Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці існуе ў Беларусі мэцэнацтва?


Паняцьце мэцэнацтва паходзіць ад прозьвішча старажытнарымскага дзеяча Мэцэната, які афіцыйна не займаў ніякіх дзяржаўных службовых пасад, а выконваў розныя даручэньні імпэратара Актавіяна Аўгуста. Маючы вялікія матэрыяльныя сродкі і значны ўплыў на імпэратара, Мэцэнат выкарыстоўваў гэта для падтрымкі літаратуры і мастацтва, апекаваў многіх дзеячаў тагачаснай культуры. Дзякуючы яго апякунству, нарадзіліся дзівосныя паэтычныя шэдэўры Вергілія, Гарацыя. Практыка матэрыяльнай і маральнай падтрымкі таленавітых, здольных людзей і іх творчасьці з боку добразычлівых прадпрымальнікаў, камэрсантаў і дзяржаўных дзеячаў зь цягам часу набыла характар традыцыі і стала называцца мэцэнацтвам.

Ці ёсьць у Беларусі мэцэнацтва? Ці падтрымліваюць беларускую культуру, мастацтва, розныя сацыяльныя праекты заможныя беларусы?

У Вялікім Княстве Літоўскім першыя зьвесткі пра мэцэнацтва зьвязаныя з кнігавыдавецкай і асьветніцкай дзейнасьцю Францішка Скарыны, кажа гісторык Алесь Краўцэвіч:

Алесь Краўцэвіч
“Дастаткова ўзгадаць Францішка Скарыну, які быў бібліятэкарам герцага Прускага, ён быў батанікам караля чэскага. Дастаткова ўспомніць Уладзіслава Сыракомлю, які працаваў сакратаром у маёнтку Радзівілаў. Увогуле, усе тэатры — там толькі на мэцэнацтве ўсё трымалася. Усе магнаты ў Беларусі мелі тэатры: Радзівілы, Сапегі, Агінскія. І трупу яны ня толькі з прыгонных набіралі, але запрашалі і з Рэчы Паспалітай, і з Эўропы. Самы буйны выпадак — калі прыватны архіў князёў Радзівілаў у Нясьвіжы меў статус архіву Вялікага Княства Літоўскага. Таксама мэцэнацтва”.

І такіх прыкладаў — безьліч. Пры пасярэдніцтве Радзівілаў (Мікалая Чорнага і Мікалая Сіроткі) у 1550 — 60-я гады заснаваны першыя ў Беларусі Берасьцейская і Нясвіская друкарні. Палітычны і грамадзкі дзеяч ВКЛ Антоній Тызэнгаўз заснаваў у Горадні кадэцкі корпус, гандлёвую, землямерную, мэдычную і іншыя школы, стварыў тэатар. На аснове буйных архіўных і кніжных збораў, багатых калекцый жывапісу, зброі, прыкладнога мастацтва, сабраных у магнацкіх уладаньнях Алелькавічаў, Астроскіх, Радзівілаў, Хадкевічаў, Храптовічаў, Сапегаў, Тышкевічаў пазьней створаныя бібліятэкі, музэі, архівы.

На пытаньне, ці зьяўляецца мэцэнацтва адметнасьцю беларусаў, гісторык Алег Трусаў адказаў так:

Алег Трусаў
“Гэта агульнахрысьціянская рыса, па-першае. Дзесяціна на царкву. Дарэчы, і ў мусульман дзесяціна на царкву ёсьць. Плюс чыста беларуская рыса — гэта талака, калі ўсе разам робяць. Ці чалавеку грошы зьбіраюць, калі дом згарэў Для беларусаў гэта нармальная зьява, яна яшчэ сягае ў дахрысьціянскія часы”.

Алег Трусаў распавёў, што менавіта дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы неабыякавых людзей і існуе грамадзкае аб’яднаньне Таварыства беларускай мовы, выходзіць газэта “Наша слова”:

“Простыя людзі падтрымліваюць. Пэнсіянэры, настаўнікі, студэнты ахвяруюць і 1 тысячу рублёў, і 5, і 10. Прадпрымальнікі ёсьць. Некаторыя і па 100 тысяч пералічваюць. Вось нядаўна адзін прадпрымальнік 1,5 мільёна ахвяраваў. То бок розныя людзі. У асноўным, ахвяраваньні невялікія, але іх шмат, таму мы і трымаемся. Асноўная маса гэта робіць сьвядома, адкрыта, і мы друкуем іх імёны ў “Нашым слове” для гісторыі”.

Зьміцер Сасноўскі
Некаторыя культурніцкія, музычныя праекты падтрымліваюць беларусы замежжа. Заснавальнік і кіраўнік гурту “Стары Ольса” Зьміцер Сасноўскі вельмі ўдзячны Ірэне Каляда-Сьмірновай, кіраўніцы Беларускага дабрачыннага фонду “Этнічныя галасы Амэрыкі”:

“Апошнія 4 альбомы рабіліся пры яе падтрымцы. Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” нас падтрымлівае, асабіста Алена Макоўская. Яны 8 гадоў нам дапамагаюць. 4 гады давалі нам прытулак у выглядзе пакоя для офіса. Арганізоўвалі нашы гастролі за мяжой, дапамагалі выдаваць дыскі, прадастаўлялі кампутарную тэхніку, вярсталі вокладкі альбомаў. Дапамагалі ўсім, чым можна. Нават вырашалі, якія строі нам пашыць”.

Кіраўнік прадусарскага цэнтру “Беларуская музычная альтэрнатыва” Віталь Супрановіч кажа, што пасьля зьменаў у Законе аб рэкляме фундатараў стала менш:

Віталь Супрановіч
“Былі спонсары, якія нам аказвалі дапамогу ў аплаце рэклямы. А цяпер у нас такое заканадаўства, што, напрыклад, піўныя кампаніі, якія хацелі б быць фундатарамі, дапамагаць, згодна з нашым заканадаўствам ня маюць права гэта рабіць. Калі гэта было яшчэ дазволена, то, напрыклад, бровар “Баброў” даволі шмат фінансаваў канцэртаў. На Ўкраіне, напрыклад, дазволена на канцэртах рэклямаваць нават гарэлку, і там гэтыя фірмы падтрымліваюць канцэрты. Але ў нашай краіне заканадаўства стрымлівае гэтую дапамогу”.

І тым ня менш, знаходзяцца прыватныя асобы, якія дапамагаюць, і істотна, музыкам, мастакам, творцам, перакананы Зьміцер Сасноўскі.

“Напрыклад, беларускі бізнэсоўца Алесь Прысмакоў, які зьяўляецца інфармацыйным спонсарам усіх нашых канцэртаў, дапамагае нам рабіць і распаўсюджваць рэкляму. Вельмі актыўнай у справе мэцэнацтва стала кампанія “БелПІ”, якая выпускае “Крамбамбулю”. Браты Дайнэкі — вельмі сьвядомыя людзі, беларускамоўныя. І ў іх вельмі вялікая праграма па падтрымцы музыкаў, культурных дзеячаў Беларусі. Абавязкова ўзгадайце страўню “Камяніца”, вельмі нам дапамагаюць: ужо 4 прэсавыя канфэрэнцыі арганізавалі”.

Літаральна тыдзень таму гурт “Класік-Авангард” Белдзяржфілярмоніі пад кіраўніцтвам Уладзімера Байдава зладзіў канцэрт “Партытуры магнацкага двору”, на якім музыкі і вядоўцы распавялі, як суіснавалі побач мэцэнат і творца, якія традыцыі мэцэнацтва існавалі некалькі стагодзьдзяў таму. І хочацца спадзявацца, што нягледзячы на “нацыянальныя асаблівасьці” ўсясьветнага крызісу і складаныя ўмовы жыцьця, будуць і надалей знаходзіцца добрыя людзі, якія падтрымаюць таленты, творцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG