Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быць журналістам сярод гангстэраў


У сувязі з частымі і небясьпечнымі атакамі супраць журналістаў Радыё Свабода ў Сярэдняй Азіі, прызыдэнт Радыё Джэфры Гедмін выступіў з артыкулам у „The Washington Post” .

Мінулай восеньню дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі Ўзбэкістану правялі кампанію ганьбаваньня Алішэра Саіпава, які асьвятляў пытаньні правоў чалавека для Голасу Амэрыкі і Радыё Свабода. Неўзабаве пасьля гэтага 26-гадовага журналіста застрэлілі перад ягоным бюро ў Ошы ў Кіргістане. Абаронцы правоў чалавека лічаць, што Саіпава — этнічнага ўзбэка, які нарадзіўся і пражываў у Кіргістане — забіла служба бясьпекі з суседняга Ўзбэкістану.
На мінулым месяцы узбэцкія СМІ зноў пачалі кампанію падбухторваньня. Дзяржаўнае тэлебачаньне зганьбіла ўсю ўзбэцкую службу Радыё Свабода, абвінавачваючы яе журналістаў у крымінальных злачынствах і публікуючы іх фатаграфіі ды прыватную інфармацыю пра іх сямейнікаў, улучна з хатнімі адрасамі. Апошнімі днямі тэлебачаньне паказала гэтую праграму прынамсі тры разы. Саіпаў атрымліваў пагрозы перад сваёй сьмерцю, а на мінулым месяцы першую пагрозу жыцьцю атрымаў наш калега ў Празе. Гэта злавесная схэма.
Таксама на мінулым месяцы міліцыя арыштавала Саліжона Абдурахманава, аднаго зь нешматлікіх незалежных журналістаў ва Ўзбэкістане, абвінавачваючы яго ў перахоўваньні наркотыкаў. Гэта, відаць, улюбёны трук. Раней сваяка аднаго ўзбэцкага журналіста засудзілі да 10 гадоў турмы за перахоўваньне наркотыкаў — неўзабаве пасьля таго, як уладам стала вядома пра яго намер зьбегчы за мяжу.
Так выглядае падобны на гангстэрскае падпольле сьвет сёньняшняй Сярэдняй Азіі. Гэтая вартая жалю сытуацыя з правамі чалавека ставіць палітыкаў перад ужо вядомай дылемай. Наступнаму прэзыдэнту ЗША трэба будзе штодзённа намагацца, каб збалянсаваць інтарэсы нашай бясьпекі з нашымі забавязаньнямі перад дэмакратыяй і правамі чалавека. А стаўкі ў Сярэдняй Азіі вельмі высокія.
Сьвет сёньняшняй Сярэдняй Азіі падобны на гангстэрскае падпольле
У Казахстане і Туркмэністане, краінах багатых на нафту і газ – рэпрэсіўныя рэжымы. Прыхільнасьць абодвух рэжымаў стараюцца здабыць Расея і Кітай. Ва Ўзбэкістане, які арганізацыя FreedomHouse ставіць упоравень з Паўночнай Карэяй, калі йдзецца пра датрыманьне палітычных правоў і грамадзянскіх свабодаў, знаходзяцца вайсковыя базы, што выкарыстоўваюцца ЗША і НАТА для апэрацый у Афганістане. У траўні 2005 узбэцкія сілы бясьпекі адкрылі агонь па антыўрадавай дэманстрацыі ў горадзе Андыжон на ўсходзе краіны, забіўшы каля 1000 дэманстрантаў. Калі адміністрацыя Буша скрытыкавала ўрадавую рэакцыю, узбэцкія ўлады выдварылі амэрыканскіх жаўнераў з краіны. Урад таксама зачыніў ташкенцкае бюро Радыё Свабода пасьля таго, як нашы журналісты паспрабавалі расьследаваць гэтую разьню.
З таго часу адносіны Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода з узбэцкім урадам застаюцца ў замарожаным стане. Афіцыйныя асобы бачаць пагрозу ў нашым незалежным асьвятленьні праблемаў аховы здароўя, правоў чалавека ды грамадзкіх, культурных і палітычных пытаньняў.
Пасьля Андыжону Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз імкнуліся перабудаваць свае адносіны з Ташкентам. Ды ўзбэцкі ўрад не дапамагае паслабіць напружанасьць. У мінулым годзе высокапастаўленая службовая асоба ЭЗ ахарактарызавала сытуацыю з правамі чалавека ва Ўзбэкістане як „вартую жалю”. Эўрапейскі Зьвяз хацеў быць суарганізатарам канфэрэнцыі па пытаньнях СМІ ў Ташкенце ў чэрвені, але калі стала відавочна, што ўрад стараецца маніпуляваць гэтым мерапрыемствам, эўрапейцы былі вымушаныя адмовіцца ад удзелу. Высокапастаўленая службовая асоба з Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША нядаўна наведала Ўзбэкістан і пахваліла прагрэс у правах чалавека. Сапраўды, у краіне адбылося сымбалічнае вызваленьне некалькіх палітычных вязьняў. Але адразу пасьля гэтага вызваленьня пайшла злосная атака дзяржаўнага тэлебачаньня на журналістаў Радыё Свабода. Не далей як учора ўрад пачаў распаўсюджваць відэа, якое яшчэ больш ганьбуе журналістаў Радыё Свабода.
Афіцыйныя асобы бачаць пагрозу ў нашым незалежным асьвятленьні праблемаў.
Даклад FreedomHouse, апублікаваны на мінулым месяцы, пацьвердзіў варты жалю стан правоў чалавека ва Ўзбэкістане. Сытуацыя незалежных СМІ, паводле дакладу, „абсалютна жахлівая”. Відавочна, што нялёгка збалянсаваць каштоўнасьці, вызнаваныя заходнімі ўрадамі, зь іх надзённымі інтарэсамі ў сфэры бясьпекі і эканомікі. Дзяржавы Сярэдняй Азіі — якія зьяўляюцца наогул беднымі краінамі — маюць таксама праблемы са сваім іміджам. Іх назвы гучаць чужавата для заходняга вуха, і іх праблемы ня ў стане выклікаць такой зацікаўленасьці, як Іран або Тыбэт. Калі ў іх няма такой славутасьці як Далай Лама, людзі Захаду хутчэй за ўсё ня зьвернуць увагі на гэтыя краіны.
Але мы — абавязаны.
На мінулым тыдні настаўніка, які часта выступаў у праграмах Радыё Свабода ў Туркмэністане, арыштавалі, завезьлі ў псыхіятрычную клініку і стараліся застрашыць. Калі ён адмовіўся падпісваць заяву аб разрыве кантактаў з Радыё Свабода, яго пасадзілі ў турму. Адзін з казахскіх калегаў з Радыё Свабода страціў двух братоў, якія, паводле агульнага меркаваньня, былі забітыя казахстанскім адпаведнікам КГБ. Узбэцкія калегі з Радыё Свабода ў Празе баяцца за сваіх сваякоў на радзіме. „Яны не застрэляць маю маці сёньня,” — сказаў адзін зь іх. — Але яны заб’юць яе ў аўтамабільнай аварыі праз шэсьць месяцаў, калі ніхто ня будзе глядзець”. Гэта абазначае адну рэч: мы павінны глядзець далей — і яны павінны аб гэтым ведаць.
„The Washington Post”, 2 ліпеня 2008 г.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG