Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта БТ запускае прапагандысцкія фільмы?


На Першым нацыянальным тэлеканале паказалі прапагандысцкі сэрыял “Сетка”.

Што хочуць давесьці аўтары фільму тэлегледачам? Навошта ўлады палітызуюць восеньскія выбары? Ці можа даць жаданы эфэкт такі палітычны піяр?

Удзельнікі: рэдактар аналітычнага бюлетэню “Беларускі тыдзень” Аляксандр Класкоўскі і кінакрытык Андрэй Расінскі.

Што хочуць давесьці аўтары фільма тэлегледачам?

Валер Карбалевіч: “Прапагандысцкія перадачы на беларускіх тэлеканалах зьяўляюцца пэрыядычна. Апошнімі днямі іх інтэнсіўнасьць павялічылася, зьявіліся сэрыялы. Як бы вы маглі пракамэнтаваць зьмест фільму “Сетка”? Што хочуць давесьці аўтары тэлегледачам, які мэсыдж дасылаюць?”

Аляксандр Класкоўскі: “Усё робіцца паводле традыцыйнага прапагандысцкага рэцэпту. Галоўная думка, якая накідаецца аўдыторыі: мы ў атачэньні ворагаў, яны плятуць інтрыгі, хочуць пахіснуць нашу стабільнасьць, таму трэба быць пільнымі і гуртавацца вакол улады.

Тут выкарыстоўваецца такі “творчы мэтад”, як кансьпіралёгія, то бок тэорыя змовы. Яе моц у тым, што вельмі лёгка сфармуляваць нейкую гіпотэзу і практычна немагчыма яе абвергнуць. Колькі б ні казалі кіраўнікі заходніх інстытуцыяў, якія, паводле аўтараў фільму, плятуць гэтую сетку, што яны змагаюцца за сьветлыя ідэалы, прынцыпы дэмакратыі, але айчынныя прапагандысты скажуць у адказ: яны хаваюць праўду. У любым выпадку на праціўнікаў кідаецца цень, ім трэба апраўдвацца.

Якія мэты гэтай кампаніі? Дыскрэдытаваць Захад і апазыцыю, якая рыхтуецца да выбараў, апраўдаць магчымыя брутальныя дзеяньні супраць апазыцыйных кандыдатаў падчас выбарчай кампаніі. Маўляў, мы ж змагаемся супраць змовы.

І, нарэшце, падвесьці базу пад магчымыя нэгатыўныя ацэнкі вынікаў гэтых выбараў з боку міжнародных інстытуцыяў. Маўляў, мы ж сарвалі варожыя пляны, дык якіх ацэнак можна чакаць?”

Расінскі: “Прапаганда становіцца трэшавай”

Андрэй Расінскі: “Мэты гэтага кіно традыцыйныя: паралізаваць і атамізаваць грамадзтва, заляпаць брудам апазыцыю. Гэта стандартная кансьпіралягічная схема.

Прапаганда становіцца трэшавай. Гэта варыянт корпаньня ў сьметніцы. Разьлік на тое, што калі выпадковы чалавек убачыць гэтае кіно, у памяці нешта зачэпіцца, застанецца агіда да апазыцыі”.

Карбалевіч: “Сп. Расінскі, да вас пытаньне як да кінакрытыка. Калі вынесьці за дужкі зьмест фільму, а паглядзець на яго з боку кінатэхналёгіі, то як бы вы яго ацанілі?”

Расінскі: “Гэта такі трэш-афіцыёз. Тыя кадры, якія паказаныя ў фільме, шмат разоў паказваліся раней. Вяла-бадзёры дыктарскі тэкст зашмальцаваны. Прапаганда працуе на тым, што адна і тая ж лухта паўтараецца тысячы разоў з разьлікам на тое, што гэта каго-небудзь зачэпіць. Мастацкіх вартасьцяў там няма ніякіх”.

Навошта ўлады палітызуюць восеньскія выбары?

Карбалевіч: “Асноўная лінія фільму зьвязаная з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, якія адбудуцца восеньню. На мове паліттэхналёгіі гэта называецца “мабілізацыяй свайго электарату”. Такім чынам улады імкнуцца да штучнай палітызацыі грамадзтва. А да выбараў яшчэ больш за тры месяцы. Мусіць, гэта толькі пачатак.

Можа, уладам была б больш выгаднай якраз дэпалітызацыя гэтай электаральнай кампаніі, стварэньне інфармацыйнай блякады вакол яе? Каб выбары прайшлі па-за межамі палітычнай прасторы, кандыдаты абмяркоўвалі сацыяльна-бытавыя праблемы сваёй акругі? Але ўлады рушылі шляхам палітызацыі. Чаму?”

Класкоўскі: “Па-першае, цалкам замаўчаць выбары немагчыма. Бо нейкі мінімум рытуальных дзеяньняў улада мусіць рабіць. Таму яна імкнецца апярэдзіць палітычных супернікаў. На побытавым узроўні гэта можна сфармуляваць так: дакажы, што ты не вярблюд. Хай яны адмываюцца ад гэтага бруду.

Акрамя гэтага, ёсьць некалькі сытуацыйных чыньнікаў. Напрыклад, антыамэрыканскі. Галоўнай злавеснай сілай у гэтым тэлесэрыяле выступаюць ЗША. І гэта апраўданьне цяперашняй дыпляматычнай вайны са Злучанымі Штатамі, канфлікту з Захадам. Маўляў, хіба зь імі зварыш кашу, калі яны такія вераломныя?

Затым рыхтуецца глеба пад магчымыя эканамічныя цяжкасьці. Бо варожае атачэньне — рэч зручная ў тым сэнсе, што на яго можна сьпісаць правалы ў будаўніцтве эканамічнага цуду.

Нарэшце, ёсьць інэрцыя прапагандысцкага апарату, які працуе паводле нейкага пляну. Мне тут узгадваецца стары анэкдот пра парашок ад сланоў. Нейкі дзівак хадзіў і церусіў гэты парашок. Яму кажуць: “Дык сланоў жа няма”. Ён адказвае: “Вось таму і няма”.

Натуральна, ніякай “каляровай рэвалюцыі” не чакаецца. Будзе чарговая “элегантная перамога” кандыдатаў ад улады. Але ўсё гэта прапагандысцкі апарат можа запісаць у свой актыў. Яны скажуць: таму так адбылося, што мы пасыпалі дустам супраць сланоў, то бок супраць “дэструктыўных элемэнтаў”.

Расінскі: “Я б пагадзіўся з тым, што гэта збольшага інэрцыя прапагандысцкай машыны. У яе ёсьць свае цыклі функцыянаваньня, па якіх яна працуе.

Калі зыходзіць з паказаных матэрыялаў, то гэта збольшага здымкі КДБ, які можна лічыць суаўтарам фільму. А ў гэтага ведамства існуюць свае цыклі.

Але, на мой погляд, зьмены ў Беларусі будуць адбывацца не паводле электаральных цыкляў і тым больш не паводле прапагандысцкіх цыкляў. У гэтым сэнсе гэтыя фільмы бескарысныя”.

Які магчымы эфэкт гэтага палітычнага піяру?

Карбалевіч: “Ці дасьць жаданы эфэкт гэтая прапагандысцкая тэлекампанія? Я зьвярнуў увагу на такі момант. У той самы час, калі на першым тэлеканале ішоў фільм “Сетка”, на канале АНТ ішлі матчы чэмпіянату Эўропы па футболе, прычым у панядзелак, напрыклад, трансьляваўся супэрматч Галяндыя — Італія. Дык ці шмат людзей глядзела фільм? Ствараецца ўражаньне нейкага фармалізму кіраўнікоў тэлеканалу: галоўнае — паказаць, паставіць плюсік у пляне прапагандысцкіх мерапрыемстваў. А які будзе эфэкт — нікога не цікавіць”.

Класкоўскі: “Можна казаць пра фонавы эфэкт на пэўную аўдыторыю. Натуральна, перакананыя праціўнікі рэжыму альбо сьмяюцца, альбо плююцца. Цьвёрдых прыхільнікаў рэжыму гэтыя “пяціхвілінкі нянавісьці” падзараджаюць энэргіяй.

Але найбольшы слой — гэта апалітычныя абываталі. Адмыслова яны шукаць такую перадачу ня будуць. Але калі выпадкова натрапяць на яе, то нейкі асадак застанецца. Чалавек падумае: пэўна, згусьцілі фарбы, але дыму без агню не бывае.

Адна з прычынаў, чаму ўтвараецца такая грымучая сумесь, — гэта інфармацыйны вакуўм, манаполія ўладаў. Натуральна, пры вялікім жаданьні можна зайсьці на сайт таго ж Нацыянальнага дэмакратычнага інстытуту ЗША і высьветліць, што знайшлі сякеру пад лавай, усе гэтыя праграмы адкрытыя. Але абываталь гэтага рабіць ня будзе, і таму яму можна навесіць локшыны на вушы. Увогуле, калі нават даводзіць, што гэтыя ворагі п’юць кроў немаўлятаў, заўжды знойдзецца пэўны працэнт людзей, якія гэтаму павераць”.

Расінскі. “Мінімальны фонавы эфэкт гэтыя фільмы дадуць. Але магчымы эфэкт адваротнай мабілізацыі. Гэта калі інфармацыя выклікае не адмоўную рэакцыю, але прыцягвае ўвагу да апазыцыі. Маўляў, калі БТ іх лае, то тут нешта ёсьць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG