Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Чаргінец: “Не хачу сьцьвярджаць, што гэта былі шпіёны”


КДБ Беларусі пацьвярджае інфармацыю пра стварэньне “шпіёнскай сеткі”. У амбасадзе ЗША ў Менску сытуацыю пакуль не камэнтуюць. Раней Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур заявіў у інтэрвію БелаПАН, што амбасада ня мае шпіёнаў, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі. А Курт Фінлі не зьяўляюцца супрацоўнікам ФБР. Гэта супрацоўнік дыпслужбы аховы, якая ёсьць часткай Дзярждэпартамэнту.


Начальнік Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Валеры Надтачаеў сказаў:

“Новых падрабязнасьцяў няма. Учора старшыня камітэту адказаў на пытаньні “Інтэрфаксу”, і мне да гэтага няма чаго дадаць”.

Нагадаем, старшыня КДБ Юры Жадобін паведаміў, што ў справе “амэрыканскіх шпіёнаў” затрыманых няма. Паводле Жадобіна, камітэт “у дадзеным выпадку займаецца прафіляктычнай працай”. І цяпер “праводзіцца праверка, наколькі там былі парушэньні таго ці іншага артыкулу закону”.

Паводле Мікалая Чаргінца, старшыні сталай камісіі міжнародных справаў і нацыянальнай бясьпекі ў Савеце Рэспублікі, кампэтэнтныя органы павінны разабрацца:

“Я не за тое, каб тут рабіць далёкасяжныя высновы. З улікам таго, што ў нас і так напружаныя адносіны з ЗША. Ужо пара крыху, так бы мовіць, глядзець на гэта з боку ЗША больш спакойна і знаходзіць нейкія агульныя пазыцыі. Мы не зацікаўленыя ў тым, каб разрываць стасункі з ЗША, пагаршаць іх. Наадварот, мы зацікаўленыя ў паляпшэньні стасункаў. І не хацелася б, каб гэты выпадак прычыніўся да далейшага пагаршэньня стасункаў”.

На пытаньне, ці былі насамрэч шпіёны і “шпіёнская сетка”, Мікалай Чаргінец адказаў:

“Зьдзіўляе, што афіцэр спэцслужбы ЗША, прадстаўнік амэрыканскіх выведвальных службаў зьбірае грамадзянаў. Усё гэта выглядае ня толькі падазрона, але нават і не зусім этычна — дзейнічаць афіцэру спэцслужбы на тэрыторыі сувэрэннай дзяржавы і даваць нейкія заданьні грамадзянам гэтай краіны, узбройваючы іх пэўнай тэхнікай і прыборамі, нават, можа, з пункту гледжаньня мірнага. Пэўна, трэба было ім дзейнічаць адкрыта, зрабіць адпаведную заяву, што мы хацелі б зрабіць, сьвет папярэдзіць. То бок, зрабілі неразумна. Не хачу я сьцьвярджаць, што былі гэта шпіёны ці вярбоўка шпіёнаў, але дзеяньні не выклікаюць сымпатый”.

Былы супрацоўнік КГБ Сяргей Аніська сказаў:

“Шпіёнскія прафанацыі я нават не хачу камэнтаваць. Мне сорамна, што тая арганізацыя, у якой я працаваў, стала закладніцай палітычнай сытуацыі. І не знайшлося ніводнага мужнага афіцэра-чэкіста, які сказаў бы, што гэтага нельга рабіць”.


У сюжэце, паказаным у праграме “Панарама тыдня” 23 сакавіка, паведамлялася, што “шпіёнская сетка” была арганізаваная амэрыканскай дыпмісіяй у Менску зь 10 беларускіх грамадзянаў. Імі нібыта кіраваў кадравы супрацоўнік ФБР, які працуе ў пасольстве Злучаных Штатаў.

Паведамлялася, што амаль усіх удзельнікаў групы затрымалі яшчэ 13 сакавіка на кватэры за паўкілямэтра ад дыпмісіі ЗША.

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур заявіў у інтэрвію БелаПАН, што амбасада ня мае шпіёнаў, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі.

Паводле спадара Мура, названыя ў сюжэце на БТ супрацоўнікі амбасады Курт Фінлі і Бэрнард Ніксан зьяўляюцца часткай аховы амбасады і кантактавалі зь мясцовай міліцыяй і Міністэрствам унутраных справаў. Паводле спадара Мура, мець такіх супрацоўнікаў у амбасадзе – звычайная практыка.

Бэрнард Ніксан пакінуў Беларусь яшчэ летам 2007 году, а Курт Фінлі выяжджае зь Беларусі да 27 сакавіка разам зь іншымі супрацоўнікамі амбасады.

Джонатан Мур заявіў, што спадары Ніксан і Фінлі не зьяўляюцца супрацоўнікамі ФБР. Гэта супрацоўнікі дыпслужбы аховы, якая ёсьць часткай Дзярждэпартамэнту.

“У ФБР ёсьць супрацоўнікі, якія працуюць за межамі ЗША, іх пасада звычайна называецца юрыдычны аташэ. Аднак у Менску такога супрацоўніка няма. Юрыдычны аташэ ФБР для дадзенага рэгіёну працуе ў Кіеве. Ён наведваў Беларусь, у яго былі тут сустрэчы, у тым ліку і з прадстаўнікамі МУС. Так што беларускія ўлады цудоўна паінфармаваныя пра рэальнае становішча”, – сказаў Джонатан Мур.

Амбасада ЗША прадставіла сьпіс усіх беларускіх грамадзянаў, якія працуюць у дыпмісіі. “Тут ніякага сакрэту і ніякай змовы няма”, – сказаў спадар Мур.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG