Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віленскі аэрапорт увечары 3 сьнежня і ў ноч на 4 сьнежня закрываўся тройчы


Віленскі аэрапорт
Віленскі аэрапорт

Шторазу — праз навігацыйныя знакі, характэрных для паветраных шароў, паблізу лётнішча.

Як пісала Свабода, 3 сьнежня, а 19:36 паветраная прастора над Віленскім аэрапортам была зачыненая з-за выяўленьня навігацыйных знакаў, характэрных для паветраных шароў, у зонах, рызыкоўных для авіяцыі. Гэта адбылося з прычыны «гібрыднай атакі, зьдзейсьненай Беларусьсю супраць Літвы, цывільнай авіяцыі і грамадзтва».

Аэрапорт аднавіў працу, а 21:06 пасьля зьняцьця абмежаваньняў на паветраную прастору, напісала дырэкцыя аэрапорту на сваім сайце.

У той жа вечар, а 22:24 радары зноў заўважылі знакі, характэрныя для пралёту паветраных шароў. Паветраная прастора над Віленскім аэрапортам была зноў закрытая. Вымушаны перапынак у працы працягваўся да 00:56.

А ўжо ў ноч на 4 сьнежня, а 01:15 адбылося новае закрыцьцё паветранай прасторы, і лётнішча не працавала. Праца аднавілася, а 02:30.

Паводле папярэдніх ацэнак аэрапорту, гэтыя абмежаваньні паветранай прасторы закранулі 27 рэйсаў і 3134 пасажыраў. З гэтых рэйсаў 5 былі перанакіраваныя ў аэрапорт Коўны, адкуль пасажыраў адвезьлі назад у Вільню аўтобусамі, 17 рэйсаў былі затрыманыя, а 5 рэйсаў скасаваныя.

3 сьнежня ў МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі і ўручылі яму ноту пратэсту.

Прычынай сталі няспынныя гібрыдныя атакі з тэрыторыі Беларусі кантрабандысцкімі балёнамі, якія парушаюць працу Віленскага аэрапорту і пагражаюць бясьпецы цывільнай авіяцыі, а таксама блякаваньне літоўскіх грузавікоў з прычэпамі, якім улады Беларусі не дазваляюць вярнуцца назад у Літву, вынікае з паведамленьня МЗС Літвы.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы 27 кастрычніка 2025 году зусім закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
  • Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG