Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кааліцыя жыве не палітычнай дзейнасьцю, а – палітычным рэглямэнтам”


За дваццаць дзён да 90-х угодкаў БНР Зьміцер адзначыў сваё 20-годзьдзе. Ён адзін зь лідэраў «Маладога Фронту», агулам адсядзеў больш за 30 сутак у турмах і ізалятарах, у тым ліку і ў камэры-адзіночцы так званай «амэрыканкі». Нядаўна падчас адной з апазыцыйных акцый пасьля паездкі ў Злучаныя Штаты, дзе Зьміцер разам зь некалькімі прадстаўнікамі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў сустракаўся з прэзыдэнтам Джорджам Бушам, яго жорстка зьбілі амапаўцы: у шпіталь маладзён трапіў без прытомнасьці. Сёньня Зьміцер Хведарук гутарыць з журналістам Аляксандрам Уліцёнкам пра ўзаемаадносіны “Маладога Фронту” з Аб’яднанымі дэмсіламі.


Уліцёнак: “Зьміцер, напрыканцы мінулага году вы былі ў складзе дэлегацыі ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі, якая наведала ЗША, дзе мела, у прыватнасьці, сустрэчу са спадаром Бушам. Цікава: зь сямі чалавек трое – маладыя людзі. Гэта што: сплаў маладосьці і сталасьці ці прызнаньне: моладзевае крыло дэмакратычнай апазыцыі пачынае браць верх?”

Хведарук: “Канечне, нельга гаварыць, што мы бярэм верх. Але тое, што маладыя прыходзяць – гэта дакладна. Як і тое, што яны займаюць пазыцыі больш моцныя, чымсьці старэйшыя таварышы. Нават Мілінкевіч адзначыў: каб у той дэлегацыі не было Эніры Браніцкай, Паўла Севярынца, мяне, урэшце, то паездка ня мела б таго посьпеху – можа нават не было б і сустрэчы з прэзыдэнтам Злучаных Штатаў.

Аднак калі зь Лябедзкам яшчэ можна размаўляць, то зь Ляўковічам ці Калякіным агульнай мовы ніяк не знайсьці. Калі ў кааліцыі дыктуюць умовы камуністы, прарасейскія сілы, то ёй немагчыма адбудаваць Беларусь. Гляньце хоць на тое, як рыхтаваўся аргкамітэт да Дня Волі… Нас такія падыходы і такая пазыцыя зусім не задавальняе”.

Уліцёнак: “Канкрэтызуйце, што менавіта не задаволіла?”

Хведарук: “Апатыя да падрыхтоўкі шэсьця, упор выключна на пэрспэктыву. А мы хочам змагацца тут, сёньня і кожны дзень. Сытуацыя з амэрыканскай амбасадаркай, зь незарэгістраванымі арганізацыямі, зь ціскам у палітычных справах сьведчыць пра далейшае закручваньне гаек”.

Уліцёнак: “Ваш разрыў з кааліцыяй АДС – чарговы раскол у апазыцыйным лягеры…”

Хведарук: “А не было аніякага моцнага лягеру: адныя ў ім працавалі, а іншыя ўвесь час бязьдзейнічалі – дык хіба аддзяленьне адных ад другіх раскол? Мы выйшлі з гэтай кааліцыі, каб сапраўды паспрабаваць стварыць здаровыя, моцныя правацэнтрысцкія сілы ў Беларусі”.

Уліцёнак: “А якой вам бачыцца пэрспэктыва той дэмакратычнай кааліцыі, якая засталася бяз вас?”

Хведарук: “Якія могуць быць пэрспэктывы, калі ўвесь час яны мрояць выбарамі? Актыўнымі ж дзеяньнямі там не займаюцца, як і не шукаюць адказаў на набалелыя пытаньні… Грамадзкасьці больш цікавей, як жыве “Малады Фронт”, Мілінкевіч... А тыя, хто засталіся ў нібыта кааліцыі, жывуць не палітычнай актыўнасьцю, але проста нейкім палітычным рэглямэнтам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG