«У 1851 годзе было прынятае рашэньне пра знос ратушы, але толькі ў 1857 годзе Менская гарадзкая дума выдаткавала грошы на ”покупку снарядов для разборки ратушного здания”. Увесь гэты час былая рэзыдэнцыя гарадзкога магістрату была пустой.
Фармальнай падставай для зносу паслужыла тое, што ратуша, “... занимая собой часть главной площади, стесняет ее и закрывает вид соборной церкви и вновь строящихся присутственных мест...” Аднак паводле ўспамінаў відавочцаў, будынак ратушы быў зьнішчаны з прычыны таго, што “... оно своим существованием напоминало жителям об обычаях минувшего времени, о магдебургском праве...” На рашэньні пра знос ратушы стаіць уласнаручная рэзалюцыя Мікалая Першага”.
З кнігі Ўладзімера Дзянісава “Площадь Свободы в Минске».
Вячаслаў Ракіцкі: “Менская ратуша стаяла некалькі стагодзьдзяў. У ёй віравала жыцьцё. І раптам яе бураць... Чым жа яна так не дагадзіла расейскім уладам?”
Алег Трусаў: “Расейскія ўлады, як толькі прыйшлі на Беларусь, адразу ж сталі змагацца з праявамі вальнадумства. А галоўным месцам і сымбалем вальнадумства ў беларускіх гарадох была ратуша – месца, дзе зьбіралася вольная гарадзкая ўлада, магістрат. І таму яны стараліся або капітальна перабудаваць гэтыя будынкі, або проста зьнішчыць”.
Ракіцкі: “Але ж ратуша – гэта адміністрацыйны будынак, там улада. Вальнадумства ва ўладзе?”
Трусаў: “Так, асабліва калі гэта ўлада гарадзкая, калі яе выбіралі ўсе гараджане. У абсалютнай жа манархіі ўлада прызначаецца зьверху, а таму замест ратушаў расейцы пачалі будаваць прысутныя месцы”.
Ракіцкі: “Мы пачалі размову зь менскай ратушы. Тое ж самае адбывалася па ўсёй Беларусі?”
Трусаў: “Як толькі далучылі Беларусь да Расеі, магістраты пакінулі ратушы. Там сталі разьмяшчацца самыя розныя ўстановы – ад тэатра да пажарнай каманды. Натуральна, расейцы стараліся як мага больш зьмяніць і зьнешні выгляд ратушаў. Напрыклад, у нясьвіскай ратушы разабралі вежу. Капітальна перабудавалі магілёўскую ратушу. Але часьцей ратушы проста руйнавалі”.
Ракіцкі: “Ці былі ратушы нейкай унікальнай для Беларусі зьявай?”
Трусаў: “Яны былі тыповай зьявай для беларускага гораду і мястэчка ў 16 – 17 стагодзьдзях, бо магдэбурскае права атрымалі ня толькі дзяржаўныя гарады, а і прыватнаўласьніцкія, прыкладам, радзівілаўскія. Таксама – шматлікія мястэчкі. Так, Крэва мела ратушу, якая стаяла ў цэнтры замка. І таму, калі расейцы сюды прыйшлі, яны пачалі агнём і мячом выкараняць вальнадумства”.
Ракіцкі: “Ратушы зьяўляюцца прыкметай эўрапейскай гарадзкой супольнасьці – супольнасьці, дзе жылі вольныя людзі. Калі Беларусь далучылася да гэтай традыцыі?”
Трусаў: “Даволі рана. Само магдэбурскае права ўзьнікае ў Нямеччыне ў 12 стагодзьдзі. Гарадзкое паветра робіць чалавека вольным. Дастаткова было селяніну ўцячы ў горад, пажыць там таемна год і дзень, і ён станавіўся вольным. Яго ўжо нельга было аддаць фэадалу. І ўжо ў 14 стагодзьдзі ў пару Ягайлы і Вітаўта першым магдэбурскім горадам становіцца Вільня, а з 1390 году Берасьце. І пайшло-паехала. А ўжо ў часы Баторыя амаль кожны горад атрымаў самакіраваньне ў форме магістрату, які і разьмяшчаўся ў ратушы”.
Ракіцкі: “А чаму менавіта ратушу будавалі?”
Трусаў: “Яна паказвала новае гарадзкое месца, новы цэнтар. Як толькі будавалася ратуша, тут жа вакол яе забудоўвалася і новая гандлёвая плошча. І цэнтар гораду з фэадальнага замка пераносіўся да ратушы”.
