Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз мэтэазонды зноў зачынены Віленскі аэрапорт

абноўлена

Балён з кантрабандай зь Беларусі ў Літве. Архіўнае фота
Балён з кантрабандай зь Беларусі ў Літве. Архіўнае фота

Нацыянальны цэнтар кіраваньня крызісамі Літвы паведамляе, што з прычыны мэтэазондаў зноў зачынены Віленскі аэрапорт.

Інфармуюць аб заўважаных неапазнаных аб’ектах, якія радары ідэнтыфікуюць як мэтэазонды, паведамляе DELFI.

Літоўскае дзяржпрадпрыемства «Паветраны рух» інфармуе, што палёты ў Віленскім аэрапорце спыненыя з 21.32. Аднавіць інфармацыю плянуюць да 2 гадзін ночы. Пасажырам рэкамэндуецца сачыць за інфармацыяй аэрапорта і сваіх авіякампаній.

Гэта ўжо другі вечар запар, калі ў Літве спыняюць працу аэрапортаў. Палёты ў пятніцу ўвечары былі спыненыя ў Віленскім і Коўнескім аэрапортах з прычыны мэтэазондаў. Неўзабаве пасьля гэтага стала вядома аб закрыцьці КПП на мяжы з Беларусьсю да 12 гадзін 25 кастрычніка.

У аўторак увечары з прычыны мэтэазондаў з Беларусі быў зачынены Віленскі аэрапорт і КПП не працавалі да 9 гадзінаў 22 кастрычніка. Па дадзеных Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі Літвы, ў пятніцу было зафіксавана некалькі дзясяткаў мэтэазондаў. Па словах кіраўніка НЦУК Відмантаса Віткаўскаса, аэрапорты панесьлі шкоду на суму як найменей 17 000 эўра.

Раней сёньня Літва ўручыла Беларусі другую за тыдзень ноту пратэсту праз парушэньне паветранай прасторы, паведамляе інфармацыйнае агенства Позірк.

Часоваму паверанаму ў справах Беларусі 25 кастрычніка ўручаная «строгая нота пратэсту» у сувязі з другім за гэты тыдзень выпадкам парушэньня паветранай прасторы Літвы зь беларускага боку, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў гэтай балтыйскай дзяржавы.

«Увечары 24 кастрычніка 2025 года кампэтэнтныя органы Літвы зафіксавалі паўторнае незаконнае перасячэньне паветранай прасторы краіны арганізаванай групай мэтэаралягічных паветраных шароў, запушчаных з тэрыторыі Беларусі, — гаворыцца ў паведамленьні. — Гэты інцыдэнт зноў пацягнуў значныя фінансавыя страты для літоўскіх аэрапортаў, авіякампаній і падарожнікаў».

У ноце МЗС падкрэсьліў, што такія дзеяньні ёсьць грубым парушэньнем міжнароднага права, зьвярнуў увагу на паўтаральны характар парушэньня літоўскай паветранай прасторы з боку Беларусі, заклікаў «неадкладна перадаць праз усталяваныя дыпляматычныя каналы падрабязныя тлумачэньні інцыдэнтаў, што адбыліся, і зрабіць захады, каб не дапусьціць іх паўтарэньня».

Літоўскае зьнешнепалітычнае ведамства папярэдзіла прадстаўніка ўладаў у Менску, што Вільня «расцэньвае гэтыя інцыдэнты як сьвядомую правакацыю і эскаляцыю напружанасьці».

Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене папярэдзіла, што ў выпадку яшчэ аднаго масавага прылёту аэрастатаў з кантрабандай мяжа з Беларусьсю будзе закрытая. Пра пэрспэктывы закрыцьця мяжы «на больш працяглы тэрмін» заявіў галоўны дарадца літоўскага прэзыдэнта Дэйвідас Матулёніс.

На гэтым фоне Ругінене анансавала новае пасяджэньне Камісіі па нацыянальнай бясьпецы на наступным тыдні, падчас якога плянуецца «ацаніць наступствы ўжо прынятых рашэньняў і абмеркаваць, якія яшчэ захады можна зрабіць у кароткатэрміновай пэрспэктыве, каб нанесьці шкоду як кантрабандыстам, так і рэжыму Лукашэнкі, які дазваляе ім бясчынстваваць».

Беларуская лідэрка дэмсілаў Сьвятлана Ціханоўская назвала інцыдэнты з аэрастатамі сьведчаньнем таго, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі «выкарыстоўвае кантрабанду як інструмэнт гібрыднай атакі супраць Эўропы».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG