Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя Рымар: Спадзяюся, больш ніколі ня траплю ў Беларусь


Марыя Рымар
Марыя Рымар

Кастрычніцкі раённы суд Менску прызнаў праваабаронцу з Самары Марыю Рымар вінаватай у заведама лжывым паведамленьні пра небясьпеку ў менскім аэрапорце і прызначыў ёй пакараньне ў выглядзе штрафу на 100 базавых велічынь, або 2100 рублёў.

Марыю Рымар затрымалі 7 ліпеня, у Беларусі яна застанецца пад падпіскай аб нявыезьдзе да 24 кастрычніка, калі вырак уступіць у сілу. Дома ў Расеі яе чакаюць муж і двое малалетніх дзяцей.

Свабода пагутарыла з асуджанай пасьля абвяшчэньня прысуду.

— Ці будзеце абскарджваць вырак?

— Абавязкова. Але мы ня будзем падаваць касацыйную скаргу, адразу зьвернемся ў наглядную інстанцыю — і відаць, што ажно да Вярхоўнага суду.

— Чаму?

— Таму што ў выпадку касацыйнай скаргі не ўступае ў сілу вырак суду і не здымаецца абмежаваньне на выезд у Расею. Да таго ж разгляд касацыйнай скаргі адбываецца на працягу месяца, што для мяне значыць яшчэ як мінімум пяць тыдняў ня мець магчымасьці паехаць дадому ў Самару. Я не магу сабе гэтага дазволіць. Я, вядома, разумею, што такім чынам я страчваю магчымасьць міжнароднага абскарджваньня, таму што ня будзе вычарпана ўнутранае заканадаўства.

— Штраф у 100 базавых велічыняў вы сплаціце цягам 10 дзён?

— Гэта вельмі вялікая сума. Але ў выпадку нявыплаты штрафу я буду знаходзіцца ў базах прыцягнутых да адказнасьці людзей, а гэта пазбаўляе мяне магчымасьці атрымліваць новыя візы і выкарыстоўваць тыя, якія я ўжо маю ў пашпарце. Не магу гэтага сабе дазволіць, таму што мая дзейнасьць як праваабаронцы прадугледжвае замежныя камандзіроўкі.

— Вас затрымалі 7 ліпеня. З гэтага часу вы ня бачыліся з мужам і дзецьмі?

— Не, ужо больш за тры месяцы я іх ня бачыла. Але мяне наведаў брат і сябры з Расеі.

— Калі вы паедзеце дадому, у Самару?

— Я буду мець усе дакумэнты 24 кастрычніка. Адразу пляную ехаць дадому.

— У Беларусь яшчэ прыедзеце?

— Ведаеце, я і першы раз не хацела тут знаходзіцца больш за тры гадзіны трансфэру паміж рэйсамі. Цяпер спадзяюся, што ў мяне ня будзе неабходнасьці прыяжджаць у Беларусь.

— Ваша выснова грунтуецца на блізкім знаёмстве з праваахоўнай сыстэмай Беларусі. Што можаце сказаць пра людзей, пра краіну?

— Я вельмі ўдзячная вельмі вялікай колькасьці беларускіх людзей, якія дапамаглі мне эмацыйна і матэрыяльна. Я атрымала новых сяброў, дах над галавой і ўсе віды дапамогі. Я гэтага не чакала, хоць і ведала, што беларусы вельмі добрыя людзі. Цяпер я пераканалася на ўласным досьведзе. Тым больш мне страшна назіраць, што такі выдатны народ жыве ва ўмовах гета, дакладней, жыве ў гета памерам з краіну. Я пабачыла гэта зблізку, і мне было страшна на гэта глядзець. Бо я ведала, што я калі-небудзь зьеду адсюль, а беларусы застануцца тут.

— Вы мяркуеце, што ў Расеі свабоды больш?

— Паводле большасьці стандартаў Расея адстае ад Беларусі. У нас цяпер тое, што было ў вас 5–7 год таму. Гайкі закручваюцца з рознай хуткасьцю, у вас — хутчэй. Але — так, у Расеі ўсё ідзе ў тым жа кірунку. Ёсьць меркаваньне, што на прыкладзе невялікай кампактнай Беларусі адпрацоўваюцца мэханізмы і рашэньні па закручваньні гаек для таго, каб пасьля рэалізаваць іх у Расеі. Гэта вельмі страшна.

Марыю Рымар затрымалі ў менскім аэрапорце, абвінаваціўшы ў заведама лжывым паведамленьні пра тратыл у багажы. Гэта здарылася 7 ліпеня. Толькі праз 11 дзён Марыю Рымар вызвалілі зь СІЗА, але наклалі на яе абмежаваньні ў перасоўваньні, не дазволіўшы ехаць у Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG