«Зароблена прыкладна 19,4–19,5 мільёна рублёў — гэта на 3 мільёны больш, чым на красавіцкім суботніку», — сказала чыноўніца (на падставе відэакамэнтара ў тэлеграм-канале ўрада).
Па выніках суботніка 12 красавіка віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак сапраўды казаў пра сабраныя 16,5 млн рублёў, што не супярэчыць словам Пяткевіч. Разам з тым, згодна з данымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, якія з’явіліся пазьней, для «пералічэньня па прызначэньні» пасьля таго суботніка паступіла больш за 18,5 млн рублёў.
Натальля Пяткевіч нагадала, што ў адпаведнасьці з пастановай Савета міністраў 50% сабраных на суботніку 25 кастрычніка сродкаў будзе накіравана на «мэты, што заплянаваныя ў рэгіёнах», іншыя 50% — на ўзьвядзеньне новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музэя.
Беларускае заканадаўства забараняе прымусовую працу. Тым ня менш удзел у суботніку — перанятай у СССР практыцы ўцягваньня грамадзян у «грамадзка карысную занятасьць» без аплаты іх працы — фактычна прымусовы, прынамсі для работнікаў бюджэтных арганізацый. Паўсюднай стала практыка пабораў «на суботнік».
У Беларусі 25 кастрычніка прайшоў першы восеньскі суботнік. У яго рамках як мінімум у работнікаў бюджэтнай сфэры будзе забраны дзённы заробак — гэтак жа адбываецца штогод падчас вясновых суботнікаў.
Сума адбіраемых сродкаў вылічаецца шляхам дзяленьня заработнай платы на 30, паведамілі«Позірку» некалькі чалавек, якія працуюць у бюджэтных арганізацыях.
Згодна з пастановай урада ад 16 кастрычніка, фармальна суботнік рэкамэндавана правесьці «на добраахвотнай аснове» — «на працоўных месцах альбо ажыцьцявіць азеляненьне, добраўпарадкаваньне і прывядзеньне ў належны стан аб’ектаў і тэрыторый населеных пунктаў, знакавых аб’ектаў, гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, мэмарыяльных комплексаў, месцаў баявой і вайсковай славы, пахаваньняў воінаў і партызан часоў Вялікай Айчыннай вайны».
Форум