Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Быкаў — гэта беларускі Дэвід Лінч”


“Мы дастаткова часта трапляем у такія складаныя ўмовы, што нам даводзіцца рабіць выбар. Праблема выбару, праблема таго, што чалавек павінен застацца сабой і ня здрадзіць ідэалам і маральнасьці”, — кажа пра актуальнасьць творчасьці В.Быкава гомельскі літаратар і настаўнік Сяргей Балахонаў.


“Мае школьныя гады прыпалі на часы перабудовы і часы станаўленьня незалежнасьці Беларусі. Было вельмі дзіўна назіраць, як грамадзтва рэагавала на тэму сталінскіх рэпрэсіяў, на белыя плямы ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Творчасьць Быкава, зь якой давялося сутыкнуцца ў той час, дапамагла праводзіць мяжу паміж праўдай і няпраўдай,” — кажа С.Балахонаў.

“Ключавым творам на той момант была аповесьць “Знак бяды”. Уразіла тым, што Быкаў праводзіў наўпроставыя паралелі паміж сталінскім рэжымам і рэжымам фашыстоўскім”, — згадвае літаратар.

Ён дадае: “На пачатку 90-х зь юнацкім максымалізмам, пішучы сачыненьне па творчасьці Быкава, параўнаў яго з рэжысэрам Дэвідам Лінчам, аўтарам знакамітага сэрыялу “Твін Пікс”. У амэрыканскім сэрыяле быў нешчасьлівы канец, і ў творах Быкава “хэпі-энд” таксама адсутнічаў”.

“Іншым разам, калі сучасная моладзь кажа мне, што Быкаў ёй нецікавы, я стараюся іх пераканаць, кажучы, што Быкаў — гэта беларускі Дэвід Лінч”, — дзеліцца досьведам настаўнік з Гомелю. — “Магчыма, гэта правакацыйнае і спрэчнае выказваньне, але некаторых гэта пачынае цікавіць, яны зьвяртаюцца да творчасьці пісьменьніка”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG