І, як звычайна, пачнем з пазытыву. Час ад часу кіно ўзгадвае пра свае тэатральныя карані. І пачынае рабіць ляканічныя псіхадрамы накшталт міхалкоўскіх «Пяці вечароў» альбо «Дзяўчыны і сьмерці» Рамана Палянскага. Найноўшы экспэрымэнт з пазначанага шэрагу – «Шпег» рэжысэра Кенета Бранага. Клясычная схема: у фальварак славутага бэлетрыста завітаў начны госьць. Ёсьць тэма да размовы: жонка літаратара сышла ад яго к маладому палюбоўніку. І той патрабуе дазволу на развод.
Кіно выглядае даволі простым, але адзінае на першы погляд. Насамрэч гэта рымэйк брытанскага фільма 70-х гадоў, які, у сваю чаргу ёсьць экранізацыяй п’есы вядомага Энтані Шафэра. І калі дадаць, што новую вэрсію старога сцэнару зрабіў ня менш вядомы Гаральд Пінтэр, а выканаўца ролі старога дзядзькі Майкл Кэйн у папярэднім фільме гуляў партыю малодшага з супернікаў, усё пачынае паціху заблытвацца. Тым не менш, «Шпег» варты ўвагі нават тых, хто нічога ня ведае пра ягоную гісторыю. Бо Майкл Кейн і ягоны малодшы партнэр Джуд Лоў ладзяць на дваіх шыкоўны бэнэфіс брытанскай акторскай школы. Лёндан руліць!
Галоўнае адмоўнае ўражаньне - тое, што раней падалося б адкрыцьцём. Чарговая стужка ганконгскага рамантыка Ван Карвая з эфэктнай назвай «Мае чарнічныя ночы». Карвай – майстар візуальных лірычных расьповедаў, паэт начных кнайпаў і бадзяньняў пад дажжом – зрабіў свой першы амэрыканскі фільм. Які жах!
Сюжэт як песьня: дзяўчына шукае сваё чарнічнае шчасьце падчас вандровак ад Нью-Ёрку да Сан-Францыска. У галоўнай ролі - джазавая сьпявачка Нора Джонс. На падтанцоўцы - зноў Джуд Лоу. Плюс дасьведчаныя Рэйчэл Уайз ды Дэвід Стрэйтэрн. Вельмі тэхнічна, вельмі стылёва, вельмі стрымана. Але не кранае. Не тая пайшла чарніца.
А зараз - мой асабісты выбар гэтага тыдня. Чарговае перавыданьне з залатой калекцыі мульцікаў дзядзькі Дыснэя. Нарэшце мы дачакаліся «Катоў-арыстакратаў». Рэжысэр Вольфганг Райтэрман прыклаў руку да «Кнігі джунгляў» і «101 далмацінца». Да яго найвысшіх дасягненьняў належыць таксама й гэтая гісторыя пра суполку парыскіх коцікаў-джазмэнаў.
Вось так і адбываецца звычайны цуд! Амаль сорак гадоў мінула з прэм’ернага паказу - а чапляе, быццам зроблена толькі учора. І менавіта на тваю замову. Кажуць, несур’ёзна любіць Дыснея. Дык зрабіце лепш! А я застануся тут, з франкафоннымі кацянятамі.