12 кастрычніка былога нацбола, а цяпер анархіста Зьмітра Паліенку вызвалілі ў судовай залі адразу пасьля абвяшчэньня прысуду — 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай на 2 гады. Толькі ўчора быў суд над Паліенкам, і судзьдзя Валер Есьман у канцы дня накіраваўся ў закрыты «дарадчы пакой» пісаць пастанову. Але ахоўнікі на «Валадарцы» аднекуль пра вынік ягонай працы ўжо ведалі і папярэдзілі: «Зьбірай рэчы». Чым яшчэ, акрамя гэтай незвычайнай «інфармаванасьці», запомніліся беларускія турмы, запытаў дзеля пачатку карэспандэнт Свабоды ў Зьмітра Паліенкі.
— Увогуле я чакаў, што дадуць сама меней 4 гады. Але рэжыму, відаць, непатрэбныя санкцыі, таму ён імкнецца хутчэй вызваляць тых, каго карае. А сядзелася мне цікава. Катаўся як на арэлях: то турма ў Жодзіне, то «Валадарка», зноў Жодзіна і зноў «Валадарка». Спачатку, як затрымалі, зусім ня думаў, што гэтак надоўга. Максымум чакаў сутак на Акрэсьціна. Але аказалася, што на мяне даўно палююць. Як потым прачытаў у сваёй справе, яшчэ ў сакавіку на мяне сталі рыхтаваць кампрамат. То бок гэта было за 2 месяцы да арышту, калі браў удзел у пікетах каля расейскай амбасады. І вось аказалася, што на мяне ўжо тады рабілі запыты ў МУС Расеі, каб ім адтуль даслалі мой пароль і лагін да маёй старонцы «ЎКантакце».
— А калі ты ўпершыню даведаўся, што цябе абвінавачваюць яшчэ і ў распаўсюдзе парнаграфіі праз інтэрнэт?
— У канцы лета, калі ўжо знаёміўся са справай і чакаў суду. Мяркую, яны проста гэтак хацелі падмацаваць абвінавачаньне ў нападзе на міліцыянта, каб не выглядала гэтак недарэчна, таму і пачалі яшчэ нешта шукаць. Але ў выніку атрымалася вось гэтак — вызвалілі. Але ўсё роўна буду, хутчэй за ўсё, абскарджваць прысуд. Параюся, як гэта зрабіць лепш, і буду абскарджваць.
— Зьміцер, а як да цябе ставіліся ў беларускіх турмах? Як да звычайнага хулігана ці як да палітвязьня?
— Безумоўна, як да палітвязьня. Дарэчы, там шмат хто пра палітвязьняў ведае. Прыкладам, у Жодзінскай турме. Бо там былі тыя, каму даводзілася сядзець у Менску на Акрэсьціна, дзе палітычных трымалі часта. Таму нармальна ставіліся і дапамагалі, чым магчыма. Дарэчы, на «Валадарцы» і ахоўнікі да мяне ставіліся нармальна. Не чакаў. Верагодна, гэта ўжо паўплывала гісторыя з Пцічкіным, які памёр на «Валадарцы». Ведаю, што цяпер ідзе працэс па гэтай справе, там пра гэта ўсе гавораць.
— Ці дамагаліся ад цябе на сьледзтве, каб прызнаў віну?
— Прыходзілі з управы барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і казалі, што адназначна цябе асудзяць, таму лепш прызнавай віну, тады атрымаеш адтэрміноўку і выйдзеш. То бок фактычна яны ўжо ведалі, як яно будзе, і ад мяне ім патрэбна было толькі прызнаньне віны. Я не прызнаў — і вось усё роўна вызвалілі. А каб дамагчыся свайго, папярэджвалі, што дастанецца, пакідаем цябе па камэрах, па ізалятарах. Маўляў, пасядзіш, дык падумаеш, прызнаваць ці не. Гэтак і атрымалася: сапраўды перакідвалі туды-сюды. Этапы — вельмі цяжкая рэч, асабліва першым разам. Заганяюць у «сталыпін», такі адмысловы вагон з жалезнымі клеткамі, і гадзін 4–5 на дарогу.
— Ці адчуваў ты падтрымку з волі?
Самае жахлівае — жыць пры гэтай сыстэме, проста сядзець дома і маўчаць
— О, падтрымка была проста магутная, так. Усім велізарны дзякуй. У прыватнасьці праваабаронцам, Анастасіі Лойцы зь «Вясны», усім яе калегам. Лісты ішлі, акцыі салідарнасьці. Калі ўлетку сядзеў на «Валадарцы» і каля муроў была акцыя, дык нават было чуваць, як крычалі: «Свабоду Паліенку!». Асабіста гэта чуў.
— Ты мог бы параўнаць умовы і рэжым на «Валадарцы» і ў Жодзінскім СІЗА?
— Умовы прыкладна аднолькавыя, але ў Жодзіне больш жорсткі рэжым, больш жорсткае стаўленьне ахоўнікаў. Чытаў у газэце, што ў Жодзінскім СІЗА зноў памёр вязень, але калі там быў, пра гэта ня ведаў і ня чуў. Там такія справы спрабуюць адразу сьцішыць, каб ня ведалі і не гаварылі.
— Дарэчы, а якіх цяпер ты прытрымліваесься палітычных поглядаў? Раней жа быў нацболам, што цяпер?
— Так, раней быў нацболам, цяпер, хутчэй, анархіст. Пасьля падзей на Майдане, ва Ўкраіне, погляды зьмяніліся, сталі больш антыаўтарытарнымі, гэтак можна сказаць. Але бяру ўдзел і ў акцыях дэмакратычнай апазыцыі. Імкнуся ціснуць на гэты рэжым праз такія акцыі.
— Ты ж, пэўна, пераканаўся, што гэты ціск абарочваецца для цябе крымінальным перасьледам, звальненьнем з працы, дадатковымі жыцьцёвымі праблемамі. Не баісься ісьці далей?
— Гэта ня самае жахлівае. Самае жахлівае — жыць пры гэтай сыстэме, проста сядзець дома і маўчаць. Вось гэта больш жахліва.
Пра свае бліжэйшыя жыцьцёвыя пляны Зьміцер Паліенка нічога пэўнага не сказаў. Паводле прысуду яму трэба тэрмінова ўладкавацца на працу і паведаміць пра гэта праваахоўным органам. Таксама ён ня мае права зьяжджаць зь месца жыхарства, не праінфармаваўшы міліцыю.
Аднак гэтыя дэталі прысуду, як і асноўную частку, Паліенка будзе абскарджваць. Таксама Зьміцер Паліенка зьбіраецца абскардзіць судовае рашэньне аб прымусовым лячэньні ад алькагалізму, якое вынес судзьдзя Валер Есьман. Зьміцер Паліенка лічыць, што і тут суд ня меў рацыі.