Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскую ялавічыну асьвяцілі для іранцаў


У гарадзенскім аэрапорце “Абухава” карэспандэнту “Свабоды” паведамілі, што начным рэйсам у Іран быў адпраўлены груз ялавічыны. Перад тым, як забраць яе, на гарадзенскім мясакамбінаце пабываў мула Джафар аль-Хусэйні, які правёў малітву аб ачышчэньні мяса для мусульманскага рынку.


Для гарадзенскага мясакамбінату прапанова пастаўляць ялавічыну ў няблізкі Іран была нечаканай. Выклікала зьдзіўленьне, што яе будуць дастаўляць авіярэйсам. Але аказалася: паліва ў іранцаў таннае, і самалёт яны выкарысталі свой. Прычым гэтая краіна дагэтуль імпартавала мяса ўвогуле з далёкай Лацінскай Амэрыкі.

Мясакамбінат у Горадні наведала цэлая група іранскіх спэцыялістаў. З мулой Джафарам аль-Хусэйні гутарыла ў цэху праз перакладчыка журналістка Іна Максімчык. Яе ўразіла тая акалічнасьць, што ён там з компасам у руках вызначаў, дзе знаходзіцца ўсход. Навошта?

Тушы ўзьнімаюць на канвэер галавой на ўсход, ва ўсякім разе яны вешаюць так, каб туша арыентавалася на ўсход
“Тушы ўзьнімаюць на канвэер галавой на ўсход, ва ўсякім разе яны вешаюць так, каб туша арыентавалася на ўсход. Там стаялі спэцыялісты і ён з гэтым компасам хадзіў, каб у патрэбным накірунку вешалі гэтыя тушы”.

Рэч у тым, што іранцы не ўжываюць сьвініну, толькі ялавічыну. Чаму яны выбралі менавіта гарадзенскі мясакамбінат?

Максімчык: “Яны выбралі яго таму, што тут была рэканструкцыя і яно цяпер адно з самых сучасных прадпрыемстваў, там выконваюцца ўсе патрабаваньні, ёсьць міжнародныя сэртыфікаты. Яны сказалі: нам патрэбны міжнародны стандарт”.

Мы папрасілі пракамэнтаваць падзею аглядальніка тыднёвіка “Белорусы и рынок” Канстанціна Скуратовіча.

З эканамічнага пункту гледжаньня гэта нонсэнс. Няма ў нас магчымасьці, мы б ужо даўно завалілі ўвесь белы сьвет беларускім мясам
“Калі з эканамічнага боку, то я ня ведаю, што тут камэнтаваць. Таму што, калі браць стан нашай жывёлагадоўлі і экспартны патэнцыял перапрацоўчай прамысловасьці, то ён вельмі невысокі. Зразумела, мы зараз можам прадаваць, але ў нас вытворчасьць не такая вялікая, каб гэта рабіць стабільна, з ростам, пастаянна. Таму што ў нас пустыя паліцы застануцца”.

Канстанцін Скуратовіч працягвае:

“А што я бачу? Ну, гэта, мусіць, нейкая палітычная дэманстрацыя, як кажуць габрэі — нешта кашэрнае, зь нечым зьвязанае, самалётамі Іран жа не накорміш, тым больш беларускай ялавічынай. З эканамічнага пункту гледжаньня гэта нонсэнс. Няма ў нас магчымасьці, мы б ужо даўно завалілі ўвесь белы сьвет беларускім мясам, як тыя бразыльцы ці аргентынцы, каб была такая магчымасьць. У нас няма патэнцыялу. А як патлумачыць гэты канкрэтны выпадак, ну я ня ведаю”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG