Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месячнік прайшоў, п’янства засталося


Цягам месяцу, з 25 студзеня да 25 лютага ў Беларусі па ініцыятыве Міністэрства ўнутраных спраў праводзіўся комплекс прафіляктычных мерапрыемстваў пад умоўным назовам “ДабраБыт”, накіраваны на прафіляктыку асацыяльных паводзінаў грамадзянаў ў сфэры сямейна-бытавых адносінаў. На прымусовае лячэньне ад алькагалізму толькі ў сталіцы накіравана больш за 200 хранічных алькаголікаў. Пастаўлена на наркалягічны ўлік больш за 400 чалавек. Наколькі эфэктыўныя гэтыя захады?

СЛУХАЦЬ:


Летась кожны беларус выпіў у сярэднім 12,4 літра ў пераліку на чысты сьпірт. Плянка, пасьля якой пачынаецца актыўная дэградацыя, — 8 літраў на чалавека за год. Народ абураецца:

“Ой, п’юць! Да па-страшнаму п’юць! Ды бабы п’юць. Панапіваюцца і ходзяць па вуліцы. А сьмярдзяць — жах як! Хай іх халера… Гоняць самагонку, цукровіцу…”

Начальнік упраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Ігар Броўка кажа:

На ўліку ў наркалягічнай службе стаіць 178 тысяч хранічных алькаголікаў.
“Міністэрства аховы здароўя вельмі заклапочанае праблемай п’янства, алькагалізацыі нашага насельніцтва — збольшага мужчынскага — і вельмі вялікай сьмяротнасьці, якая з гэтай прычыны адбываецца”.

На ўліку ў наркалягічнай службе стаіць 178 тысяч хранічных алькаголікаў. Чвэрць зь іх — жанчыны. Але гэта толькі вяршыня айсбэргу. 5 гадоў таму ў Беларусі адрадзілі лячэбна-працоўныя прафілякторыі. Цяпер у краіне іх чатыры, адзін жаночы. Цягам месячніку пад назовам “Дабрабыт” на прымусовае лячэньне ад алькагалізму накіравана больш за 200 хранічных алькаголікаў. Праводзілі іх урачыста, пад музыку, з аркестрам, з падарункам — пакетам кефіру:

“Сёньня мы накіравалі на прымусовае лячэньне 35 чалавек, гэта першае накіраваньне сёлета. У 2008 годзе мы накіравалі 850 чалавек. З гэтых 850 чалавек 135 — жанчыны. Тут была раздача кефіру, каб ім было з раніцы лягчэй. Бо раніцай яны не зусім добра пачуваюцца”.

Палкоўнік міліцыі Юры Сарокін распавядае пра лячэньне ў ЛПП:

“Год-паўтара яны там знаходзяцца. Родныя, суседзі, грамадзтва ад іх адпачывае, гэта раз. Па-другое, у іх ёсьць час задумацца над сваімі праблемамі. Гэта не судзімасьць, нягледзячы на тое, што пра іх ізаляцыю прымае рашэньне суд. Ёсьць, канечне, людзі, які тры, чатыры разы трапляюць у ЛПП, але ёсьць людзі, якія выпраўляюцца”.

Псыхоляг Вячаслаў Цырлін, які спэцыялізуецца на працы з алькаголікамі і наркаманамі, перакананы, што накіраваньне ў ЛПП — гэта не панацэя і нават не лячэньне, а часовая ізаляцыя чалавека:

“Любая ізаляцыя да лячэньня адносінаў ня мае. Яна зьяўляецца толькі мерай застрашэньня. Калі цукровага дыябэтыка, да прыкладу, палохаць чымсьці — палохай, не палохай, хвароба не мяняецца. Паколькі алькагалізм значна страшней за цукровы дыябэт, бо мае яшчэ псыхалягічную, сацыяльную, духоўную падаплёку, акрамя мэтабалічнай, то гэта наўрад ці спрацуе. Таму да мэтадаў лячэньня ЛПП не адносіцца”.

У Беларусі злоўжываюць алькаголем 30% насельніцтва.
У Беларусі злоўжываюць алькаголем 30% насельніцтва. Ахвярамі забойстваў п’янымі грамадзянамі летась сталі 247 чалавек, па віне нецьвярозых кіроўцаў зьдзейсьнена больш за 600 цяжкіх дарожна-транспартных здарэньняў, загінула 166 чалавек, 1100 паранена. Больш за 2 з паловай тысячы чалавек загінула з-за ужываньня няякаснага алькаголю. У краіне кожны год ад хваробаў, зьвязаных са злоўжываньнем алькаголю, памірае каля 10 тысяч чалавек.

Міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў выказвае заклапочанасьць тым, што народ стаў ужываць больш піва і так званых “чарніл” — танных пладова-ягадных вінаў:

“За апошні год толькі на крыху скарацілася колькасьць спажываемых такіх сьпіртных напояў, як сухія віны і каньякі — а ўсе астатнія павялічыліся, на 2% рост. А што тычыцца піва — на 25% спажываньне павялічылася”.

Падчас месячніку “ДабраБыт” толькі ў Менску праверана больш за 200 гандлёвых кропак. Паводле міліцэйскіх справаздачаў, выяўлена толькі 30 выпадкаў парушэньня правіл гандлю сьпіртнымі напоямі, зь іх — толькі 12 выпадкаў продажу сьпіртнога непаўналетнім. Але кожны падлетак скажа, што піва купіць — не праблема. Настаўніца прэстыжнай гімназіі распавяла:

“У мяне быў выпадак, калі дзеці на перапынку пайшлі ў краму, і ім прадалі пляшку гарэлкі, якую яны ў перапынку выпілі ў пад’езьдзе на траіх”.

Уладзімер Навумаў перакананы, што забаронай, сухім законам праблему ня вырашыш:

“Строгія забаронныя захады мы ўжо спрабавалі. Паверце мне, гэтым мы праблему ня вырашым. І таму мы вырашылі рабіць іншыя захады па прадухіленьні п’янства: узмацнілі прафіляктычныя захады — у пляне павышэньня культуры спажываньня”.

Міліцэйская справаздача па выніках спэцапэрацыі “ДабраБыт” стракаціць дзеясловамі: праверана, выяўлена, прыцягнута да адміністратыўнай адказнасьці, адпрацавана, накіравана, узбуджана, прадухілена… І лічбы. Псыхіятар Вячаслаў Цырлін занепакоены іншым:

Насамрэч гэта найцяжэйшае захворваньне псыхіятрыі.
“Гаворка ідзе пра тое, каб зразумець, што такое алькагалізм у глыбіні сваёй, тады і падыходы можна выпрацоўваць. Пакуль у грамадзтве існуе шмат ілюзіяў, што гэта за хвароба. Яе лічаць маральнай праблематыкай — амаральнымі паводзінамі, распустай. А насамрэч гэта найцяжэйшае захворваньне псыхіятрыі, неасэнсаваньне ўласнай рэальнасьці, нежаданьне жыць, суіцыдальная тэндэнцыя, самаразбуральная”…

Як прызнаўся летась у гутарцы з журналістамі расейскіх СМІ Аляксандар Лукашэнка, “наўрад ці славяне могуць перамагчы гэтае зло. Галоўнае, каб людзі, якія злоўжываюць, не перашкаджалі жыць іншым”. У атачэньні дзясятка целаахоўнікаў, па прачышчаным маршруце, яму наўрад ці хтосьці асьмеліцца перашкаджаць. А простым грамадзянам даводзіцца толькі абурацца:

“Калі ў нядзелю ўвечары ідзеш па горадзе, паўсюль пустыя бутэлькі, тут кругом сьметніца, у падваротнях п’юць, прайсьці да ўнівэрсаму проста страшна…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG