Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІШС. Дзень у жыцьці БНР



ЛІСТ ДА ЦЁЦІ МАРФЫ, ЯКАЯ ЭМІГРАВАЛА Ў ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ Ў ТЫСЯЧА ДЗЕВЯЦЬСОТ ТРЫЦЦАЦЬ ТРЭЦІМ ГОДЗЕ

Баранавічы, 25 Сакавіка 2008 г.

Даражэнькая Цёця,

Сёньня вырашыла Вам крыху расказаць пра нашае жыцьцё пасьля развалу Савецкага Саюзу. Памятаю, што Вы ня раз пра гэта пыталі, але неяк ішоў час і толькі сёньня, з нагоды конкурсу РАДЫЯ СВАБОДЫ «Дзень у жыцьці БНР», захацелася адказаць на Вашыя пытаньні. Адначасна, пашлю гэты ліст у Радыё СВАБОДУ. А ну-ж. надрукуюць...

Калі Вы выехалі ў Амэрыку у 1933-м годзе, выйшаўшы замуж за Дзядзю Янку, Беларуская Народная Рэспубліка яшчэ была незалежнай, так як і Польшча, Эстонія, Латвія, Літва. Хаця жыцьцё ў вёсках ня было лёгкім, але па крысе рухалася наперад. Карыстаючы з каапэратыўнай сыстэмы, нават сяляне, якія мелі мала зямлі давалі сабе рады, бо каапэратывы скуплівалі іх прадукцыю, і ім даволі добра за яе плацілі. Таксама была магчымасьць наняць у каапэратыве трактар, што дазваляла селяніну самому апрацоўваць каля 20-ці гэктараў зямлі. Наймалі тады дадатковых працоўных толькі перад дажынкамі. Людзі будавалі сабе новыя, большыя і больш мадэрныя хаты. Кругом хатаў звычайна былі сады, а перад хатамі - кветкі. Усё было цудоўна дагледжана, бо-ж. як Вам самым ведама, мы людзі працавітыя і ганарымся сваімі дасягненьнямі.

Калі-б так яно патрывала яшчэ з дзесятак гадоў, Беларусь сапраўды сталася-б заможнай краінай, Людзі нарэшце пачалі-б думаць пра дабрабыт ня толькі свой, але і свайго краю, і я пэўная, што і тут, дзеля нашага пачуцьця адказнасьці і нашай любові да свае зямлі, мы асягнулі-б ня горшы ўзровень жыцьця, як найбагацейшыя краіны Эўропы.

На жаль, пачалася вайна між Савецкім Саюзам і Нямеччынай, што дазволіла Расеі, у 1945-м годзе, захапіць наш край і ўключыць яго у сваю імпэрыю. Пачаўся страшны час для нашага народу. Нішчылі нас фізычна. сьціралі нашую гістарычную памяць, адбіралі пачуцьцё нацыянальнай годнасьці ад нашай моладзі. Але, таму, што наш народ ведаў, што значыць незалежнасьць, дзяржаўнасьць і дэмакратыя, так як і нашыя заходнія суседзі, вельмі хутка адрадзіўся пасьля развалу савецкай імпэрыі .

Цяпер, дарагая Цёценька, можаце сьмела прыяжджаць у Беларускую Народную Рэспубліку, якая ужо далучылася да Эўразьвязу. Нашая сямейная сядзіба была разваленая падчас няволі, але будзеце магчы затрымацца ў мяне. Маю ня надта вялікую але выгадную і прыгожую хату каля Баранавіч. Прыеду Вас спаткаць у Менску. Разам зможам адведаць усе прыгожыя мясьціны Беларусі. Усюды ёсьць утульныя і чысьценькія гатэлі, падобныя да амэрыканскіх што да выгадаў, і да эўрапейскіх што да прыгаства і цудоўнага навакольля. Няволя пакінула па сабе зьнішчаны край. Але за гэтых апошніх сямнаццаць гадоў працавітыя рукі нашых людзей, з дапамогай разважных беларускіх палітыкаў, адрадзілі яго да той ступені, што цяжка ўявіць які страшны пэрыяд ён перажыў у палове ХХ-га веку.

