(Алкаеў: ) “Моцна нічога там не абсыпаецца, таму што ўсё падтрымліваецца ў парадку. А дзе людзі жывуць ці ўтрымліваюцца, там заўсёды ўсё збольшага ў норме. Натуральна, што там няма мармуру, там няма нейкіх “супэраздобаў”. Будынак як будынак. І, я вам скажу, ён яшчэ прастаіць і праслужыць вельмі доўга. Я маю на ўвазе стары будынак”.
Паводле праекту архітэктара Пішчалы, гаўптвахты для парушальнікаў вайсковай дысцыпліны, якія месьціліся на тэрыторыі менскага гарнізону, на працяглы тэрмін утрыманьня арыштаваных не разьлічваліся. Аднак зь цягам часу замак канчаткова быў перакваліфікаваны ў астрог – перадусім для палітвязьняў. У гэтай вязьніцы ўтрымліваліся ўдзельнікі паўстаньняў 1831 і 1863 гадоў. На турэмнай браме за замах на генэрал-губэрнатара Паўла Курлова быў павешаны Іван Пуліхаў. За свае перакананьні тут сядзелі клясыкі беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Якуб Колас... Апошнім дзесяцігодзьдзем нары “Валадаркі” абжылі былыя прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір і міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, бізнэсовец Андрэй Клімаў, надзвычайны і паўнамоцны пасол Міхаіл Марыніч, актывісты БНФ Юры Хадыка і Вячаслаў Сіўчык. Ад сярэдзіны кастрычніка свайго лёсу тут чакае адна з самых пасьпяховых беларускіх “бізнэсвумэн” Ірына Лазоўская. Спазналі “спартанскі камфорт” Пішчалаўскага замку й тыя, хто яшчэ нядаўна служыў уладзе. Адсюль пайшоў “па этапе” экс-старшыня Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў, былы кіраўнік заводу “Атлант” Леанід Калугін, колішні дырэктар Менскага трактарнага заводу Міхаіл Лявонаў. Але гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі лічыць: людзей, якіх толькі падазраюць у злачынстве, нельга трымаць у такіх умовах.
(Харэўскі: ) “Калі ставіцца па-людзку, безумоўна, там ня месца турме. Там месца папярэдняга зьняволеньня, і бальшыня з затрыманых выходзіць пасьля на свабоду. І ўтрымліваць іх у такіх нечалавечых, не прыстасаваных для гэтага ўмовах, проста неэтычна і бесчалавечна... За часам Хрушчова было забаронена будаўніцтва будынкаў новых турмаў. Праз тое мы маем тое, што маем: пад турмы выкарыстоўваюцца дзясяткі помнікаў архітэктуры па ўсёй Беларусі. У Горадні ў кляштары брыгітак да сёньняшняга дня турма; у Менску, у іншых гарадох гістарычныя будынкі (кляштары зазвычай) выкарыстоўваюцца як турмаў. Безумоўна, гэта не парадак, даўно трэба пабудаваць новую турму, бо турма ў гістарычным цэнтры гораду, ля тэатру, ля Дому ўраду, відавочна, пора вока фактам свайго існаваньня”.
У сьвеце нямала прыкладаў перапрафіляваньня турмаў у аб’екты сацкультбыту, і самы вядомы – былая турма Алькатрас на высьпе побач з Сан-Францыска. Апошнія тры дзясяткі гадоў гэты цэнтар прыносіць немалыя прыбыткі: турысты плацяць вялікія грошы за магчымасьць апрануць турэмную робу і надзець кайданы. Аднак былы шэф “Валадаркі” Алег Алкаеў ня бачыць сэнсу ў капіяваньні такога досьведу ў беларускіх умовах.
(Алкаеў: ) “Як гатэльныя нумары яны наўрад ці будуць карыстацца попытам без адпаведнага камфорту. Хіба што толькі нашая былая публіка будзе там спыняцца, каб паказаць сваім каханым, дзецям, дзе яны “бавілі” час. Хіба толькі як экзотыка: вось глядзі, любая, як я жыў. Але тады там трэба пакінуць і абслугу ў адпаведнай форме, і ўсю гэтую захаваць інфраструктуру – толькі ў такім разе ад гэтага будзе эфэкт. А калі проста прыйшоў, на нарах паспаў, усё гэта сумнеўна. Хоць Бог яго ведае. Сёньня былыя турмы нават у цэрквы пераабсталёўваюць і вянчаюцца там. Таму й гэта не праблема”.
Як бы там ні было, нават у чарговы юбілей слава “Валадаркі”, па вялікім рахунку, сумная. І паступова яна выходзіць за межы Беларусі. А расейскі выканаўца шансону, ці, як яшчэ гавораць, блатных песень, Віктар Каліна нават прысьвяціў “Валадарцы” адну са сваіх кампазыцыяў.
На здымку: вежы Пішчалаўскага замку (фота аўтара).