Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што прапануе Расея ўзамен на саступкі па цэнах газ?


У інтэрвію беларускім мэдыям А.Лукашэнка заявіў, што падчас візыту ў Маскву 22 cьнежня будуць абмеркаваны цэны на расейскія энэрганосьбіты для Беларусі.

Паводле кіраўніка Беларусі, падчас сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым у Маскве будзе абмеркавана газавае пытаньне, якое не аднойчы ўжо закраналася. Аляксандар Лукашэнка даў зразумець, што пэўныя крокі з боку афіцыйнага Менску маюць сваю цану:

“У Расеі ёсьць вельмі вялікая цікавасьць па многіх кірунках да Беларусі. Яны хацелі, каб мы для Расеі рабілі тое, тое, тое: ад абароны да эканамічных і сацыяльных пытаньняў. Але гэта мае нейкую цану. Так? А мы хацелі б ад Расеі, каб Расея пастаўляла нам прыродны газ, нафту купляць будзем і гэтак далей”.

Аднак ва ўмовах падзеньня сусьветных коштаў на нафту яе цана для Беларусі павінна быць збалянсавана. Маўляў, Расеі неабходна зразумець, што “пры падзеньні попыту на беларускую прадукцыю Беларусь ня зможа заплаціць Расеі”. Паводле А.Лукашэнкі, “не хацелася б, каб Расея вырашала свае праблемы за кошт Беларусі”.

Дырэктар расейскага інстытуту СНД, дэпутат Канстанцін Затулін камэнтуючы гэтыя выказваньні адзначыў, што Расея павінна пайсьці насустрач Беларусі, але ўзамен на сустрэчныя крокі:

“Гэта не заўсёды толькі эканамічныя пытаньні. Гэта якраз пытаньні зьвязаныя з саюзнай дзяржавай, з каардынацыяй нашай зьнешнепалітычнай лініі ў рамках саюзнай дзяржавы. Анэкдотам, які зацягнуўся, стала абяцаньне разгледзець пытаньне пра статус Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Ня тое, што ў Расеі камплексуюць ад таго,
Анэкдотам, які зацягнуўся, стала абяцаньне разгледзець пытаньне пра статус Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі
што Абхазія і Паўднёвая Асэтыя не прызнаныя нікім, апроч Расеі і Нікарагуа. Але прызнаньне нікарагуанскае – гэта жывы папрок Беларусі. Нам не хацелася, каб нехта гандляваў стасункамі з Расеяй. Альбо мы разам, альбо паасобку ў пытаньні, якое нам вельмі дорага каштавала”.

У інтэрвію мэдыям Аляксандар Лукашэнка таксама падкрэсьліў, што будзе рашуча абараняць сувэрэнітэт і незалежнасьць. Паводле Канстанціна Затуліна, няма неабходнасьці падкрэсьліваць гэта перад візытам у Маскву. Маўляў, “калі бясконца падкрэсьліваць сувэрэнітэт, то ніколі не адбудзецца інтэграцыя”.

Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук прагназуе, калі Расея ня пойдзе на саступкі і А.Лукашэнка ня прыме расейскі сцэнар, то цана на газ для Беларусі складзе каля 200 даляраў за тысячу кубамэтраў плюс-мінус 20%. Аднак расейскі бок усяляк дамагаецца паслабленьня сувэрэнітэту Беларусі:

“Усе варыянты, якія прадугледжаныя ў так званай “саюзнай дзяржаве” – усё гэта трансфэрт сувэрэнітэту ў Крэмль. І таму гэтыя варыянты для Лукашэнкі на сёньня непрымальныя. Але ён павінен разумець, што ў гэтым кантэксьце альтэрнатыва павінна быць – вельмі пасьлядоўная, лібэральная рэформа ўсіх сфэраў нашага жыцьця.

Расея ўжо дала многа крэдытаў і гатова даць яшчэ, але пад жорсткія варункі. І сёньня ісьці на гэтыя варункі нельга. Бо яны выцякаюць з сутнасьці беларускай плянавай эканомікі. А калі мы зьменім эканоміку, то крэдытораў у нас будзе на антыкрызысныя праграмы значна больш. І яны будуць больш стабільныя і палітычна нэўтральныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG