“Так, там дастаткова поўна паказана і гэта адпавядае сапраўднасьці. Я пацьвярджаю, што інфармацыя была дакладная, якая паведамлена па БТ. Але ад далейшых камэнтароў устрымаюся”, - заявіў Валеры Надтачаеў.
На пытаньне, што ж гэта за “шпіёнская сетка”, спадар Надтачаеў адказаў, што “там жа сказана, калі вы глядзелі”.
На пытаньне, ці ёсьць затрыманыя, спадар Надтачаеў адказаў:
”Ад далейшых камэнтароў я ўстрымаюся”.
На пытаньне, ці ўзбуджана крымінальная справа спадар Надтачаеў сказаў:
“Па гэтаму пытаньню нічога паведаміць не магу. Гэта ўсё, што я сказаў і больш да гэтага нічога не дадам”.
Беларускае тэлебачаньне ўвечары 23 сакавіка паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася пра выкрыцьцё шпіёнскай сеткі ЗША на тэрыторыі Беларусі.
Паводле журналістаў Беларускага тэлебачаньня, амбасада ЗША нібыта стварыла ў структуры свайго офісу бясьпекі так званую “групу выяўленьня і выкрыцьця”.
Яна складалася з 10 беларускіх грамадзянаў, якія займаліся зборам інфармацыі і перадачай яе амэрыканскаму боку. Ім выдалі адмысловы інвэнтар – фотаапараты, біноклі, відэакамэры і тэлефоны. Паводле БТ, групай кіраваў кадравы супрацоўнік ФБР і адначасова дыплямат амбасады ЗША Курт Фінлі.