На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае палітоляг Віталь Сіліцкі
Цыганкоў: «Падзеі апошніх дзён – шпіёнскі скандал, палова дыпляматаў, супрацоўнікаў амбасады ЗША пакідае Беларусь – ці не гавораць пра тое, што Менск наўмысна ідзе на эскаляцыю дыпляматычнага канфлікту? Калі так, то навошта?”
Сіліцкі: “Эскаляцыя відавочна. Зь іншага боку, у параўнаньні з мінулымі дыпляматычнымі скандаламі (скажам, сумнавядомы “каналізацыйны” скандал у Драздах), дык тут можа беларускі бок нават і стрымліваецца. Напрыклад, папярэджвае амэрыканцаў аб сваіх недружалюбных кроках.
Рэч у тым, што спачатку была такая тактыка на раскол паміж ЗША і Эўразьвязам у беларускім пытаньні. Яна ні да чаго не прывяла – наадварот, уладам трэба баяцца, каб Эўразьвяз не зрабіў ніякія захады ў знак салідарнасьці з ЗША. Цяпер дзеяньні робяцца ў такім рэжыме, што трэба паказаць, што “мы таксама ведаем сабе цану” і “нас так проста ня возьмеш”. Гэта ўжо чыста іміджавыя крокі”.
Цыганкоў: “То бок, нічога такога, што магло б непапраўна пашкодзіць беларуска-амэрыканскія адносіны, пакуль ня зроблена?”
Сіліцкі: “Нічога такога, што было б на парадак больш драматычна ў параўнаньні з мінулымі эпізодамі процістаяньня. Пакуль што нічога непапраўнага я ня бачу”.
Цыганкоў: «21 сакавіка, калі ў Менску быў расейскі прэм’ер-міністар Зубкоў, намесьнік дырэктара Інстытуту краінаў СНД, сябра Рады па нацыянальнай стратэгіі Уладзімер Жарыхін выступіў з крытыкай пазыцыі афіцыйнага Менску ў адносінах з Вашынгтонам. Маўляў, у той час калі Расея спрабуе аслабь напружанасьць з ЗША, Менск імкнецца максымальна абвастрыць адносіны з ЗША. “Гэта глыбока памылковая пазыцыя” – лічыць Жарыхін. Як вам такі паварот расейскай пазыцыі?”
Сіліцкі: “Лукашэнка, на мой погляд, наўмысна ідзе на пэўнае абвастрэньне канфлікту з Амэрыкай. Каб паставіць Расею ў такую сытуацыю, калі тая ня можа адмовіць Беларусі ў лагодных коштах на газ. Бо Лукашэнка – вялікі змагар з Амэрыкай і ў такім выпадку пазыцыя Крамля ўнутры Расеі ўспрымалася б як праамэрыканская”.