Ракіцкі: “І як выглядалі беларускія ратушы? Мо яны капіявалі заходнеэўрапейскія?”
Трусаў: “Капіявалі толькі на пачатку. Галоўнай прыкметай любой эўрапейскай ратушы была вельмі высокая вежа, бо яна выконвала некалькі функцыяў, найперш пажарную і вайсковую. Калі бачылі небясьпеку, білі ў звон. Як толькі горад атрымліваў магдэбурскае права, месьцічы адразу ж пачыналі будаваць драўляную ратушу. А потым, калі багацелі, перараблялі яе на цагляную”.
Ракіцкі: “І колькі іх было ў межах сучаснай Беларусі?”
Трусаў: “Больш за сотню. Яны былі ва ўсіх буйных гарадох і мястэчках”.
Ракіцкі: “А якая зь іх была самая вялікая, самая прыгожая? Можа, самая экстравагантная паводле архітэктуры?”
Трусаў: “На пачатку 17 стагодзьдзя такіх ратушаў было некалькі. У прыватнаўласьніцкіх гарадох вылучу нясьвіскую ратушу, збудаваную з дазволу Радзівілаў у канцы 16 стагодзьдзя. У вялікіх гарадох найбольш цікавымі былі віленская (перабудаваная ў стылі клясыцызму, яна і цяпер стаіць у цэнтры Вільні), віцебская і магілёўская – адна з самых багатых. Яна мела вежу 38 мэтраў”.
Ракіцкі: “Яе таксама напаткаў трагічны лёс?”
Трусаў: “Гэту ратушу разбурыла ўжо савецкая ўлада. Яна перажыла дзьве ўсясьветныя вайны. Дарэчы, яна была цэнтрам абароны Чырвонага войска летам 1941 году. Ратушу нават пачалі аднаўляць, аднак, у 1957 годзе яе ўзарвалі разам з рыштаваньнямі”.
Ракіцкі: “Можна казаць, што калі ёсьць ратуша дык ёсьць і прага да самакіраваньня?”
Трусаў: “Так, бо нават у тых ратушах, якія засталіся да савецкай пары, савецкія ўлады ніколі не сядзелі. Іх пераабсталёўвалі, прыкладам, пад дом піянэраў, або там разьмяшчалі іншыя ўстановы”.
Ракіцкі: “Значыць, ворагі ратушаў -- таталітарныя рэжымы?”
Трусаў: “Чыноўнікі, якія увасабляюць таталітарныя рэжымы”.
Ракіцкі: “Як ратушы пашыралі нацыянальную культуру і мову?”
Трусаў: “Ужо ў 16 стагодзьдзі дзякуючы магістратам і ратушам у Беларусі склалася мэнтальнасьць буржуазіі, мэнтальнасьць месьцічаў. Адрозна ад псыхалёгіі шляхты на першае месца выйшлі працалюбства і імкненьне да багацьця. Багатыя людзі становяцца паважанымі ў грамадзтве. Менавіта іх выбіраюць у магістрат. Менавіта яны ствараюць гарадзкую аўру. Ісьцінай становіцца, што багацьце павінна быць сумленным. А кожны чалавек, які засядае ў ратушы, павінен быць узорам ашчаднасьці, павінен мець добрую сям’ю, не шкадаваць грошы на дабрачыннасьць, быць мэцэнатам”.
Ракіцкі: “Якім чынам ратуша прапагандавала новыя каштоўнасьці. Мо, кажучы сёньняшняй мовай, там была наглядная агітацыя?”
Трусаў: “У галоўным памяшканьні – параднай залі, дзе зьбіраўся магістрат, на сьценах віселі харугвы цэхаў, зь якімі хадзілі і на сьвята, і на вайну. Там жа віселі гарадзкая сымболіка, партрэты вялікіх князёў і каралёў. У магілёўскай ратушы я знайшоў піўныя куфлі зь гербам Магілёву. Бачыце, у 17 стагодзьдзі ўлады замаўлялі сабе фірмовыя куфлі! Другое, паводле значнасьці, памяшканьне – судовая заля. Там людзі шукалі абароны ад панскага свавольства. Войтаў суд лічыўся самым справядлівым у Вялікім Княстве Літоўскім. А ў падвале ляжалі грошы. Калі людзі гарэлі, прыкладам, ім давалі падтрымку з гэтай казны. Каралі таксама ў ратушы. Асабліва даставалася п’яніцам”.
Ракіцкі: “А ці маглі вольныя месьцічы вольна зайсьці ў ратушу, зьвярнуцца да начальства? Ці трэба было ім праходзіць праз паліцэйскі пост?”
Трусаў: “Якраз яны маглі. І ім гэта падабалася. Такіх выпадкаў, як з магнатамі, не здаралася. Там стаяла варта зь бізунамі, а ў ратушу мог зайсьці кожны грамадзянін у любы момант і па любым пытаньні. Гарадзкая ўлада мела поўную падсправаздачнасьць. Нават фіксавалася, хто, які і за што даваў хабар”.
Ракіцкі: “Ці існавалі нейкія пышныя цырымоніі?”
Трусаў: “Так, і на гэта грошаў не шкадавалі. Асабліва пышна адбываліся гарадзкія сьвяты, прысьвечаныя сьвятым патронам гораду. Дакладны быў улік, якія сродкі патрачаныя, акрамя іншага, на выпіўку і закуску. Магістрат, паўтаруся, быў вельмі дакладным у сваёй справаздачнасьці”.
Ракіцкі: “Ці гучала ў ратушах беларуская мова?”
Трусаў: “Ратуша прынцыпова была прапагандыстам і асяродкам беларушчыны. Спачатку спалянізаваліся магнаты. Гараджане трымаліся беларушчыны да канца. Найболей беларускай была магілёўская ратуша. У 1696 годзе сэйм Вялікага Княства Літоўскага замяніў беларускую мову як дзяржаўную на польскую. А магілёўская ратуша яшчэ дзесяць гадоў трымалася за сваё -- усё справаводзтва вяла па-беларуску аж да 1707 году”.
Ракіцкі: “Ці маглі расейскія ўлады, якія прыйшлі на беларускія землі пры канцы 18 стагодзьдзя, не зьнішчаць ратушы? І што было б, калі яны іх не зьнішчалі, а засяліліся ў іх?”
Трусаў: “Апошняя спроба зрабіць нешта падобнае расейскімі ўладамі ў Беларусі была ў другой палове 19 стагодзьдзя. Пасьля адмены прыгоннага права яны ажыцьцявілі гарадзкую рэформу, вынікам якой сталі гарадзкія думы. Але гэтыя думы зьнішчылі бальшавікі. Нейкія элемэнты самакіраваньня расейскі ўрад даў гараджанам. Яны самі вырашалі, прыкладам, праблемы санітарнага стану гораду. Тады стварыліся земствы. Такім чынам, спробы ўвасобіць у жыцьцё нейкія элемэнты эўрапейскай дэмакратыі расейскія ўлады рабілі на мяжы 19 і 20 стагодзьдзяў. Але затым бальшавікі ўсё гэта задушылі”.
Ракіцкі: “І раптам ці не па ўсёй Беларусі ратушы адбудоўваюцца. Чаму?”
Трусаў: “Таму што мы зноў набылі незалежнасьць. Адбудова ратушаў непазьбежная ў незалежнай дзяржаве з эўрапейскімі традыцыямі. І сучасная Беларусь, хай і ня вельмі шпарка, але адраджае старыя традыцыі. Ужо адноўленая практычна ўся старажытная гарадзкая сымболіка. Тыя гербы, якія былі ў нас у гарадох, зноў афіцыйна зацьверджаныя як гарадзкія. Прыкладам, герб Менску, які бальшавікамі быў забаронены, з выявай панны Марыі з анёламі. Цяпер ён вісіць на гарадзкой ратушы Менску. Аднавіўшы геральдыку, сказаўшы “а”, трэба сказаць і “б” – аднавіць тыя будынкі, дзе яна найперш прысутнічала. Больш за тое – улада разумее, што калі ў цэнтры Менску стаіць ратуша і, прыкладам, прыяжджае француская дэлегацыя, дык яе трэба прыняць у ратушы. Так робіцца апошнія гады, і складваецца ўражаньне, што Менск – гэта эўрапейскі горад”.
Ракіцкі: “Сёньняшняя ўлада падпарадкоўвае сымбалі свабоды сваім задачам. А ці пасяляе аднаўленьне ратушаў надзею беларусаў на будучыя сапраўдныя свабоды?”
Трусаў: “Гэта – двухбаковы працэс. Зьяўленьне адбудаванай ратушы паскарае працэс дэмакратызацыі. І вось цяпер, калі людзі ў Менску бачаць ратушу, дык разумеюць, што добра было б і мэра выбраць у гэту ратушу. І выберуць – раней ці пазьней”.