Людзі таксама вяртаюцца да сваіх традыцыйна беларускіх каштоўнасьцяў. Амаль усе зноў размаўляюць цудоўна па беларуску, вельмі хутка забыліся накінутую ім падчас няволі чужую мову. Паўстаюць гістарычныя клюбы, усюды робяцца раскопкі. Публікуюцца масы беларускіх кнігаў, цяпер ніхто ня скажа, што суседняя культура багацейшая, ці лепшая за нашу. Людзі ведаюць пра сотні выдатных людзей, якіх наш край даў чалавецтву на працягу свае гісторыі і ганарацца імі. Безумоўна, як і заўсёды, наш народ вельмі чулы на тое, што «людзі скажуць». На вуліцах Менску менавіта пабачыце шмат болей элегантна апранутых дзяўчат, як у Нью Ёрку.

Калісь, у часы няволі, страціўшы ўсю надзею на лепшую будучыню, нашыя мужчыны былі моцна сьпіліся. Цяпер толькі старэйшыя адчуваюць насьледзтвы тых часоў. Моладзь і людзі ў сярэднім веку абсалютна ня п'юць. Папросту таму, што жыцьцё вартае таго, каб як найдаўжэй пражыць на гэтай зямлі, у сваім цудоўным краю. Да таго, кожны дзень цікавы. Людзі, якія ўжо пасьпелі зьведаць усе прыгожыя мясьціны Беларусі, пачалі езьдзіць па сьвеце і прывозіць з сабою сотні новых ідэяў. А ведама-ж абмены заўсёды вялі да прагрэсу.

Тыя, хто ня любіць езьдзіць, прыпомнілі старыя традыцыі, калі дзяўчаты зьбіраліся каб вышыць народную вопратку, зьвязаць свэтар (цяпер вельмі модныя нарвэскія ўзоры – якія так падобныя да беларускіх), разам пасьпяваць. Вы напэўна памятаеце, Дарагая Цёця, якой багатай ёсьць беларуская народная творчасьць. Вы самі цудоўна вышывалі. Нашае народнае мастацтва пакрысе аджывае, вяртаючы адначасна нашым людзям іхнюю генэтычную памяць.

Між мужчын вялікае зацікаўленьне адбудовай старых цэркваў і сядзібаў, якія былі разбураныя акупантамі. Вяртаюцца, да свае беларускае архітэктуры. Амаль няма страшных гібрыдаў, якія пачалі будаваць адразу пасьля вызваленьня.

Але усё гэта магчымае таму што ў Беларускай Народнай Рэспубліцы гаспадарамі ёсьць беларусы. Працуюць для свайго народу, для сваіх дзетак. Таму паставілі зноў на ногі эканомію, адтварылі каапэратыўнае земляробства, малыя прадпрыемствы ня выконваюць загадаў чужых алігархаў, а робяць тое, што патрэбнае сваім людзям і што можна прадаць суседзям за нармальныя цэны. Турызм ужо пачаў прыносіць сродкі для далейшае перабудовы, кожная вёска мае краму сваіх традыцыйных вырабаў, усюды ўзносяцца ветраныя электрастанцыі. Кожны ўмелец можа атрымаць невялікую пазыку, якая дазволіць яму пачаць нешта сваё.

Людзі не баяцца, што не дадуць сабе рады або што якаясь мясцовая ўлада іх пакрыўдзіць, бо ўсюды ёсьць «амбудсмэны», якіх роляй ёсьць дагледзець, каб ніхто нікога не ашукаў, каб усе мелі аднолькавыя правы перад законам. У Вас там напэўна гэта ўсё ўважаецца нармальным, але тут яшчэ нядаўна трэба было ўсё пачынаць нанава, ад нуля. Бо ўсё здабытае перад акупацыяй было зьнішчана.

Хацелася Вам расказаць пра ўсё гэта, каб заахвоціць Вас вяртацца кожны год прынамсі на канікулы у Беларускую Народную Рэспубліку. Мы ўсе марым, каб зь яе зрабіць сапраўдны рай на зямлі. Яшчэ гэтай мэты поўнасьцю безумоўна не дасягнулі, але я веру, што наступнае пакаленьне ўжо будзе жыць у такой Беларускай дзяржаве, - якой яе ўяўлялі нашыя дзяды 25 Сакавіка 1918 году - вольнай, прыгожай, заможнай і шчасьлівай.

Дык запрашаю Вас на зямлю нашых продкаў! Прыяжджайце разам з усёй Вашай сямейкай. Будзем чакаць.

Вашая пляменьніца Ядвіня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG