Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімошак: Аграгарадкі – для чыноўнікаў ці вяскоўцаў


Зінаіда Цімошак
Зінаіда Цімошак

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня Зінаіда Цімошак.

Сёння мы з вамі пагаворым на тэму “аграгарадкоў”.

У нашых рэаліях іх лепей было б назваць “пацёмкінскімі вёскамі”. Нагадаю: некалі князь Пацёмкін загадаў для Яе Вялікасьці расейскавй імпэратрыцы пабудаваць бутафорскія сялянскія домікі, апрануць сялян у сьвяточнае адзеньне, каб паказаць, якіх вялікіх посьпехаў паўднёвыя землі Расеі нібыта дасягнулі пад мудрым кіраўніцтвам князя.

Усё атрымалася, як найлепш. Імпэратрыца ўзнагародзіла Пацёмкіна, а сяляне прадоўжылі сваё непрыгляднае жыццё.

Штосьці падобнае адбываецца і ў сучаснай Беларусі. Жыцьцё ў аграгарадку не настолькі прывабнае, як распавядаюць аб ім дзяржаўныя газэты.

Урэшце, ня буду агулам хаяць – раскажу крышку пра Вежы Слуцкага раёна, дзе жыву. Знаходзіцца аграгарадок непадалёку ад шашы Менск-Слуцак, прыкладна, 70 км ад сталіцы. Менавіта Вежам выпаў шанец стаць паказальным аграгарадком, і менавіта тут ледзьве ня кожны месяц адбываюцца сельскагаспадарчыя павучальныя сэмінары.

Наша вёска па зьнешняму выгляду ўжо можа пераплюнуць і пацёмкінскую Таўрыду.



Два гады таму на галоўнай плошчы пашчыравалі будаўнікі, якія замасьцілі яе новай пліткай. Паклалі абы як, зараз паўсюдна папрарастала трава. Літаральна можна сказаць, што грошы ўбуханыя ў пясок.


Экстранна ўзьвялі і двухпавярховы Дом культуры. Выглядае вельмі імпазантна і ў вялікай меры ўпрыгожвае цэнтар аграгарадку.


Знешне – вялікі палац, а ў актавай зале могуць уціснуцца ня болей за 130 чалавек. Здаецца і нямала, але падчас сьвяточных мерапрымстваў, канцэртаў многім гледачам даводзіцца слухаць актораў ці выступоўцаў стоячы, альбо прыбягаць на гадзіну раней, каб заняць месца. Невялічкае фае зьверху да нізу парэзанае магутнымі слупамі-падпорамі, служыць танцавальнай пляцоўкай. Калі вальс альбо полька, то ня надта разгонісься, бо можна ўрэзацца ў слуп. Моладзі, якая любіць танцаваць у паўмзроку, таксама даводзіцца пастаянна памятаць пра тую небясьпеку.

Самі жыхары Вежаў любяць параўноўваць свой пасёлак з былым савецкім мэталічным рубялём: з аднаго боку – “арол”, а з другога – “рэшка”.

Да “арла” , апроч плошчы, адносяць школьны садок з кветкамі.


Гэта – вынік напружанай працы мясцовай настаўніцы біялёгіі, школьнікаў, усяго пэдагагічнага калектыву. Адначасова гэта і галаўны боль для іншых школаў: паколькі аграгарадок – паказальны, насеньне і пасадачны матэрыял купляліся за кошт дзяржаўнага бюджэту, а садок задумваўся для таго, каб ўражваць удзельнікаў сэмінараў. Адзін знаёмы дырэктар школы з Капыльскага раёну заявіў мне, што стаў ненавідзець нашыя кветкі пасьля таго, як у іх з-за недастатковай колькасьці кветак вакол школы зьнялі з трэскам неблагога дырэктара з добрымі вучэбнымі паказчыкамі.

Вялікая колькасьць грошай патрачана на “эўрарамонт” адміністратыўнага будынку РСУП “Саўгас “Слуцк”. Унутры усё там блішчыць і пераліваецца.

Усе высокія чыны застаюцца задаволеныя вандроўкай па Вежах. Жыхары таксама: ужо за дзень да прыезду “экскурсантаў” мясцовая крама перапаўняецца сьвежымі прадуктамі, цэнтар аграгарадка заўсёды “вылізваецца” і вычышчаецца.

“Рэшкай” можна назваць жылыя шматкватэрныя дамы, якіх тут нямала. Зьнешне яны файныя – найперш з-за каляровых двухскатавых дахаў, якія дабудавалі пасьля таго, як нават на першых паверхах папрагнівалі палы, а таксама дзякуючы намаганьням мясцовай актывісткі грамадзянскай кампаніі “Наш дом”

Аде гэтыя дамы падобныя на гарадзкія толькі зьнешне. Мясцовыя ўлады ў парушэньне Жыльлёвага кодэксу даўным-даўно пасьпісвалі яшчэ новыя будынкі з балянсу і кінулі іх на волю лёсу, пазбавіўшы тэхнічнага абслугоўваньня. Але там ёсьць і непрыватызаваныя кватэры. За цэнтральнае ацяпленьне людзі плоцяць у КУП “Слуцкая ЖКГ” столькі ж грошай, колькі ў горадзе, і адначасова вымушаныя будаваць у кватэрах печкі, каб сагрэцца зімой. Печкі не прадугледжаны ніякімі праектамі і зьяўляюцца пажаранебясьпечнымі.

З-пад кранаў цячэ іржавая вада. Бэтонныя перакрыцьці, якія зацякалі ад дажджу шмат гадоў, таксама могуць ня вытрываць тоны цэглы. Дарэчы, у тэхпадпольлі дому №2 ужо склалася аварыйная сітуацыя.


У двух кватэрах напрадвесьні было адключана ацяпленьне з-за парыву трубы цепласыстэмы. Не за гарамі зноў зіма, але да гэтага часу няма каму яе адрамантаваць.

Ад пад’ездаў, як кажуць, адступіліся і Бог, і людзі.



Не існуе ніякага катролю і за прыдамавой тэрыторыяй, нягледзячы нават на пампэзна абвешчаны “Год роднай зямлі”.

Ня лепей выглядае і дзіцячая пляцоўка. Цякуць дахі ў 4-хкватэрных дамах.

Сярэднямесячная зарплата сялянаў – самая высокая па раёне, складае,прыкладна 500 тысяч, але на такія грошы адрамантаваць дах шматкватэрнага дому нельга.

Затое дырэктар саўгаса разяжджае на новым бліскучым джыпе.

Міжволі ўзьнікае пытаньне: для каго і для чаго створаны такія “аграгарадкі”?




Зінаіда Цімошак
Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня Зінаіда Цімошак нарадзілася ў 1955 годзе ў вёсцы Аксаміты Капыльскага раёну. Жыве ў Вежах пад Слуцакам. Скончыла Менскі пэдагагічны інстытут імя Горкага. Працавала настаўніцай гісторыі й нямецкай мовы ў Вежскай школе. У 1997 годзе падпісала пад тэкстам Хартыі-97 75 аднавяскоўцаў. На ўсе найбольш значныя пратэстныя акцыі ў Менску езьдзіла са сваёй вёскі, як на працу. У канцы 1990-х гадоў стварыла ў Вежах філіі Незалежнага прафсаюзу, Беларускай арганізацыі працоўных жанчын. Адстойвала ўласнае права на працу ў судзе. Мэдыя-актывістка.

Актывістка грамадзянскай кампаніі “Наш дом”. Праваабаронца. Апошнія буйныя перамогі – два выйграныя суды па рамонце пад’ездаў у Слуцаку, адмена трохдзённага графіка гарачага водазабесьпяячэньня, прынятага рашэньнем Слуцкага райвыканкаму на летні пэрыд 2009 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG