Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глупства ў бронзе


Чым адрозьніваюцца помнікі, якія ўзводзяць у Беларусі цяпер, ад ранейшых — часоў БССР? Што рабіць з помнікамі савецкага часу?ТЭМА ДНЯ.

Вядомы беларускі архітэктар Леанід Левін ня змог прыгадаць помнікаў і іншых твораў манумэнтальнага мастацтва, узьведзеных у часы незалежнай Беларусі, якія можна было б назваць шэдэўрамі.

“На жаль, нашая эпоха вельмі моцна пераклікаецца зь мінулымі гадамі. І цяжка нашчадкам будзе вызначыць, што з помнікаў было пастаўлена сёньня, а што ў 70-я ці 80-я гады. У нас няма нейкага кроку наперад, які б істотна выявіў аблічча нашага часу”.

Паводле спадара Левіна, тыповы паўтор старых канцэпцый — помнік памежнікам у Гародні.

“Беларуская школа ляжыць у традыцыях сацрэалізму, і гэтая традыцыя й цяпер захоўваецца. Нам яшчэ патрэбна выпрацаваць свой, новы беларускі стыль. Але мы пакуль ня рухаемся. Мы стаім на месцы”.

Скульптар Алесь Шатэрнік таксама ня бачыць помнікаў-шэдэўраў, якія былі б узьведзеныя за апошні час у Беларусі.

“Ня ведаю, чаму не нараджаюцца шэдэўры... Для шэдэўраў патрэбныя і фінансавыя сродкі, і заклапочанасьць дзяржавы, а калі ў нас такое стаўленьне да нашай культуры, то адкуль ім зьявіцца?”

Прычым новыя помнікі часта паўстаюць у старым асяродзьдзі. У Полацку, напрыклад, насупраць новага бронзавага помніка Сімяону Полацкаму стаіць бэтонны Ленін з адламаным пальцам.

“А тое, што шмат паставілі помнікаў, скажам, бабе зь семкамі ці дзяўчынцы з парасонам, гэткія скульптуры могуць існаваць... Але ў нашай гісторыі, нашай культуры ёсьць столькі дзеячаў, якія проста не адзначаныя, і гэта прыкра. На той жа плошчы Свабоды ў Менску, дзе паставілі чыгунную фурманку з канём, маглі б стаяць помнікі Дуніну-Марцінкевічу, Сыракомлю, Манюшку. Гэтых помнікаў няма”.

Задумаў у скульптараў шмат, але ў дзяржавы іншыя прыярытэты, кажа спадар Шатэрнік. Ён згадвае, што на пачатку незалежнасьці Беларусі ў Менску паставілі помнік Максіму Гарэцкаму, і з таго часу помнікаў беларускім пісьменьнікам ня ставілі. У лепшым выпадку — мэмарыяльныя шыльды. Але Васілю Быкаву і шыльды не павесілі. Затое заснавалі мэмарыял “Лінія Сталіна” зь вялікім бюстам савецкага дыктатара.

Леніны і Калініны па-ранейшаму дамінуюць у беларускіх гарадах. Некаторыя зь іх — адзінкі — сапраўды маюць нейкую мастацкую вартасьць, кажа спадар Шатэрнік. Але большасьці зь цягам часу наканавана пайсьці на пераплаўку, — перакананы ён:

“Час робіць сваё. Паціху, пакрысе наноснае сплывае, а добрае застаецца. Як той жа помнік Скарыну ў Менску”.

Спэцыфічная вэрсія нацыянальнага рамантызму са значным даважкам савецкага афіцыёзу — гэтак акрэсьліў мастацкі стыль скульптуры і манумэнтальнага мастацтва Беларусі часоў незалежнасьці мастацтвазнаўца Пётра Васілеўскі.

Спадар Васілеўскі перакананы, што за часы незалежнасьці ў манумэнтальным мастацтве зроблена шмат:

“За 17 гадоў незалежнасьці помнікаў нацыянальным дзеячам пабудавана болей, чым за ўсе папярэднія гады савецкага часу: гэта і помнік Агінскаму ў Маладэчне, і помнікі Міцкевічу ў Менску і Наваградку, і помнік князю Давыду ў Давыд-Гарадку... І пры гэтым ёсьць афіцыёз, які таксама нясе ў сабе адбітак часу. Помнік міліцыянтам на горцы каля Мінабароны — гэта спэцыфічны знак нашага часу. Я ня ўпэўнены, што ён доўга прастаіць на гэтым месцы, але час ён вельмі характарызуе”.

Паводле спадара Васілеўскага, рана казаць, якія зь цяперашніх помнікаў будуць лічыцца шэдэўрамі, — гэта вызначыць час.

“На сёньняшні момант да шэдэўраў мы не дарасьлі з адной прычыны: у дзяржаве і грамадзтве ня выяўленыя эстэтычныя і маральныя крытэрыі, што для нас значна. Перш чым зьявіліся шэдэўры вялікіх мэксыканцаў Рывэры, Роска і Сікейраса, нацыя канкрэтна вызначылася ў адносінах да сваёй гісторыі: што ў ёй кепскае, што ў ёй добрае, хто ў ёй герой, а хто антыгерой. І ўжо пасьля гэтага мастакі працавалі ў межах таго, як нацыя гэта разумее. А паколькі ў нас яшчэ ня вызначана, што мы лічым сваім, што чужым, дзе наша, дзе ня наша, адпаведна і мастак працуе мэтадам “тыку”. Калі атрымліваецца, а калі й не...”

Зьяўленьне скульптур Жбанава на Камароўцы і ў Міхайлаўскім сквэры Пётра Васілеўскі лічыць рэвалюцыяй у Менску.

“Да гэтага ў Менску былі помнікі Дзяржынскаму, Грыцаўцу, плястыка, прысьвечаная важным падзеям нацыянальнай гісторыі. Чысты сацрэалізм і ідэалёгія. І вось зьяўляюцца выдатныя абсалютна рэчы, якія зьвернутыя да канкрэтнага чалавека: нейкае дзяўчо з парасонам, нейкая дзяўчына з доўгімі нагамі, нейкі дзядзька з цыгарэтай. Для Менску гэта была рэвалюцыя... Адсюль гэта пайшло далей па Беларусі”.

****

УКРАІНА

Летась у кастрычніку прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка падпісаў указ аб дэмантажы савецкіх помнікаў у гонар асобаў, датычных да арганізацыі палітычных рэпрэсій. Гэты ўказ быў прысьвечаны падрыхтоўцы адзначэньня 75-й гадавіны Галадамору – масавага голаду 1932-1933 гадоў. Паводле міністра культуры Васіля Ваўкуна выкананьне прэзыдэнцкага ўказу ідзе па ўсёй краіне. Больш за ўсё манумэнтаў, якія падлягаюць зносу – у Хмяльніцкай вобласьці, каля 300 адзінак. У пяці абласьцях Заходняй Украіны дэмантаж савецкіх помнікаў ужо завершаны. У Крыме мясцовыя ўлады адмаўляюцца выконваць указ прэзыдэнта. Міністар культуры прапанаваў зрабіць з дэмантажаваных помнікаў музэй у Чарнобыльскай зоне. Паводле ацэнкі дарадцы прэзыдэнта Мікалы Жуліньскага дэмантажу падлягаюць каля 20 тысяч помнікаў па ўсёй краіне.

ЛІТВА

У Літве многія помнікі савецкіх часоў былі дэмантаваныя адразу пасьля аднаўленьня незалежнасьці у 1989-1991 гадох. У 1998 годзе быў абвешчаны конкурс на арганізацыю музэю дэмантаваных помнікаў. Конкурс выйграла фірма “Hesonos klubas” бізнэсоўца Вилюмаса Малінаўскаса, якая базуецца ў Грутасе каля Друскенікаў. Музэй пачаў працу з 1 красавіка 2001 году. Gruto parkas займае плошчу ў 20 гектараў, туды зьвезеныя 86 савецкіх помнікаў 46-ці аўтараў, працуе музэй, сувэнірная крама, луна-парк савецкіх атракцыёнаў і заапарк.


ШТО, НА ВАШУ ДУМКУ ТРЭБА РАБІЦЬ З ІДЭАЛЯГІЧНЫМІ ПОМНІКАМІ САВЕЦКАГА ЧАСУ?
ДАСЫЛАЙЦЕ СВАЕ ДУМКІ, УРАЖАНЬНІ, ПРАПАНОВЫ, УСПАМІНЫ, ЗЬВЯЗАНЫЯ З ТЭМАЙ ДНЯ, У КАМЭНТАРАХ ДА ГЭТАГА МАТЭРЫЯЛУ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG