Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці апраўдаюцца спадзяваньні Лукашэнкі на Мядзьведзева?


Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш

Якія словы былі галоўнымі падчас сустрэчы Ўладзімера Пуціна і Сяргея Сідорскага? Ці можна сказаць, што Аляксандар Лукашэнка зрабіў стаўку на Дзьмітрыя Мядзьведзева? Ці можа Мядзьведзеў адыйсьці ад той палітыкі, якую праводзіў апошнія гады ў дачыненьні да Беларусі Ўладзімер Пуцін? На гэтыя пытаньні адказвае дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Цыганкоў: Чаму Ўладзімер Пуцін на сустрэчы з Сяргеям Сідорскім найперш зьвярнуў увагу, што Беларусь працягвае карыстацца “самымі льготнымі ў СНД, ды і ў сьвеце” цэнамі на энэрганосьбіты. Што хацеў гэтым падкрэсьліць Пуцін?

Коктыш: Гэта быў відавочны адказ на тыя прэтэнзіі, якія выказаў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі расейскіх рэгіянальных СМІ. Пуцін проста падкрэсьліў, што той прывілеяваны статус, які мела Беларусь да 2003 году, яна збольшага і захавала, што такая парадыгма адносінаў застаецца.

Па-другое, Пуцін імкнуўся паказаць, што сур’ёзных праблемаў у адносінах паміж краінамі цяпер няма. Вядома ж, праблемы ёсьць, але зараз ніводная з краінаў ня ў стане іх кардынальна вырашыць. Таму гэта быў мэсыдж, што трэба сканцэнтравацца на тых пазытыўных момантах, якія існуюць.

Цыганкоў: Чаму Лукашэнка дапусьціў крытычныя выказваньні на адрас Пуціна? А на вучэньняў зацята хваліў Мядзьведзева, заяўляючы, што без цяперашняга прэзыдэнта Расеі вучэньні не адбыліся б? Ці ён зрабіў стаўку на Мядзьведзева ці ён настолькі ўжо не пераносіць Пуціна, што ня можа гэта стрымаць?

Коктыш: Тут усё больш глыбока. У 2003 годзе пачалася іншая палітыка Расеі ў адносінах да ўсёй постсавецкай прасторы. Было аб’яўлена, што ельцынская палітыка, калі Расея плаціла за штучныя праявы ляяльнасьці — што яна заганная і Расея ад яе адмаўляецца. Замест гэтага было прапанавана будаваць двухбаковыя адносіны на рынкавым грунце.

Расейская палітыка ў адносінах да постсавецкай прасторы застаецца збольшага несфармуляванай.
Для Беларусі, чыя сыстэма базуецца якраз на прынцыпе, што Беларусь капіталізуе сваё геапалітычнае становішча і залежнасьць Расеі ад транзыту і за гэта атрымлівае танныя энэрганосьбіты — гэта азначала б адмовіцца ад усёй гэтай мадэлі. Таму пры Пуціне беларускаму прэзыдэнту было, вядома, некамфортна.

Зь Мядзьведзевым зьвязваюцца надзеі, што ён адмовіцца ад пуцінскай палітыкі пераходу на эканамічныя прынцыпы двухбаковых адносінаў, і па-другое, што Мядзьведзеў адновіць тую ельцынскую палітыку, якая ажыцьцяўлялася да 2003 году.

Цыганкоў: Ці маюць гэтыя надзеі Лукашэнкі на Мядзьведзева нейкія абгрунтаваньні?

Коктыш: Мядзьведзеў пакуль не артыкуляваў тыя прынцыпы, на якіх ён зьбіраецца будаваць двухбаковыя адносіны. Расейская палітыка ў адносінах да постсавецкай прасторы застаецца збольшага несфармуляванай, таму яна можа набываць любыя контуры. Пакуль Мядзьведзеў будзе выкарыстоўваць тыя тактычныя перавагі, якія ён атрымаў, будучы ў Беларусі (даволі пасьпяховыя вучэньні, далучэньне Беларусі да КСАРу, згоду Менску старшынаваць у АДКБ). І гэта будзе разглядацца як ягоны тактычны посьпех.

Але наўрад ці хто сёньня гатовы да ажыцьцяўленьня той ці іншай стратэгіі. Здаецца, што і сам Мядзьведзеў і ня ставіць такое пытаньне перад сабой.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG