Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыскусія ў Страсбуры: вяртаць ці не вяртаць


Сёньня Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы вырашае, ці варта вяртаць Беларусі статус адмыслова запрошанай, які быў страчаны ў 1997 годзе, пасьля ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам канстытуцыйнага рэфэрэндуму.



Андрэа Рыгоні
Андрэа Рыгоні нагадаў, што Беларусь застаецца адзінай краінай Эўропы, якая не належыць да арганізацыі, і адзначыў, што палітыка ізаляцыі ў дачыненьні да беларускіх уладаў не прынесла посьпеху, бо несла з сабой і ізаляцыю народу Беларусі. Рыгоні пералічыў пазытыўныя зрухі – вызваленьне палітвязьняў, рэгістрацыю руху “За свабоду”, вяртаньне некалькіх газэт у афіцыйны продаж і падпіску. Быў распачаты дыялёг у пытаньнях правоў чалавека. Спадар Рыгоні дадаў, што ён запрапанаваў на гэтай сэсіі “рэвалюцыйную рэч” – разам з афіцыйнай дэлегацыяй Палаты Прадстаўнікоў запрасіць дэлегацыю апазыцыі.

Аўтар дакладу аб палітычных зьнікненьнях у Беларусі Хрыстас Пургурыдэс зазначыў, што беларускі парлямэнт знаходзіцца пад поўным кантролем Лукашэнкі, у ім няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі. Ён паведаміў, што Кмітэт палітычных справаў Асамблеі прапануе падтрымаць рэзалюцыю толькі ў тым выпадку, калі Беларусь абвесьціць мараторый на сьмяротнае пакараньне. ТОлькі гэта, паводле Пургурыдэса, можа захаваць аўтарытэт ПАРЭ. Беларусь мусіць зрабіць занчна больш, каб аднавіць свой статус у ПАРЭ. Каб быць прынятым у клюб, мусіш выконваць ягоныя правілы.

Тадэвуш Івіньскі (група сацыялістаў) пагадзіўся з тым, што ізаляцыя беларускіх уладаў не прынесла плёну і запрапанаваў падыход паводле расейскай прыказкі: “Доверяй, но проверяй”. Паводле Івіньскага, у дачыненьні ад Беларусі быў распачаты новы пэрыяд – пэрыяд дыялёгу. Апрача іншага Івіньскі, прадстаўнік Польшчы, заклікаў зьвяртаць увагу на павагу да правоў нацыянальных меншасьцяў у Беларусі.

Матыяш Эоршы (альянс лібэралаў) нагадаў, што да 1997 году, калі Беларусь мела статус адмыслова запрошанага госьця, зь яе прадстаўнікамі ўжо вёўся дыялёг, які ні да чаго не прывёў. Ён зьвярнуў увагу, што гаворка ідзе пра важны геапалітычны крок: Беларусь аддаляецца ад Расеі, і гэта самы добры момант вярнуць Беларусь у Эўропу.

Мэўлют Чавушаглу (дэмакратычная група) заклікаў падтрымаць рэзалюцыю і замест палітыкі ізаляцыі весьці ў дачыненьні да Беларусі палітыку прыцягненьня да ўдзелу і заахвочваньня.

Аляксей Лотман (аб'яднаныя левыя) насуперак сказанаму Рыгоні нагадаў пра тое, што ў Беларусі застаюцца палітвязьні і запрапанаваў спадзявацца на лепшае, але заставацца пільнымі.

Пэдра Аграмунт (народная партыя) нагадаў, што гаворка ідзе не пра прыняцьце Беларусі ў ПАРЭ, а пра аднаўленьне статусу, які яна страціла ў 1997 годзе.


Валер Іваноў
Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Валер Іваноў падзякаваў за запросіны.

“Хочацца верыць, што гэты год стане знакавым у нашых дачыненьнях. На жаль некалі быў зроблены выбар – ізаляваць. Дыялёг, а не ізаляцыя – ключ для рашэньня праблем. Дэмакратызацыя – нялёгкі працэс, апошнія гады ўзяты курс на эвалюцыйную дэмакратызацыю (пералічыў крокі) Беларусь вядзе прадметныя кансультацыі з БДІПЧ наконт выбарчага заканадаўства, але шмат яшчэ трэба зрабіць.

Беларусь цьвёрда нацэленая на рашэньне праблем, і падтрымка Рады Эўропы вельмі важная. Мы з разуменьнем ставімся да пазыцыі адмены сьмяротнага пакараньня, робяцца важныя крокі па зьмяншэньні колькасьці пакараньняў. Адмена або мараторый – умовы для ўступленьня ў арганізацыю, але не для наданьня статусу спэцзапрошанага.

Сёньня перад намі адкрываецца акно магчымасьцяў, і гэта шанец, які мы ня можам змарнаваць.”

Анатоль Лябедзька
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што ўпершыню ўзьніклі новыя магчымасьці – у сувязі з сусьветным крызісам.

“Крызіс стварыў магчымасьць для ўплыву на сытуацыю ў Беларусі. Наша формула – дыялёг і свабодныя выбары ў абмен на крэдыты і гандаль. Я ня згодны з тэрмінам “ізаляцыя” – гэта была “самаізаляцыя”. Лябедзька нагадаў пра “рэальную сытуацыю”.

“Адзінаццаць вязьняў сумленьня, Аўтуховіч 69-ты дзень галадае, Зэльцэр без абвінавачаньняў у турме. Як вы будзеце сябе адчуваць, калі яны памруць у турме?
Усе пазытыўныя зьмены залежаць ад настрою 1 чалавека”.

Лябедзька ад імя АДС прапанаваў стварыць супольную групу прадстаўнікоў улады і апазыцыі, і скласьці дарожную мапу ўступленьня ў Раду Эўропы.

“ПАРЭ – мы ўспрымаем як калектыўнага Вацлава Гаўла і Андрэя Сахарава, жадаем вам такімі заставацца і надалей”.

Адказ Андрэа Рыгоні

“Гэта толькі першы крок. Калі не пачаць рух, мы нікуды ня прыйдзем. Мусім надалей рэзка крытыкаваць усе недахопы ў Беларусі. Мы будзем манітараваць далей сытуацыю ў Беларусі, наколькі ўсё ідзе ў пажаданым кірунку.

Калі Беларусь ідзе наперад, пойдзем наперад і мы, калі не – і мы вернемся назад. Ёсьць дзьве стратэгіі: першая - пакінуць як ёсьць і другая - ісьці наперад.

Пра ўвядзеньне мараторыя на сьмяротнае пакараньня патрэбна гаварыць з уладамі, таму патрэбны дыялёг.

Лёран Бетэй (народная партыя) настойваў на тым, што трэба ставіць перад беларускімі ўладамі ўмовы, і першая ўмова – мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Леанід Слуцкі (група сацыялістаў) назваў рашэньне аб пазбаўленьні Беларусі статусу спэцыяльна запрошанага анахранізмам і выступіў супраць папраўкі аб мараторыі на сьмяротнае пакараньне як абавязковай умове для вяртаньня статусу.

Эгідзіюс Варэйкіс (народная партыя) зазначыў, што пытаньне ў тым, ці паляпшаецца сытуацыя ў Беларусі?

“Не, проста Рада Эўропы зьмякчае свае патрабаваньні, тым часам як рэжым не выпраўляецца. Ня Рада Эўропы ізалюе беларускія ўлады – яны самаізалююцца. Тым часам як стасункі Рады Эўропы з грамадзкай супольнасьцю Беларусі заўсёды былі вельмі добрыя, значыць ніякай ізаляцыі беларускага грамадзтва не было. Вяртаньне Беларусі яе статусу ў ПАРЭ – наша жаданьне, але ня наш абавязак. Настаў час пераменаў, можна вярнуць Беларусі статус або зноў забраць яго, але сапраўдныя зьмены мусяць адбыцца ў Менску.”

Напрыканцы дэбатаў Андрэа Рыгоні адзначыў:

“Гэта ўжо вялікая падзея – што мы сабралі і прадстаўнікоў уладаў і прадстаўнікоў апазыцыі. З аднаўленьнем статусу Беларусь будзе прадстаўляць і дэлегацыя апазыцыі

Трэба, каб у Беларусі разьвіваліся палітычныя сілы, каб узьнікала палітычная кляса
мы расчынілі дзьверы для ўсіх краінаў, нават для тых, якія маюць праблемы, падобныя да беларускіх. Мы мусім дапамагаць руху гэтых краінаў да дэмакратыі.

Нагадаю выказваньне менскіх студэнтаў: ведаеце вы, эўрапейскія палітыкі, – у цяперашняй сытуацыі мы ня можам зьвярнуцца ў эўрапейскі суд па правах чалавека...




У праекце рэзалюцыі, які атрымалі дэпутаты, прапануецца вярнуць гасьцявы статус, але адначасова патрабаваць ад беларускіх уладаў выкананьня шэрагу ўмоў.

У дакумэнце, у прыватнасьці, гаворыцца: ”Беручы пад увагу, што Беларусь далёкая ад стандартаў Рады Эўропы ў галіне дэмакратыі, вяршэнства права і правоў чалавека, але за апошні час яе ўлады зрабілі важныя крокі ў правільным кірунку, Парлямэнцкая Асамблея пастанаўляе заахвочваць яе да гэтага працэсу шляхам палітычнага дыялёгу, у той жа час працягваючы садзейнічаць умацаваньню дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці”.

  • Сярод умоў, якія, як мяркуецца, будуць прад’яўлены ПАРЭ беларускім уладам:
  • Неадкладнае вызваленьне ўсіх палітвязьняў;
  • Спыненьне перасьледу і запалохваньня актывістаў апазыцыі;
  • Спыненьне прымусовага прызыву на вайсковую службу апазыцыйных актывістаў, якія раней былі прызнанымі ня годнымі да яе;
  • Скасаваньне перашкодаў пры рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў;
  • Забесьпячэньне свабоды мірных сходаў;
  • Рэформа выбарчага заканадаўства;
  • Дазвол усім незалежным выданьням друкавацца ў Беларусі і распаўсюджвацца праз дзяржаўную сетку;
  • Скасаваньне перашкодаў пры акрэдытацыі замежных журналістаў;
  • Рэгістрацыя спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.

Мяркуецца, што рэзалюцыя ПАРЭ аб сытуацыі ў Беларусі будзе прынятая апоўдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG