Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прызнае Беларусь Паўднёвую Асэтыю і Абхазію?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. эфір 19 траўня

Старшыня расейскай Дзярждумы Грызлоў заявіў, што Расея чакае прызнаньня Беларусьсю самаабвешчаных каўкаскіх рэспублік. Пра што сьведчыць візыт кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Макея ў Абхазію? Чаму Беларусь адцягвае вырашэньне гэтага пытаньня? Як Масква рэагуе на нявыкананыя абяцаньні Менску?

Удзельнікі: журналіст газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі зь Менску і загадчык аддзелу Беларусі Інстытуту краін СНД Аляксандар Фадзееў з Масквы.

Візыт Макея ў Абхазію

Валер Карбалевіч:
“Паводле заявы старшыні Дзярждумы Расеі Грызлова, беларускі бок абяцаў прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ў красавіку. Але шмат экспэртаў прагназавалі, што да ўстаноўчага саміту праграмы Эўразьвязу ”Ўсходняе партнэрства” ў Празе вырашэньне гэтага пытаньня Менскам мала верагоднае. Вось прайшоў праскі саміт. Чаго можна чакаць цяпер?

Адбыўся візыт кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Ўладзіміра Макея ў Абхазію. Гэта азначае хуткае прызнаньне — ці, наадварот, выглядае як адкупная за непрызнаньне?

Узгадваецца, як падчас каўкаскай вайны ў жніўні мінулага году Беларусь афіцыйна не падтрымала Расею, захоўвала нэўтралітэт. А каб залагодзіць Маскву, Менск адправіў у Паўднёвую Асэтыю гуманітарную дапамогу. Дык, можа, місія Макея — гэта новая форма гуманітарнай дапамогі, каб, з аднаго боку, не прызнаваць гэтыя тэрыторыі, а зь іншага боку, адкупіцца ад Расеі?”

Місія Макея ў Абхазію павінна паказаць, што пытаньне пра прызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ня зьнятае
Паўлюк Быкоўскі:
“Падаецца, што мэта гэтай місіі крыху іншая. Пытаньне палітыкі на постсавецкай прасторы ў Беларусі звычайна вырашаецца не на узроўні МЗС, а на ўзроўні адміністрацыі прэзыдэнта.

Місія Макея ў Абхазію павінна паказаць, што пытаньне пра прызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ня зьнятае. Але ў беларускіх мэдыях гэты візыт ніяк не афішаваўся. Таму, падобна, бліжэйшым часам гэтае пытаньне ня будзе вырашанае. Інфармацыі пра тое, што гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца ў Палаце прадстаўнікоў, няма”.

Аляксандар Фадзееў: “Падаецца, гэты візыт ня тычыцца пытаньня прызнаньня гэтых рэспублік. Ён цалкам адбываецца ў рамках міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Такое супрацоўніцтва не парушае заяўленага Беларусьсю сувэрэнітэту і непадзельнасьці Грузіі. Менск, напрыклад, актыўна праводзіць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва на тэрыторыі Расеі, але гэта ні ў кога не выклікае адмоўных эмоцый. Таму гэты візыт ня можа быць раздражняльнікам для Грузіі. Акрамя таго, гаворка ідзе пра разьвіцьцё эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Абхазіі”.

Чаму Беларусь адцягвае вырашэньне гэтага пытаньня?

Карбалевіч: “Чаму Беларусь не прызнае незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі? Краіну ўключылі ў праграму Эўразьвязу “Ўсходняе партнэрства”. Кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі і Ўкраіне сп. Тэйшэйра адзначыў, што па гэтым пытаньні ЭЗ ня ставіць ніякіх умоваў. Таму Менск цяпер мог бы зрабіць жэст у бок Расеі, прызнаць гэтыя самаабвешчаныя рэспублікі і так аднавіць балянс. Але Беларусь чамусьці цягне з вырашэньнем гэтага пытаньня. Чаму?”

Быкоўскі: “Пытаньне ня толькі ў пазыцыі ЭЗ ці Расеі. З аднаго боку, было б добра залагодзіць Маскву і прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Але пасьля гэтага яны папросяцца ў саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі. Калі гэтыя рэспублікі там апынуцца, то статус і ўплыў Беларусі ў саюзнай дзяржаве панізіцца да ўзроўню Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Беларусь, незалежнасьць якой агульнапрызнаная ў сьвеце, апынецца на ўзроўні рэспублік, якія прызналі толькі дзьве дзяржавы”.

Прызнаць гэтыя рэспублікі мог прэзыдэнт. Канстытуцыя Беларусі наўпрост гэта прадпісвае
Фадзееў:
“З гледзішча выкананьня саюзніцкага абавязку перад Расеяй, Беларусь павінна была б прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Але Менск яшчэ ў жніўні 2008 году атрымаў сыгналы з Брусэлю і Вашынгтону, што непажадана падтрымліваць Расею ў гэтым канфлікце. А ў Беларусі апошнія гады прыярытэтным стаў курс на паляпшэньне дачыненьняў з ЭЗ і ЗША. Зыходзячы з гэтага, Беларусь і вырашыла пачакаць, пакуль не прызнаваць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.

Дарэчы, прызнаць гэтыя рэспублікі мог прэзыдэнт. Канстытуцыя Беларусі наўпрост гэта прадпісвае. Гэта ня функцыя парлямэнту”.

Карбалевіч: “На мой погляд, у беларускім заканадаўстве ўвогуле не адрэгулявана пытаньне аб тым, хто і паводле якой працэдуры павінен прызнаваць новаствораныя дзяржавы”.

Прызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі — і крэдыты

Карбалевіч: “Цяпер ідуць перамовы паміж Беларусьсю і МВФ пра атрыманьне краінай новага траншу крэдыту. А ў палітыцы Міжнароднага валютнага фонду палітычны чыньнік адыгрывае пэўную ролю. Магчыма, нежаданьне Менску прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі выклікана і імкненьнем падгуляць Захаду і атрымаць крэдыт?”

Якраз Расея можа ўвязваць гэтае пытаньне з выдзяленьнем крэдыту
Быкоўскі:
“Думаю, што якраз Расея можа ўвязваць гэтае пытаньне з выдзяленьнем крэдыту. Апошні транш расейскага крэдыту ў памеры 500 млн. даляраў павінен быць выдзелены пасьля перагляду расейскага бюджэту. Старшыня праўленьня Нацбанку Беларусі Пракаповіч кажа, што гэтыя грошы будуць атрыманыя ў траўні, але Расея пакуль не пацьвярджае гэтага. Думаю, гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца на паседжаньні Саўміну саюзнай дзяржавы, які адбудзецца хутка ў Менску з удзелам Уладзімера Пуціна”.

Карбалевіч: “А якая рэакцыя Расеі на гэтае пытаньне? Ні прэзыдэнт, ні прэм’ер РФ пакуль ня выказаліся публічна на гэтую тэму. Заявы робіць то расейскі амбасадар у Беларусі, то вось сьпікер Дзярждумы. Увогуле, наколькі важная гэтая праблема для Расеі?”

Фадзееў: “Ня трэба перабольшваць важнасьць гэтай праблемы для Расеі. Тым ня менш, Масква давала зразумець Менску праз свайго амбасадара, чаго яна чакае ад Беларусі.

Але хоць фармальна Беларусь і застаецца саюзьнікам Расеі, у жніўні 2008 году яна спачатку ніяк не рэагавала на каўкаскія падзеі, потым рэакцыя ў расейскую падтрымку была запозьненай і мінімальнай. Масква ўлічвае такую пазыцыю Менску. І, магчыма, гэта прывядзе да рэвізіі стаўленьня Расеі да Беларусі. Удзел Беларусі ва “Ўсходнім партнэрстве” яшчэ больш ускладняе сытуацыю”.

Псыхалягічны чыньнік

Карбалевіч: “Магчыма, акрамя геапалітычных, эканамічных разьлікаў у гэтым пытаньні існуе і псыхалягічны чыньнік. Пакуль Паўднёвую Асэтыю і Абхазію прызнала толькі Расея. Што тычыцца Нікарагуа, дык тут супярэчлівая інфармацыя: ці то яна прызнала, ці не. І калі б у такой сытуацыі Менск прызнаў бы гэтыя рэспублікі, то ў сьвеце стваралася б уражаньне, што Беларусь — марыянэтка, сатэліт Расеі. І Лукашэнка баіцца такога іміджу. Думаю, што калі б незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі прызналі яшчэ пара дзяржаў, асабліва зь ліку краін СНД, то Лукашэнка зь лёгкасьцю вырашыў бы гэтае пытаньне”.

Быкоўскі: “Сапраўды, калі б быў хор прызнаньня, то Беларусі можна было б схавацца ў гэтым хоры. І, дарэчы, у такім выпадку пазыцыя Беларусі ўжо не была б такой важнай для Расеі”.

Справа не ў псыхалёгіі, а ў прагматызьме
Фадзееў:
“Пазыцыя Беларусі на міжнароднай арэне заўсёды была незалежнай. Таму думаю, што псыхалягічнага ціску на Лукашэнку не было. Да таго ж беларускі прэзыдэнт паказвае сябе як незалежны, у шмат якіх пытаньнях сьмелы палітык. Таму справа не ў псыхалёгіі, а ў прагматызьме.

Справа ў тым, што прызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі не супадае з курсам Беларусі на паляпшэньне дачыненьняў з Брусэлем і Вашынгтонам, на шматвэктарную палітыку”.

Які прагноз?

Карбалевіч:
“Які ваш прагноз? Ці прызнае Беларусь незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі?”

Быкоўскі: “Гэта няўдзячнае пытаньне. Думаю, верагоднасьць прызнаньня невысокая, ва ўсялякім разе ў бліжэйшай пэрспэктыве. А далей — як складзецца карта. Калі Паўднёвая Асэтыя і Абхазія дакажуць, што яны самастойныя дзяржавы, то пытаньне адпадзе само.

На пытаньне прызнаньня Беларусьсю гэтых рэспублік будзе ўплываць праблема, ці дадуць крэдытаў, хто дасьць больш”.

Фадзееў: “Складанасьць такіх прагнозаў ў тым, што ў Беларусі адзін цэнтар улады, адзін чалавек. Думаю, у сярэднетэрміновай пэрспэктыве чакаць прызнаньня гэтых рэспублік нельга”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG