Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе з замежнымі мовамі?


Згодна з Дэкрэтам прэзыдэнта №15 “Аб асобных пытаньнях агульнай сярэдняй адукацыі” школьнікі будуць вывучаць замежныя мовы цяпер з трэцяй клясы.

Пад пагрозай скасаваньня паглыбленыя курсы вывучэньня моваў у агульнаадукацыйных школах, ня будзе спэцыялізаваных клясаў, скарачаецца колькасьць гадзінаў на вывучэньне замежных моваў. Да новага навучальнага года застаецца менш за тыдзень, а ўцямнасьці, па якіх праграмах будзе весьціся выкладаньне, няма.

Настаўнікі замежных моваў – у разгубленасьці. Многія проста сыходзяць са школы. Алеся Серада выкладала ў сталічнай гімназіі №23 кітайскую мову. Зараз у другаклясьнікаў, якія ўжо год вучылі мову, замежнай мовы ня будзе – да наступнага году. Алеся зьбіраецца звальняцца:

“Спадзяюся, што я ў школе працаваць ня буду, але мне вельмі шкада маіх калегаў. Я ня ведаю, што яны будуць рабіць, таму што, у прынцыпе, так выкладаць і вывучаць мову немагчыма. Нават калі дарослы чалавек перарывае навучаньне, ён можа страціць за паўгода тое, што вывучыў”.

У ліцэях і гімназіях будуць факультатывы

Дырэктарка сталічнай гімназіі №2 з паглыбленым вывучэньнем францускай мовы Рамуальда Раманаўна тлумачыць, што ў ліцэях і гімназіях сытуацыя яшчэ больш-менш прыймальная, бо даецца больш самастойнасьці ў вызначэньні колькасьці гадзінаў кіраўніцтву навучальнай установы. Мовы будуць вывучацца на тым самым узроўні за кошт факультатываў:

“У дачыненьні паглыбленага вывучэньня замежная мова застаецца, але ж не адразу, гімназічныя клясы пачынаюцца зь пятай клясы. Але мы будзем выпраўляць гэтую сытуацыю за кошт факультатыву. У нас дзеці ўжо ў пятай клясе валодаюць мовай, таму ў гімназічных клясах застаецца 4 гадзіны францускай мовы”.

Першаклясьнікі па жаданьні ў другой сталічнай гімназіі будуць вывучаць францускую мову факультатыўна. Праблема ўзьнікае з тымі дзецьмі, якія вывучалі мову ў першай клясе гімназіі, а цяпер ідуць у другую клясу, дзе замежнай мовы ня будзе. Пытаюся ў дырэктаркі гімназіі:

Карэспандэнтка: “Гэта год перапынак у іх будзе?”

“Так, з трэцяй клясы мова пачынаецца”.

Дырэктарка беларускамоўнай гімназіі №23 Ніна Нікіціна распавядае пра сытуацыю ў сваёй навучальнай установе:

Нікіціна: “У другой клясе дырэктар мае права разьмяркоўваць гадзіны і даваць магчымасьць вывучаць замежную мову, калі дзеці гэта пачалі ў першай клясе, што мы і робім. Па-другое, калі раней замежную мову вывучалі 3 гадзіны, а жаданьне бацькоў яшчэ 3 гадзіны вывучаць замежную мову – калі ласка, пішыце заявы і вывучайце з другой па адзінаццатую клясу. А ў першай клясе, улічваючы, што ў нас адна мова ангельская, а другая – кітайская, мы вырашылі пачаць са знаёмства з краінай. Павінен вучань спачатку ведаць гісторыю краіны”.

Не пашанцавала школам з паглыбленым вывучэньнем моваў

Раней у звычайных школах вывучэньне замежнай мовы пачыналася з другой клясы, па дзьве гадзіны на тыдзень. На паглыбленым узроўні дзеці мову пачыналі вывучаць з першай клясы – па 3 гадзіны на тыдзень. Зараз жа не пашанцавала школам, якія ня мелі статусу гімназій і ліцэяў, але дзе замежныя мовы вывучаліся па паглыбленым узроўні. Да прыкладу – барысаўскім спэцыялізаваным школам №15 і 17 з паглыбленым вывучэньнем адпаведна ангельскай і гішпанскай моваў. Тлумачыць супрацоўніца Барысаўскага раённага аддзелу адукацыі:

“Яны не былі ліцэямі і гімназіямі, але на іх распаўсюджваўся вучэбны плян ліцэяў і гімназіяў. У гімназіях і ліцэях захаваўся гэты плян, а ў такіх школах – не. А паколькі настаўнікі нават не на павышаным узроўні займаліся – па 3 гадзіны на тыдзень, а на паглыбленым – 6 гадзін на тыдзень, то з 10-ці, напэўна, 8 настаўнікаў засталіся наагул без нагрузак. Там замежныя мовы будуць захаваныя, але за кошт факультатыўных заняткаў. У сувязі з гэтым востра паўстала пытаньне: а ці можна браць настаўніка толькі на факультатыўныя заняткі? Раней нам гэта было катэгарычна забаронена”.

“Факультатыў па вызначэньні азначае неабавязковае наведваньне”

Але сёлета быццам бы гэта будзе дазволена, бо вельмі шмат настаўнікаў застанецца без асноўнай загружанасьці, без гадзінаў, як кажуць у школах. Такім школам “рэкамэндавана захаваць вывучэньне замежнай мовы на паглыбленым узроўні на факультатыве (2 гадзіны ў раскладзе, адна – на факультатыве)”, паведаміла Мінадукацыі. Але паўстае яшчэ шмат праблем, кажа супрацоўніца Барысаўскага раённага аддзелу адукацыі:

“Факультатыў па вызначэньні азначае неабавязковае наведваньне. Гэта факультатыўны курс, не абавязковы для вывучэньня. І ўсе пакуль ня ведаюць, як з гэтага “выруліць”. Але нават ня гэта самая вялікая праблема. Самая вялікая праблема – падручнікі”.

Дарэчы, многія факультатывы будуць платнымі. Дагэтуль невядома, па якіх падручніках і праграмах будуць вучыцца школьнікі. Настаўніца кітайскай мовы Алеся Серада выказала такое меркаваньне:

“Куды нас вядзе рэформа адукацыі? Я думаю, яна вядзе да таго, што нікому ніякія мовы ня будзе патрэбна ведаць. Думаю, што ўрэшце вывучаць мову толькі тыя дзеці, каму хопіць сілаў вучыцца пасьля школы, пасьля ўрокаў. Альбо такія дзеці, у чыіх бацькоў хопіць грошай, каб займацца ў рэпэтытараў альбо ў прыватных нейкіх установах ня школьнага асяродзьдзя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG