Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін вядзе "Адзіную Расею" і ідзе ў прэм'еры


Сёньня на зьезьдзе партыі “Адзіная Расея” Ўладзімір Пуцін быў аднагалосна абраны старшынём партыі. Пры гэтым нічога не было сказана пра ўступленьне Пуціна ў гэтую партыю. А Дзьмітрый Мядзьведзеў, які прысутнічаў на зьезьдзе, уступаць у “Адзіную Расею” адмовіўся.

На зьезьдзе Пуцін пацьвердзіў, што прыняў прапанову стаць прэм’ер-міністрам пры прэзыдэнту Мядзьведзеву і заявіў, што ўзначаліць партыю пасьля інаўгурацыі новага прэзыдэнта. Паводле канстытуцыі прэзыдэнт Расеі можа ў любы момант адправіць у адстаўку кіраўніка ўраду, але прэм’ер – старшыня партыі, якая мае канстытуцыйную большасьць у парлямэнце – гэта фактычна другі, калі ня першы цэнтар улады.

“Уявіце сабе, прэзыдэнт Мядзьведзеў – бяз партыі, ці шараговы сябра партыі, ці сябра яе кіраўніцтва, але лідэр партыі – Пуцін. У гэтым танга ўдвух павялічваюцца дыспрапорцыі і аслабляюцца пазыцыі ня толькі прэзыдэнта, але і прэзыдэнцтва як такога”, – лічыць супрацоўніца маскоўскага Цэнтру Карнэгі Лілія Шаўцова.

Кіраўніца расейскага Інстытуту дасьледаваньня элітаў Вольга Крыштаноўская мяркуе, што сыстэма ўлады ў Расеі пасьля сёньняшняга рашэньня ўсё больш робіцца падобнай да савецкай:

“Гэты працэс называюць саветызацыяй у самым агульным сэнсе, у тым сэнсе, што многія працэсы кіраваньня дзяржаўнай машынай робяцца падобнымі да савецкіх, у тым ліку і кіраўніцтва кадравым патэнцыялам краіны праз “Адзіную Расею”.

З калегамі не зусім згодны аглядальнік расейскага часопісу “The New Times” Вадзім Дубноў:

“Адзіны пікантны нюанс – гэта тое, што Пуцін узначальвае партыю, але не ўступае ў яе. Як казалася ў анэкдоце, я ня член партыі, я яе мозг. Наколькі я разумею, даволі складана было быць на гэтым зьезьдзе абранаму прэзыдэнту, бо ён прысутнічаў пры новай каранацыі свайго небясьпечнага саюзьніка. Яму была прадэманстраваная сіла, якая будзе ўплываць на ўсе рашэньні прэзыдэнта. Але мяркую, што адміністрацыя новага прэзыдэнта будзе супраціўляцца ёй. Гэтая мадэль навучалася добра працаваць ва ўмовах адзінага цэнтру ўлады. Я думаю, што ва ўмовах існаваньня двух цэнтраў ўлады гэта будзе весьці да мяккага ці жорсткага, але сутыкненьня. Рэч у тым, што Мядзьведзеў не захоча быць ангельскай каралевай, і ён ужо даў гэта зразумець”.

А наколькі імаверна, што па шляху Пуціна пойдзе Аляксандар Лукашэнка? “Белая Русь” ужо падрыхтаваная...

“Такая тэндэнцыя відаць цяпер ня толькі ў Расеі, але і ў Цэнтральнай Азіі, і найбольш яскрава ў Казахстане. Таму чаму не? Такое можа адбыцца. І прэзыдэнт Лукашэнка тут ня будзе вельмі арыгінальны”, – лічыць аналітык брытанскай дасьледчай кампаніі “Global Insight” Натальля Лешчанка.

Іншую думку мае Вадзім Дубноў:

“Яму гэта ня трэба і, наколькі я разумею, ня хутка будзе трэба. Да таго ж у Беларусі канфігурацыя ўлады зусім іншая. Можа, такія людзі і ёсьць, але я не ўяўляю сабе, хто мог бы сыграць ролю Мядзьведзева. У вэртыкалі Лукашэнкі ўсё надзейна выпалена. У нас мадэлі аднолькавыя, але ў Аляксандра Рыгоравіча яна рэалізаваная ідэальна, ну а ў нас некаторыя шарнірчыкі былі вымушаныя аслабіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG