Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У родавым маёнтку Агінскіх распачаўся другі этап рэканструкцыі — ляндшафтны


Парадны ўваход у палац з гадзіньнікам а-ля куранты
Парадны ўваход у палац з гадзіньнікам а-ля куранты

Пазалетась у маёнтку Агінскіх, што ў мястэчку Залесьсе на Смаргоншчыне, да 250-гадовага юбілею славутага гаспадара — кампазытара, дыплямата, паўстанца Міхала Клеафаса —аднавілі палац, адбудавалі страчаныя фрагмэнты сядзібы, абсталявалі музэйную экспазыцыю. Цяпер настала чарга ўпарадкаваць навакольле — старажытны парк і возера, якія таксама лічацца гісторыка-культурнай спадчынай.

Праз асушаны стаў цячэ рэчка Бабрынка
Праз асушаны стаў цячэ рэчка Бабрынка

Паводле кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Краўцова, наконт фінансаваньня гэтых прац дамовіліся з Банкам разьвіцьця. Першымі прыйшлі мэліяратары. Яны ўжо разабралі дамбу і спусьцілі ваду са ставу, будуць цяпер чысьціць дно.

Помнікі не існуюць самі па сабе, гэта вялікая раскоша

Пакуль відовішча навокал ня вельмі прывабнае: зарослае чаротам дно, аголеная выспа, рэшткі мэталічных канструкцый. Тым ня меней, запэўнівае аўтарка праекту рэканструкцыі Людміла Іванова, усё гэта часовыя нязручнасьці. Плянуецца ня толькі адрамантаваць гідратэхнічныя збудаваньні, мэталічны і бэтонныя масткі над дамбамі, а яшчэ ўзнавіць страчаны мост да Лебядзінага астраўка ў цэнтры возера. Дзьве элегантныя дамы, якія па ім шпацыруюць, намаляваныя на вядомай гравюры 1822 году аўтарства Леанарда Ходзькі.

Аголеная Лебядзіная выспа
Аголеная Лебядзіная выспа

З супрацьлеглага боку — невялікая лужына
З супрацьлеглага боку — невялікая лужына

Таксама мяркуецца ўпарадкаваць абодва паркі — ангельскі пэйзажны і рэгулярны францускі. У першым адновяць алею праз сад, дарожкі, малыя архітэктурныя формы, лаўкі і масткі, зробяць клюмбы з кветкамі. Францускі парк быў кампазыцыйна зьвязаны з палацам, яны ўтваралі адзіную візуальную структуру. Такім ён, паводле праекту, зноў паўстане перад наведнікамі — у форме простакутніка з геамэтрычнымі ўзорамі газонаў, кустоў і невысокіх дрэў.

Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі трапіў у Залесьсе як супрацоўнік інстытуту «Белспэцпраектрэстаўрацыя» ў другой палове 1980-х— адразу пасьля таго, як адтуль выселілі дом састарэлых. Рыхтуючы тэрыторыю да раскопак, рэстаўратары з сумам назіралі, у што ператварыўся велічны некалі ансамбль.

Сёньня спадар Харэўскі мае практычныя парады камандзе, якая будзе аднаўляць колішні ляндшафт:

Парэшткі дэмантаванай дамбы
Парэшткі дэмантаванай дамбы

«Безумоўна, я назіраю за лёсам парку, сядзібы раўніва, для мяне гэта ўсё не чужое, бо зьнітавана зь вялікай часткай маёй біяграфіі. Але па выніках таго, што мы ўжо нешта можам бачыць праз 35 гадоў рэстаўрацыі, застаюцца сьветапоглядныя разыходжаньні. Помнікі не існуюць самі па сабе, асабліва палацава-паркавыя ансамблі. Гэта вялікая раскоша. Калісьці ў іх акумуляваліся гіганцкія, амаль неабмежаваныя сродкі тагачасных вяльможаў. І, што важна для разуменьня, там штодня жылі дзясяткі, нават сотні людзей, якія даглядалі і акультурвалі той ляндшафт. На жаль, неразуменьне таго, што такія ансамблі павінны быць жылымі і жывымі, застаецца мэнтальнай праблемай. Дзеля чаго гэты парк? Ня проста раённая ці дваровая пляцоўка для адпачынку — гэта цэлая філязофія!»

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

Сядзіба ў Залесьсі належала Агінскім ад ХVIII стагодзьдзя. Францішак Ксавэры падарыў яе ў 1802 годзе пляменьніку Міхалу Клеафасу. З новым гаспадаром даволі занядбаны драўляны будынак атрымаў абсалютна новае аблічча. Акрамя каменнага палаца зьявіліся каплічка, млын, альтанкі, аранжарэі, зьвярынец, вадаспад, бэльвэдэр, Лебядзіная выспа. Зь цягам часу паставілі валуны ў памяць пра арганізатара паўстаньня Тадэвуша Касьцюшку і гувэрнэра Жана Ралея.

Масток праз абязводжаную дамбу
Масток праз абязводжаную дамбу
Від зь берага на асушаны стаў
Від зь берага на асушаны стаў

У адбудаванай і аздобленай на ўласны густ сядзібе кампазытар разам з жонкай і дзецьмі правёў найбольш плённыя два дзясяткі гадоў жыцьця. Тут былі створаныя самыя вядомыя музычныя творы, уключна з палянэзам ля-мінор («Разьвітаньне з Радзімай»), тут ён пачаў пісаць мэмуары і артыкулы пра музыку. У часы Агінскага ў маёнтак, які ганарова зваўся Паўночнымі Атэнамі, з усёй Эўропы зьяжджаліся навукоўцы, музыкі, літаратары, мастакі.

Паспрабаваць вярнуць атмасфэру духоўнай узьнёсласьці — галоўная задача рэканструктараў, перакананы Сяргей Харэўскі:

«Да Міхала Клеафаса маёнтак належаў ягонаму дзядзьку Францішку, а дагэтуль — яшчэ некалькім пакаленьням Агінскіх. Усе яны былі ўрослыя ў гэтую зямлю, на якой сваім родам жылі 200–300 гадоў. Зьмяняліся пакаленьні, але калі іх продкі праектавалі той жа парк, то ўяўлялі, якім ён будзе праз стагодзьдзі, як ім будуць карыстацца ўнукі, праўнукі. Для іх усё рабілася. Зразумела, што калі саджалі дрэвы, наўрад ці хто мог уявіць будучыню, а садоўнікі цалкам сабе ўяўлялі. Дарэчы, мала зьвяртаюць увагу на асобу флярэнтыйкі Марыі дэ Нэры, жонкі Агінскага. Менавіта ейнай руплівасьцю парк набыў свае рысы. І трэба разумець такія тонкасьці, бо ні паркавы ансамбль, ні сядзіба ня могуць існаваць толькі як дэкарацыя для сэлфі. Усё павінна жыць. Трэба ў цяплярні вырошчваць ананасы, штодня ладзіць мерапрыемствы, далучаць да працы мясцовых людзей».

Указальнікі да млына і Лебядзінай выспы
Указальнікі да млына і Лебядзінай выспы

Інтэграваць мясцовых жыхароў, зьнітаваць з продкамі

На перакананьне суразмоўцы, каб музэйная гаспадарка функцыянавала паўнавартасна, трэба максымальна задзейнічаць жыхароў Залесься. Прынамсі, гэта будзе гістарычнай справядлівасьцю ў дачыненьні да іхных продкаў, якія прычыніліся да будучай славы Паўночных Атэнаў:

«Неабходна як мага больш і шырэй задзейнічаць мясцовых людзей, каб жыхары Залесься пачалі адчуваць пэрсанальную зьнітаванасьць з гэтым месцам. Каб усьвядомілі, што гэта ня проста нейкая забаўка невядома для каго, а гэта іхняе, гэта вынік і плён намаганьняў іхных продкаў, а яны могуць працягнуць тую працу. І тады яны адчуюць уласную спрычыненасьць да працэсу — нарэшце палац і парк прынясуць ім ня толькі прыемнасьць, але і прыбытак. То бок рэальную карысьць ад таго, чым яны займаюцца. Бо трэба любіць тое, што робіш, і тады будзеш рабіць тое, што любіш».

Від на палац з боку млына
Від на палац з боку млына

Пакуль ішло аднаўленьне сядзібы ў Залесьсі, знаўцы рэстаўрацыйнай галіны выказвалі нямала крытыкі — не падабаліся ім і мэтады працы няпрофільных арганізацый, і празьмернае захапленьне сучаснымі матэрыяламі, і неаўтэнтычныя прапорцыі навабудаў.

Аўтарытэтны гарадзенскі дасьледчык, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч у свой час таксама працаваў на археалягічных раскопках у Залесьсі. Некаторыя рэчы выклікаюць у адмыслоўца расчараваньне. Але як тады захаваць залатую сярэдзіну? Прымаць вынікі працы як ёсьць — маўляў, лепш навабуд, чым руіна, — ці проста кансэрваваць аб’ект у тым стане, у якім ён дайшоў да нас?

Дамінанта навабуду цяплярні
Дамінанта навабуду цяплярні
Местачковы мадэрнізм на месцы францускага парку
Местачковы мадэрнізм на месцы францускага парку

«Перадусім трэба рабіць якасна, як ва ўсім сьвеце. А ў нас рэстаўрацыя замяняецца навабудамі. Так, будаўнічым арганізацыям прасьцей зьнесьці напаўразбураны аб’ект і паставіць новы макет з бэтону. Так рабілася ў Нясьвіжы, так рабілася ў Міры, так робіцца ўсюды. Навуковая рэстаўрацыя фактычна зьнішчаная, няма прафэсійных кадраў. Калі ёй займаецца прадпрыемства імя 50-годзьдзя „Великого октября“, якое зь лёгкасьцю бярэцца што за палацы, што за офісы, то гэткая ўнівэрсальнасьць падазроная. Ідзе паніжэньне інтэлектуальнага ўзроўню ў параўнаньні нават з савецкім часам. Тады ўсё ж была нейкая сыстэма, людзі мелі адукацыю, можна было пераканаць. Сёньня паглядзець на тых начальнікаў — тупы і яшчэ тупейшы, іх адбіраюць паводле прынцыпу адданасьці. Няма ніякага паняцьця, што такое аўтэнтычны аб’ект. Хамства кіруе краінай, ва ўсіх сэнсах і ўсюды».

Адноўлены млын паступова разбураецца
Адноўлены млын паступова разбураецца
Капліца, уратаваная дзякуючы вернікам
Капліца, уратаваная дзякуючы вернікам

За дзьве сотні гадоў пасьля ад’езду Міхала Клеафаса Агінскага ў Італію ягоны палац у Залесьсі перажыў этапы, характэрныя для многіх славутых мясьцін — ад велічы да заняпаду. Даліся ў знакі дзьве ўсясьветныя вайны. Пасьля таго як у 1939-м з палаца выселілі апошніх гаспадароў, паноў Жаброўскіх, у пакоях кватаравалі коні і калгасная тэхніка, потым тут быў прафілякторый і дом састарэлых. Спробы пачаць аднаўленьне на пачатку 1990-х плёну ня мелі: грошай хапіла на муляжы млына і альтанкі, а фасад узялі ў рыштаваньні.

Будынак стайні, узьведзены ў пазьнейшы час
Будынак стайні, узьведзены ў пазьнейшы час

Як кажа Алесь Краўцэвіч, цяпер ужо цяжка адрозьніць, дзе аўтэнтычнае, а дзе падробка. Той жа млын чвэрць стагодзьдзя таму ўзьвялі з нуля, паставіўшы яго на старыя падмуркі. Але цяпер ён сам выглядае як аб’ект XVIII стагодзьдзя — бурацца і распаўзаюцца сьцены, тырчыць сылікатная цэгла. Такім чынам, пакуль аднаўлялі, асобныя аб’екты зноў ператварыліся ў руіну.

Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

У канцы 2000-х актывізаваць аднаўленчыя работы на залескай сядзібе прымусіў 250-гадовы юбілей Міхала Клеафаса Агінскага, празь які UNESCO абвясьціла 2015-ы годам гэтай выдатнай асобы. Тэрміны здачы ня раз пераносіліся, пэрманэнтныя крызісы зьядалі выдзеленыя сродкі. Да юбілею аўральную рэканструкцыю ўсё ж завяршылі, за выключэньнем навакольных пабудоў, парку і возера.

Тым часам з палацавай вежы сядзібы кожную гадзіну разносіцца бой, стылізаваны пад пералівы крамлёўскіх курантаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG