Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алкаеў: капітальны рамонт “Валадаркі” не рабіўся ніколі


У нядзелю 20 красавіка ў Менску абрынулася адна зь вежаў Пішчалаўскага замку. У гэтым помніку архітэктуры, пабудаваным у 1825 годзе ў стылі клясыцызму, месьціцца сьледчы ізалятар №1 МУС Беларусі.

Што ў такіх выпадках павінны рабіць дзяржаўныя органы, у прыватнасьці Дзяржаўная інспэкцыя аховы помнікаў Міністэрства культуры? Гаворыць былы Галоўны дзяржаўны інспэктар аховы помнікаў Менгарвыканкаму Ўладзімер Папруга, звольнены два гады таму за празьмерную актыўнасьць на сваёй пасадзе:

“У такіх выпадках на месца здарэньня павінен выехаць мясцовы інспэктар па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і па выніках інспэкцыі зрабіць пратакол, дзе ўказваюцца першыя, на ягоную думку, прычыны нанесенай шкоды і доля віны балянсатрымальніка ў працэсе, які прывёў да разбурэньня помніка”.

Аднак начальнік упраўленьня аховы гісторыка культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Васіль Абламскі заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што да яго ніхто не зьвяртаўся з прапановай зрабіць такую інспэкцыю:

“Да нас яшчэ не зьвярталіся ў гэтым пытаньні. Але я ведаю, што гарвыканкам правёў некалькі нарадаў, створаны штаб у справе вызваленьня Пішчалаўскага замку ў цэлым і складаньня дакумэнтацыі з прыстасаваньнем. Заключэньне, прынамсі, несуцяшальнае – што замак у добрым стане. Гэта той прыклад, пра які мы папярэджвалі і гаварылі, што трэба хутчэй адсяляць і прыступаць да дасьледчых працаў і да рэстаўрацыі. Як прыклад – калі ласка. І такое разбурэньне...”

Вопытны архітэктар-рэстаўратар Уладзімер Папруга адкідае магчымасьць выпадковай прасадкі грунтоў. На яго думку, вежа магла абрынуцца толькі ў выніку нейкіх несанкцыянаваных працаў на тэрыторыі замку:

“Я асабіста перакананы, што ніякія, так бы мовіць, “выпадковыя прасадкі грунту”, на якія так любіць спасылацца Міністэрства культуры ў дачыненьні і да іншых аб'ектаў, у прынцыпе не маглі мець месца. Я падазраю, што папросту рабіліся нейкія несанкцыянаваныя работы, зьвязаныя з пракладкай інжынэрных камунікацыяў”.

Уладзімер Папруга яшчэ дадаў, што сучасныя мэтодыкі рэстаўрацыі, а таксама своечасовы кантроль і рамонт могуць дапамагчы захоўваць любы помнік архітэктуры як заўгодна доўга. Прыклад таму – тысячагадовыя антычныя пабудовы Рыму або 700-800-гадовыя жылыя дамы ў цэнтры Прагі.

Радыё Свабода таксама зьвярнулася па камэнтар да былога начальніка СІЗА№1, палкоўніка Алега Алкаева, які цяпер жыве ў Нямеччыне. Вось яго адказ на пытаньне, ці зьвярталася Міністэрства культуры за часы яго працы на “Валадарцы” з просьбай праверыць стан помніка рэспубліканскага значэньня другой катэгорыі “Пішчалаўскага замку”:

“Не, не было такога. У нас вісела на сьцяне шыльда – яна і цяпер вісіць – што гэта помнік архітэктуры. Але я ня памятаю, каб нехта прыходзіў, ім было не да таго”.

На думку Алега Алкаева, капітальны рамонт замкавага будынку не праводзіўся ніколі:

“Я думаю, што рамонт наогул ніколі не рабіўся, бо гэта ж трэба адсяляць людзей. А людзей там ніколі не было магчыма адсяліць. Пра гэта не было й гаворкі і пытаньне ніхто ня ставіў. І я яго ня ставіў ніколі, бо разумеў, што гэта нерэальна. Дый такой патрэбы не было – мы падтрымлівалі ўвесь час у належным выглядзе – вострай патрэбы не было”.

Алег Алкаеў ускосна пацьвердзіў меркаваньне Ўладзімера Папругі аб тым, што абвал вежы быў справакаваны нейкімі працамі. Алкаеў паведаміў, што раней гэтая вежа была ў самым лепшым стане сярод астатніх, і таму ў ёй месьціліся службовыя кабінэты супрацоўнікаў турмы. Цяпер на здымках Алкаеў бачыць голыя неатынкаваныя, неабжытыя муры.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG