаргі ад кандыдатаў у дэпутаты, назіральнікаў, грамадзян і разглядае іх. І калі праводзіць маніторынг таго, ці згодная ўлада працаваць з апазыцыяй, то трэба падчас выбараў працаваць на ўсіх узроўнях”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG